• Кадафі палохае Эўропу замахамі “пакутнікаў”
  • 09.07.2011

Муамар Кадафі пагражае, што накіруе ў Эўропу сотні баявікоў для арганізацыі тэрактаў. “Сотні лібійцаў стануць у Эўропе пакутнікамі” – заявіў у пятніцу лібійскі дыктатар і дадаў, што дае эўрапейцам апошні шанец, каб адумацца.

Кадафі выступіў учора перад 50 тысячамі жыхароў гораду Сабха ў васьмістах кілямэтрах ад Трыпалі. Ён заявіў, што NATO будзе шкадаваць, калі вайна перанясецца ў Эўропу, і дадаў, што Канарскія астравы, Сіцылія й іншыя міжземнаморскія выспы, а таксама паўднёвагішпанская Андалюзія былі арабскімі краінамі, і што неабходна іх вызваліць.

Паводле дыктатара, каляніяльныя імпэрыі хочуць кантраляваць лібійскую нафту, таму яны й напалі на Лібію. “ У нас няма выбару, - працягваў Кадафі, - як толькі супрацьстаяць ім і замагацца да канца”.

дг