Дакладчык Парламенцкай Асамблеі Рады Эўропы па Беларусі Андрэс Херкель асудзіў прывядзеньне ў выкананьне двух сьмяротных прысудаў у краіне. У сваёй заяве ён чарговы раз нагадаў пра пазыцыю Асамблеі супраць сьмяротнай кары пры любых акалічнасьцях, паведамляе прэс-служба ПАРЭ.
"Зь вялікім шкадаваньнем я даведаўся аб праведзеных пакараньнях сьмерцю ў Беларусі — краіне, якую я хацеў бы наблізіць да сям'і Рады Эўропы ", — сказаў Херкель. "Беларускія ўлады павінны спыніць прымяненьне сьмяротнай кары для ўсіх злачынстваў і неадкладна ўвесьці мараторый, каб выратаваць жыцьці тых, хто чакае выкананьня прысуду", — падкрэсьліў ён.
Херкель назваў недапушчальным той факт, што сваякам зьняволеных не паведамляюць пра дату пакараньня сьмерцю.
Прэс-служба ПАРЭ нагадвае, што ўмовай для вяртаньня беларускаму парлямэнту статусу спэцыяльнага запрошанага зьяўляецца адмена сьмяротнай кары або ўвядзеньне мараторыя на яе прымяненьне.
кр/БелаПАН