• Пачаўся суд над Брэйвікам
  • 25.07.2011

У Осла пачаўся судовы працэс над Андэрсам Брэйвікам. 32-гадовы нарвэг адказвае за тэракты ў сталіцы краіны ды на высьпе Ўтоя.

Андэрс Брэйвік падчас допыту прызнаўся ў арганізацыі й зьдзяйсьненьні тэракту. Ён сказаў, што яго дзеяньні былі „жорсткія, але неабходныя”.

Брэйвік жадаў выступіць перад судом у паліцэйскай форме і патрабаваў, каб на ягоным працэсе прысутнічалі СМІ. Аднак суд гэтага не дазволіў. 

Нарвэскі экспэрт па пытаньнях тэрарызму Андэрс Ромаргайм патлумачыў, што Брэйвік зацікаўлены магчымасьцю пашырэньня сваіх поглядаў праз СМІ. Публічны працэс зьяўляецца дасканалай нагодай для гэтага.

Раней у маніфэсьце, зьмешчаным у інтэрнэце, Брэйвік заклікаў да барацьбы супраць ісляму, супраць арганізацыяў левага накірунку й шматкультурнасьці. Стала вядома таксама, што за апошнія гады ён кантактаваў з нэанацысцкімі арганізацыямі.

Брэйвік заявіў, што ён дзейнічаў адзін. За ўчынак, які ён зьдзейсьніў у пятніцу, яму пагражае да 21 году пазбаўленьня волі.  На дадзены момант вядома пра 93 сьмяротныя ахвяры тэракту Брэйвіка.

яс