Замежныя экспэрты й эканамісты, як расейскія так і заходнія, кажуць пра тое, што Беларусі дзеля выхаду з крызысу трэба правесьці шырокамаштабную прыватызацыю дзяржаўных актываў. Аднак беларускія ўлады адпалохваюць магчымых інвэстараў завышанымі коштамі. Напрыклад, беларускі бок ацаніў вартасьць Беларуськалія ў 30 мільярдаў даляраў. Размовы пра прыватызацыю гэтага прадпрыемства адразу сьціхлі. Падобная сытуацыя назіраецца цяпер з прадажам беларускай долі ў сумесным прадпрыемстве сотавай сувязі “МТС”. Менск хоча атрымаць за гэта адзін мільярд, расейскія інвэстары прапануюць суму напалову ніжэйшую. На думку незалежнага эканаміста Яраслава Раманчука, складваецца ўражаньне, што беларускі ўрад насамрэч ня хоча ніякай прыватызацыі.
Яраслаў Раманчук: Калі чалавек ня хоча прадаваць, ён стасуе такую тактыку: “Я прадаў бы, але дайце мне за гэта, і называе ў пяць-дзесяць разоў вышэйшую цану. Гэта сьведчыць пра тое, што насамрэч чалавек ня хоча прадаваць, альбо цягне час, альбо хоча падзяліць маёмасьць сярод сваіх. Беларускія ўлады захоўваюцца менавіта так. Бо вырашыць цану лепш на аўкцыёне, альбо зрабіць міжнародную ацэнку, ці зрабіць натаваньні на фондавай біржы.
Завышанасьць кошту актываў называюць сур’ёзнай перашкодай для прыватызацыі таксама заходнія экспэрты. Пра гэта заявіў нядаўна Робэрт Кіхнэр, экспэрт Нямецкай эканамічнай групы ў Беларусі. Што цікава, супраць прыватызацыі выступаюць дырэктары прадпрыемстваў ды міністэрскія чыноўнікі. Пра гэта паведаміў старшыня Дзяржкамітэту па маёмасьці ў Беларусі Гяоргі Кузьняцоў.
юл