• Чарговае “Басовішча” за намі (фота)
  • Audio2.67 MB
  • 24.07.2011

У мястэчку Гарадок на Беласточчыне сёньня завершыўся легендарны фэстываль музыкі маладой Беларусі “Басовішча”. Пераможцам сёлетняга конкурсу стаў менскі гурт “Yellow Power”, які ў якасьці ўзнагароды атрымаў грашовую прэмію ад Польскага радыё для замежжа.

Каманду “Yellow Power” журы выбрала сярод шасьці гуртоў. Арбітрамі былі, між іншым, беларускі музычны крытык і журналіст Тацьцяна Заміроўская ды музычны журналіст Польскага радыё Міхал Аўчарэк. Прычым, як сказалі нам чальцы журы, зрабіць выбар было нялёгка, і пераможцу ўдалося вылучыць за пасярэдніцтвам тайнага галасаваньня.

Як ужо паведамлялася, спонсарам грашовай прэміі зьяўляецца наш канал – Польскае радыё для замежжа. Прычым гэта адзіная ўзнагарода на сёлетнім “Басовішчы”.
Лідар гурту “Yellow Power” Дзяніс сказаў нам, што яны не спадзяваліся перамагчы на фэстывалю, і падкрэсьліў, што яшчэ не сказалі апошняе слова ў сваёй творчасьці.

Дзяніс, гурт Yellow Power: “Басовішча” – гэта наш чацьвёрты выступ. Мы шмат рэпетыравалі, сядзелі, так бы мовіць, у сваёй кухні й адносна нядаўна пачалі паказваць тое, што ў нас ёсьць. Мы не паказалі на сцэне ўсяго, што ўмеем, бо, на жаль, не атрымалася прывезьці нашага бубнача Дзяніса. Былі пэўныя праблемы зь візай... Перадаю яму прывітаньне, бо ведаю, што ён зараз нас слухае. Перамога была нечаканай, пакуль цяжка акрэсьліць, што я адвучваю... Трошкі нязвыкла, але радасна.

Урочышча “Борык”, дзе прайшоў вядомы музычны форум, прыцягвае ня толькі прыхільнікаў музыкі: маладыя людзі ў вялікай ступені прыяжджаюць сюды дзеля атмасфэры. Парадокс лёсу: менавіта тут, у дзесяці кілямэтрах ад мяжы зь Беларусьсю, яны могуць адчуць сябе свабоднымі й быць аўтэнтычнымі ў іншай краіне, бо ў сябе на Радзіме гэта не вітаецца – і пра гэта нам казалі самі ўдзельнікі музычнага форуму. Цяжка ўявіць, што ў сёньняшняй Беларусі са сцэны маглі б гучаць вольнадумныя тэксты, а над публікай лунаць бел-чырвона-белыя сьцягі.

Парадаксальна таксама тое, што “Басовішча” арганізоўваюць маладыя беларусы, прадстаўнікі нацыянальнай меншасьці ў Польшчы. І дзякуючы ім іх суайчыньнікі з этнічнай Бацькаўшчыны могуць атрымліваць асалоду ад музыкі айчынных выканаўцаў, але не на Радзіме, а ў “эміграцыі”. Здавалася б, што рухавіком нацыянальнага адраджэньня для польскіх беларусаў павінна быць этнічная радзіма, а атрымліваецца наадварот...

Зрэшты, можа й таму “Басовішча” ня страціла свайго іміджу й значэньня. Нягледзячы на галасы крытыкі, якія зьяўляюцца час ад часу, фэстываль захаваў свой калярыт, прыцягальны характар ды рэнамэ. Кожны год арганізатары – Беларускае аб’яднаньне студэнтаў зь Беластоку – уводзяць новыя элемэнты на мерапрыемстве. Напрыклад, сёлета адбыліся майстар-клясы трафарэтаў ды паказы беларускага кіно. 

Дзьмітры Гурневіч, Валера Саўко – урочышча “Борык”, “Басовішча-2011”.
 

 

 

 

 

 

 

На фота: выступае “Yellow Power”