Міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі прыбыў сёньня з афіцыйным візытам у Індыю. Падчас двухдзённага знаходжаньня ў Дэлі Сікорскі сустрэнецца зь міністрам замежных справаў Індыі Саманахалінам Крышнам, а таксама міністрам гандлю Анандам Шармам.
На перамовах зь індыйскімі чыноўнікамі Сікорскі будзе прадстаўляць ня толькі Польшчу. Перамовы будуць датычыць адносін Індыі з Эўразьвязам. Візыт Сікорскага ўзгоднены зь Вярхоўным прадстаўніком ЭЗ па замежнай палітыцы Кэтрын Эштан.
Перамовы будуць датычыць пагадненьня пра свабодны гандаль паміж Індыяй і ЭЗ. Паводле польскіх дадзеных, гандлёвы абарот паміж краінамі склаў летась 1 мільярд 311 мільёнаў даляраў.
Польшча купіла ў Індыі тавараў на суму 977 мільёнаў, а польскі экспарт у гэтую краіну склаў 334 мільёны. Польшча, дарэчы, зьяўляецца галоўным гандлёвым партнэрам Індыі ў Цэнтральнай Эўропе.
Радаслаў Сікорскі прыме ўдзел у Польска-індыйскім эканамічным форуме, а таксама сустрэнецца з прадстаўнікамі Індыйскай рады па справах сусьветных праблем.
дг