• У Менску памерла найстарэйшая жыхарка плянэты
  • 27.02.2007

 

Спрэчкі пра найстарэйшага жыхара ці жыхарку плянэты йдуць увесь час. У Кнізе Гінэса, напрыклад, зафіксавана, што цяпер самай старой ёсьць 114-гадовая японка. Ганна Адамаўна Барысевіч такі не патрапіла ў Кнігу рэкордаў. Як зрэшты й іншая беларуская бабуля, якая сканала колькі гадоў таму ва ўзросьце 124 гадоў.

Уся справа ў тым, што складальнікі Кнігі Гінэса не давяраюць дакумэнтам, выдадзеным на тэрыторыі былога СССР. Кажуць, тут, маўляў, шмат прыпісвалі, таму лічбам веры няма. Нам жа ня верыць сваім людзям няма падставы.

Ганна Барысевіч нарадзілася ў 1888 годзе. Якубу Коласу й Янку Купалу тады было па шэсьць гадочкаў – будучыя песьняры, відаць, толькі засвойвалі ўсе таямніцы роднай мовы. А вось ані Гітлера, ані Чарлі Чапліна тады на сьвеце яшчэ не было– яны нарадзіліся на год пазьней.

Усё жыцьцё Ганна Адамаўна працавала, вяла гаспадарку – ажно да 100 гадоў. Жыла ў вёсачцы ў Чэрвеньскім раёне, пасьля дачка забрала да сябе ў Менск. Калі здарыўся Чарнобыль, Ганьне Барысевіч было 102 гады.

Месяц таму, адказваючы на пытаньні журналістаў пра сакрэт доўгажыхарства, Ганна Адамаўна прызналася: “А я нічога не бяру да галавы. Плахога ў мяне нічога не было, толькі харошае”.

Сканала Ганна Барысевіч у пятніцу, 23 лютага. У яе засталося трое дзяцей, 13 унукаў, 4 праўнукі і 4 прапраўнукі.

Сёньня ў Беларусі жыве 748 чалавек, якім ужо споўнілася 100 гадоў. Зь іх 655 жанчын і толькі 93 мужчыны.

Але ніхто пакуль і блізка ня можа падабрацца да рэкорду Ганны Адамаўны. Зямля ёй пухам.

Арцём Багданаў, Менск