• Менчукі разьвіталіся з кардыналам Сьвёнткам
  • 24.07.2011

Некалькі тысячаў чалавек наведалі ўчора менскі архікатэдральны сабор Найсьвяцейшай Панны Марыі, каб разьвітацца з кардыналам Казімірам Сьвёнткам.

Нагадваем, ерарх беларускага каталіцкага касьцёла памёр 21 ліпеня на 97-м годзе жыцьця ў пінскай бальніцы пасля працяглай хваробы.

Менска-магілёўскі мітрапаліт, архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч назваў вячэрнюю імшу ў архікатэдры апошнім прыпынкам памерлага кардынала Казіміра Сьвёнтка ў беларускай сталіцы.

З 12 гадзін цела кардынала знаходзілася ў храме. Ушанаваць памяць ерарха прыбылі тысячы вернікаў, сьвятары й з усёй Беларусі, Летувы й Польшчы, прадстаўнікі Беларускай праваслаўнай царквы і ўлад Беларусі, дыпламаты.

Сярод чыноўнікаў, якія прыйшлі на цырымонію разьвітаньня, былі першы намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандр Радзькоў, старшыня Менгарвыканкама Мікалай Ладуцька, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Леанід Гуляка.

Напрыканцы літургіі мітрапаліт Кандрусевіч падзякаваў усім, хто на працягу дня наведаў храм і маліўся ля труны памерлага кардынала. „Вялікая колькасьць людзей — знак любові да гэтага чалавека”, — сьцвердзіў Тадэвуш Кандрусевіч.

Catholic.by/аз