- Праца навуковых цэнтраў - 2
- 27.12.2006
Беларускія эміграцыйныя газэты шырока інфармавалі пра культурна-навуковую дзейнасьць беларусаў у эміграцыі. Сёньня гутарка пойдзе пра Інстытут вывучэньня СССР у Мюнхэне.
Станіслаў Станкевіч у публікацыі пра мюнхэнскі Інстытут вывучэньня СССР (Інстытут Вывучэньня СССР і Беларусы, у: „Бацькаўшчына”, № 26 (510), Мюнхэн, 3 ліпеня 1960, с. 3-4) падсумоўвае супрацоўніцтва беларусаў з гэтым Інстытутам, якое пачалося ў 1954 годзе.
Інстытут вывучэньня СССР – гэта вольная карпарацыя вучоных эмігрантаў з Савецкага Саюзу, а матэрыяльна падтрымваў яго Амэрыканскі камітэт вызваленьня. Сваёй шырокай навуковай дзейнасьцю ў розных галінах дасьледаваньня жыцьця й праблематыкі Савецкага Саюзу й публікацыямі сваіх навуковых працаў як у мовах народаў Савецкага Саюзу (расейскай, беларускай, украінскай), гэтак і галоўных мовах Захаду (ангельскай, нямецкай і францускай) ды Блізкага Ўсходу (турэцкай і арабскай), Інстытут за 10 гадоў працы здабыў шырокую папулярнасьць і аўтарытэт у навуковых колах вольнага сьвету.
Ужо ў канцы 1954 году была зарганізаваная Беларуская рэдакцыя Інстытуту вывучэньня СССР, якая, пачынаючы з 1955 году, пачала выдаваць пэрыядычныя беларускія зборнікі навуковых артыкулаў у беларускай і ангельскай мове, а таксама й паасобныя манаграфіі ў беларускай, расейскай, ангельскай і нямецкай мовах. За 5 гадоў працы ў Інстытуце было выдадзена 12 кніг Беларускага Зборніка ў беларускай мове і 8 кніг Беларускага Зборніка (Belorussian Review) у ангельскай мове. Па-ангельску перадрукоўваліся найлепшыя артыкулы зь беларускай вэрсіі Зборніка.
Апрача пэрыядычных выданьняў, Інстытут вывучэньня СССР за гэты час апрацаваў 9 манаграфіяў на беларускія тэмы ў беларускай, расейскай, ангельскай і нямецкай мовах. Артыкулы й працы на беларускія тэмы зьмяшчаліся таксама ў агульнаінстытуцкіх выданьнях у розных мовах, як, прыкладам, у навуковым зборніку ў нямецкай мове Sowjetstudien. Апрача працы ў Інстытуце ў Беларускай Рэдакцыі, беларусы зьяўляліся таксама адказнымі рэдактарамі такіх агульнаінстытуцкіх навуковых пэрыёдыкаў, як зборнік у ангельскай мове для Паўдзённа-Ўсходняй Азіі Studies on the Soviet Union, зборнік у гішпанскай мове для Лацінскай Амэрыкі Estudios sobre la Union Sovietica і тыднёвы Аналіз бягучых падзеяў у СССР у ангельскай і расейскай мовах, які служыў як дапаможнік для заходняе прэсы й студэнтаў заходніх унівэрсытэтаў, якія займаліся вывучэньнем савецкіх праблемаў (тамсама).
Ніна Баршчэўская