• Беларуская мова ў Польшчы – 5
  • 28.04.2004
Больш за 90% настаўнікаў беларускай мовы на Падляшшы мае вышэйшую адукацыю. Зьяўляюцца яны ў асноўным выпускнікамі беларускіх філялёгіяў. Невялікая колькасьць настаўнікаў, якія працавалі ў школах з дадатковым навучаньнем беларускае мовы безь неабходнай філялягічнай адукацыі, закончылі беларусістыку ў 1980-х гадох у Катэдры Беларускай Філялёгіі Варшаўскага Ўнівэрсытэту.

Апошнім часам у Польшчы асабліва шмат было зроблена ў справе новых падручнікаў для розных тыпаў школ з дадатковым навучаньнем беларускай мовы. Цягам 14 гадоў выйшла друкам 16 падручнікаў па беларускай мове, што прычынілася да павышэньня яксьці навучаньня. Іх аўтарамі зьяўляюцца навуковыя супрацоўнікі Катэдры Беларсукай Філялёгіі Варшаўскага Ўнівэрсытэту ды настаўнікі школаў з дадатковым навучаньнем беларускае мовы. Сярод згаданых 16 падручнікаў 11 прызначаныя для пачатковых школаў, 1 падручнік для гімназіяў, 3 падручнікі для ліцэяў і 1 хрэстаматыя.

Найбольш прадуктыўнай аўтаркай зьяўляецца Тэрэса Ясіньска-Соха з КБФ ВУ, якая апрацавала 8 падручнікаў. Гэта:
- Сябрынка (падручнік для 4 клясы пачатковай школы), Варшава 1998.
- Беларуская мова (падручнік для 5 клясы пачатковай школы), Варшава 2002.
- Крынічка (падручнік для 6 клясы пачатковай школы), Варшава 1999.
- Беларуская мова (падручнік для 6 клясы пачатковай школы), Варшава 2003.
- Моўная хвілінка (сшытак практыкаваньняў для 3 клясы пачатковай школы), Варшава 2000.
- Мова і слова (сшытак практыкаваньняў для 4 клясы пачатковай школы), Варшава 2000.
- Родная мова (падручнік для гімназіі), Варшава 2002.
- Практычная беларуская граматыка для сярэдніх школ, Варшава 2000.

Сярод іншых аўтараў трэба назваць наступныя прозьвішчы:
- Тамара Русачык, Літарынка (падручнік для 2 клясы пачатковай школы), Беласток 1997.
Ларыса Бурыло, Зараначка (падручнік для 3 клясы пачатковай школы), Варшава 1996.
- Люба Раманюк, Ян Чыквін, Крыніцы (падручнік для 7 клясы пачатковай школы), Варшава 1998.
- Надзея Панасюк, Беларуская скарбніца (падручнік для 8 клясы пачатковай школы), Варшава 1994.
- Тамара Русачык, Вольга Сянкевіч, Са словам праз стагоддзе (падручнік для 1 клясы сярэдняй школы), Варшава 2002.
- Ялянта Грыгарук, З васільковых крыніц (падручнік для 2 клясы сярэдняй школы), Варшава 2002.
- Ян Карчэўскі , Сучасная беларуская літаратура (падручнік для 3 клясы сярэдняй школы), Варшава 2003.
- Вольга Сянкевіч, Ялянта Грыгарук, Беларуская літаратура. Хрэстаматыя для школ, Варшава 2002.

Такі імпануючы сьпіс падручнікаў па беларускай мове навучаньня, выдадзеных у Польшчы толькі цягам апошніх 14 гадоў. Да гэтага пераліку трэба дадаць яшчэ падручнікі па гісторыі аўтарства Яўгена Мірановіча й Алега Латышонка, падручнік па беларускай мове Ніны Саевіч з Унівэрсытэту Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне ды вялікую колькасьць навуковых апрацаваньньяў, якія паяўляліся й надалей паяўляюцца ў унівэрсытэцкіх асяродках перш за ўсё Беластоку, Варшавы й Любліна.

У Беластоку існуе Цэнтар Адукацыі Настаўнікаў, які вядзе курсы павышэньня кваліфікацыяў для настаўнікаў розных прадметаў. У прапановое на 2003/2004 навучальны год знаходзяцца, між іншым курсы з галіны культурнай спадчыны ў рэгіёне пад назовам „Беласточчына – мая Малая Айчына”.

Настаўнікі могуць разьлічваць таксама на прафэсійную дапамогу з боку мэтадычнага дарадцы.

Ніна Баршчэўская