• Беларуская культура захапіла палякаў
  • 21.11.2005
У Варшаве прайшлі два беларускія мерапрыемствы. Пачаткова ў Катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту адбыўся канцэрт фальклёрнага гурта Неруш, а потым Амбасада Рэспублікі Беларусь у РП і Польская асацыяцыя праўнай адукацыі запрасілі на беларускую вечарыну ў Адyкацыйна-культурны цэнтар "Łowicka".

А 18.00 гадзіне ў Цэнтры "Łowicka" сустрэлася шмат людзей, каб пазнаёміцца з вэрнісажам мастака Сяргея Давідовіча-Зосіна, паглядзець мастацкі фільм „Сьвежына з салютам” на падставе сцэнара С.Давідовіча-Зосіна ды паслухаць фальклёрныя песьні ў выкананьні гурта Неруш.

Прысутных віталі супрацоўнікі Цэнтра "Łowicka", амбасадар РБ у Польшчы Павал Латушка і райца амбасады Тадэвуш Стружэцкі.

У добры настрой гледачоў увялі сьпевакі гурта Неруш цудоўнымі галасамі, харэаграфічнымі фігурамі ды ўменьнем устанавіць сувязь з заляй. Гэты гурт узьнік у 1980 годзе ў БДУ. Дырэктарам ад самага пачатку зьяўляецца Валянціна Гладкая. У часе сваёй 20-гадовай гісторыі гурт прымаў удзел у многіх міжнародных конкурсах этнічнай музыкі (м.ін. у Аўстрыі, Нарвэгіі, Галяндыі, Францыі, Японіі). Сябры гурта самастойна сабіраюць фальклёрны матэрыял, які потым прэзэнтуюць у амаль някранутай форме – згэтуль назоў гурта Неруш. Артысты выступаюць у 5 відах народных строяў, якія адпавядаюць розным гістарычным і этналягічным пэрыядам у гісторыі Беларусі.

У тракце вечарыны можна было пазнаёміцца з творчасьцю Сяргея Давідовіча-Зосіна. Гэты паэт і празаік стараецца знайсьці адказ на пытаньні: кім зьяўляемся? дзе нашы карані? і якая мэта нашага існаваньня на зямлі? Цікавіць яго рэлігійна-філязафічны аспэкт гэтых пытаньняў. У ягонай творчасьці адлюстроўваецца таталітарная гісторыя СССР і „вечны боль”, якім зьяўляецца Чарнобыль. Аднак дамінуючы матыў – гэта беларуская вёска і сувязь чалавека зь зямлёю. Характэрнай рысай творчай манеры мастака зьяўляецца спалучэньне ў адну цэласьць трагічнага й гумарыстычнага ў чалавечым існаваньні.

Прыкладам гумарыстычнага падыходу да жыцьця зьяўляецца ягоны сцэнар да фільму „Сьвежына з салютам”, які абапіраецца на замалёўках з жыцьця, з фрагмэнтамі якога пазнаёміліся ўдзельнікі беларускай вечарыны, сарганізаванай у Цэнтры "Łowicka".

Удзельнікі імпрэзы, уражаныя высокім майстэрствам беларускіх артыстаў, падкрэсьлівалі, што зь нецярплівасьцю будуць чакаць на наступныя беларускія мерапрыемствы.

Ніна Баршчэўская