• Памёр кардынал Казімір Сьвёнтэк
  • 21.07.2011

У чацьвер, 21 ліпеня а 9 гадзіне раніцы адышоў у вечнасьць кардынал Казімір Сьвёнтэк. Яму было 96 гадоў.

Кардынал Сьвёнтэк перанёс траўму шыйкі бядра й знаходзіўся ў пінскім шпіталі з 10 сакавіка. Пахаваньне сьвятара адбудзецца 25 ліпеня ў пінскай катэдры. Цырымонія распачнецца а 12.00. Вернікі Менску змогуць разьвітацца з кардыналам ў суботу, 23 ліпеня а 13-й гадзіне – перадае партал www.catholic.by.

Зь імем кардынала Сьвёнтэка зьвязана адраджэньне каталіцкай царквы ў Беларусі. Ён быў першым Мітрапалітам новастворанай Менска-Магілёўскай Мітраполіі й Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі. Казімір Сьвёнтэк стаў першым беларускім кардыналам з 1798 году.

Нарадзіўся сьвятар ў 1914 г. у Эстоніі. Калі яму было 3 гады, яго сям’ю саслалі ў Сібір. У 1939 годзе Казімір Сьвёнтэк скончыў пінскую духоўную сэмінарыю ды стаў сьвятаром у Пружанах. Савецкія ўлады арыштавалі ксяндза й прысудзілі яго да расстрэлу. Толькі вайна, якая распачалася ў 1941 г., перашкодзіла выканаць прысуд. Аднак у 1944 г. малады сьвятар зноў быў арыштаваны й асуджаны на 10 гадоў лягераў ў Варкуце.

Выйшаўшы на волю, Казімір Сьвёнтэк вярнуўся ў Пінск, дзе доўгія гады працягваў сваё служэньне ў імя адраджэньня хрысьціянства ў Беларусі.

ап/www.catholic.by