• У Пэру загінулі польскія турысты
  • 09.07.2011

Двое польскіх турыстаў, якія некалькі дзён таму згубіліся ў пэруанскай Амазоніі, забітыя. Як паведаміла МЗС Польшчы, муж і жонка сталі ахвярамі мясцовых індзейцаў.

Апошняе паведамленьне з падарожжа ў Лацінскую Амэрыку Яраслаў Францкевіч і Цэліна Мруз даслалі ў Польшчу 26 траўня. Вядома, што яны рыхтаваліся перайсьці раку Укаялі (прыток Амазонкі). Сваю вандроўку яны падрабязна апісвалі на блёгу. Напрыканцы чэрвеня Францкевіч і Мруз плянавалі вянуцца на радзіму.

Аднак кантакт зь імі абарваўся. Сваякі Яраслава й Цэліны паведамілі пра зьнікненьне польскаму МЗС. Была арганізаваная экспэдыцыя па пошуку палякаў.

Паводле інфарматара радыё TOK FM, Францкевіча й Мруз схапіла мясцовая група індзейцаў. Іх маглі прыняць за тэрарыстаў групоўкі «Сьветлы шлях», якія неаднаразова выкрадалі індзейцаў. Целы палякаў індзейцы выкінулі ў раку.

Яраслаў Францкевіч і Цэліна Мруз былі дасьведчанымі байдарачнікамі. За апошнія 20 гадоў яны наведалі Канаду, Гішпанію, Індыю, Партугалію й Турцыю.

дг