• ЭЗ павялічвае дапамогу для краінаў Самалійскай паўвыспы
  • 23.07.2011

Эўрапейская камісія павялічыла дапамогу для галадаючых краінаў Самалійскай паўвыспы.

Эўракамісар па міжнародным супрацоўніцтве й гуманітарнай дапамозе Крысталіна Георгіева, якая наведвае Кэнію паведаміла, што Брусэль прызначыў на дамамогу краінам згаданага рэгіёну амаль 28 мільёнаў эўра ды арганізоўвае чарговы транш падтрымкі.

Эўрапейскага камісара падчас паездкі па Кэніі суправаджае віцэ-міністар замежных справаў Польшчы Кшыштаф Станоўскі – зьвязана гэта са старшынствам Польшчы ў ЭЗ.

На Ўсходнюю Афрыку абрынулася беспрэцэдэнтнае стыхійнае бедства. Найбуйнейшая за апошнія некалькі дзясяткаў гадоў засуха закранула Самалі, Кэнію, Эфіёпію й Джыбуці.

Крысталіна Георгіева паведаміла, што ў сувязі з трагічнай сытуацыяй у згаданым рэгіёне, ЭЗ неўзабаве выдзяліць чарговыя 60 мільёнаў эўра на дапамогу. Гэта павялічыць агульную падтрымку эўрапейскай супольнасьці для афрыканскіх краінаў да 158 мільёнаў эўра.

Тым часам, ААН на 158 мільёнаў эўра ацэньвае патрэбы адных толькі галадаючых краінаў Усходняй Афрыкі.

аз