• Ахвярамі тэрактаў у Нарвэгіі сталі больш за 90 чалавек
  • 23.07.2011

Прэм’ер-міністар Нарвэгіі назваў учoрашнія тэракты у Осла й  непадалёкай выспе нацыянальнай трагедыяй. Падчас сёньняшняй прэс-канфэрэнцыі Енс Столтэнбэрг заявіў, што „ад часу Другой сусьветнай вайны дзяржавы не закранула трагедыя такога маштабу”.

Свае спачуваньні ўладам Нарвэгіі накіравалі прадстаўнікі Эўразьвязу, NATO ды розных краінаў сьвету.

Нагадваем, паводле апошніх зьвестак, ахвярамі 32-гадовага нарвежца, які ў пятніцу адкрыў стральбу ў моладзевым лягеры кіруючай Працоўнай партыі на выспе непадалёк ад Осла сталі больш за 90 чалавек. Як перадае агенцтва Reuters са спасылкай на паліцыю, дзясяткі чалавек атрымалі раненьні.

Раней у той жа дзень адбыўся выбух каля комплексу ўрадавых будынкаў у цэнтры нарвэжскай сталіцы, дзе разьмяшчаюцца канцылярыя прэм'ер-міністра, а таксама міністэрствы энэргетыкі, прамысловасьці й юстыцыі. Паводле паліцыі, загінулі 7 чалавек, больш за 19 былі параненыя.

У абодвух тэрактах мясцовая паліцыя абвінавачвае грамадзяніна Нарвэгіі, 32-гадовага Андэрша Бэрынга Брэйвіка. Паліцыя ўжо правяла першы допыт і ператрус у ягонай кватэры.

Паводле дадзеных мясцовых СМІ, Брэйвік зьвязаны з ультраправымі арганізацыямі. Ён валодае таксама дзьвюма зарэгістраванымі адзінкамі агнястрэльнай зброі.

аз