Прэзыдэнт Браніслаў Камароўскі знаходзіцца з афіцыйным візытам у Баку. Гэтая навіна знаходзіцца на першым месцы ў выпускаў азэрбайджанскіх навін.
Мясцовыя журналісты падкрэсьліваюць, што значная частка размовы “адзін на адзін” прэзыдэнтаў Польшчы й Азэрбайджану датычылася супрацоўніцтва Баку з Эўрапейскім Зьвязам. Прэзыдэнт Ільхам Аліеў выказаў надзею, што добрыя кантакты з Польшчай стануцца для ягонай дзяржавы „дзьвярыма ў ЭЗ”.
Азэрскае прэс-агенцтва „АзэрТадж” паведамляе аб мэмарандумах і дамовах, падпісаных у прысутнасьці прэзыдэнтаў. Гэта, між іншым, мэмарандум аб супрацоўніцтве ведамстваў сельскай гаспадаркі ў галіне вэтэрынарыі, пагадненьне аб супрацоўніцтве ў гадах 2011-2013, падпісанае прадстаўнікамі міністэрстваў культуры ды пагадненьне аб адмене ў двухбаковым парадку візавага рэжыму для дыпляматаў.
Баку зьяўляецца першым этапам візыту Браніслава Камароўскага ў краіны Паўднёвага Каўказу. Паездка працягнецца цэлы тыдзень і ахоплівае акрамя Азэрбайджану, таксама Армэнію й Грузію.
яс