• Беларускія слоўнікі
  • 22.11.2006
Беларускія эміграцыйныя газэты шмат увагі ўдзяляюць ролі культуры ў выхаваньні маладога беларускага пакаленьня на чужыне. Паведамляюць пра разьвіцьцё беларускага школьніцтва ў замежжы, пра кніжныя выданьні, апісваюць працу навуковых цэнтраў, а таксама беларускамоўнае вяшчаньне ў розных краінах сьвету.

Сёньня гутарка пойдзе пра кніжныя выданьні ў замежжы, а гаворачы больш дакладна, пра слоўнікі.


Нью-ёрская газэта „Бацькаўшчына” паведамляе пра выхад друкам у 1958 годзе нямецкамоўнага энцыкляпэдычнага зборніка Малая Славянская Біяграфія (Ю. Дубовік, Малая Славянская Біяграфія, у: „Бацькаўшчына”, № 6 (442), Мюнхэн, 8 лютага 1959, с. 3), у якім у альфабэтным парадку пададзеныя прозьвішчы духовых прадстаўнікоў (культурных і навуковых дзеячаў) славянскіх народаў: баўгараў, беларусаў, чэхаў, македонцаў, палякаў, расейцаў, сэрбаў, украінцаў і харватаў.

Сьпіс беларускіх прозьвішчаў зь біяграфічнымі дадзенымі да гэтага выданьня падрыхтавалі сябры Мюнхэнскай сэкцыі Беларускага інстытуту навукі й мастацтва пад кіраўніцтвам старшыні Станіслава Станкевіча. У выданьне Малой Славянскай Біяграфіі ўвайшло больш за 60 беларускіх прозьвішчаў, пачынаючы Еўфрасіньняй Полацкай і Аўрамам Смаленскім ды канчаючы Петрусём Броўкам, Аркадзем Куляшовам і іншымі прадстаўнікамі культурнага жыцьця ў БССР паловы ХХ стагодзьдзя.

Часопіс „Навіны зь Беларусі”, які таксама выдаваўся ў Нью-Ёрку, паведамляе пра вялікую працу Рычарда Леванскага пад назовам Бібліяграфія славянскіх слоўнікаў. Другі том трохтомнае бібліяграфіі Р. Леванскага пачынаецца разьдзелам Беларускія слоўнікі, у якім слоўнікавыя выданьні пералічаныя паводле разьдзелаў: слоўнікі афарызмаў, біяграфічныя, дыялекталягічныя, этымалягічныя, і гэтак далей. Беларускія слоўнікі, пералічаныя ў бібліяграфіі, сягаюць ад 1596 году, значыць году выданьня слоўніка Зізанія, да 1961 году. Усіх беларускіх слоўнікавых працаў за гэты час, паводле бібліяграфіі Леванскага, выйшла 98 (Беларускія слоўнікі, у: „Навіны зь Беларусі”, № 6 (53), Нью-Ёрк, 31 сакавіка 1966, с. 7; спасылка на: Радыё Свабода, 6 сакавіка 1966).

У 1966 годзе Беларускі інстытут навукі й мастацтва ў ЗША выдаў Прыказкі Лагойшчыны Адама Варлыгі з прадмовай Рыгора Максімовіча (псэўданім Вітаўта Тумаша), якая заканчваецца наступнай ацэнкай:

„Гэты зборнік (...) мае ня толькі строга навуковую – для этнографаў і моваведаў – але й шырэйшую практычную вагу й цікавасьць, як карысны падручны даведнік для беларускіх настаўнікаў, пісьменьнікаў, публіцыстых, дый усіх іншых працаўнікоў слова й пяра... і навуковыя, і практычныя вартасьці зборніка не часовыя, а трывалкія...” (Н. А., Прыказкі Лагойшчыны, у: „Беларус”, № 115, Нью-Ёрк, лістапад 1966, с. 2)

У кнізе сабрана больш за 1700 прыказак. Паводле іх ліку, зборнік гэты пяты ў чарзе за зборнікамі Фэдэроўскага, Насовіча, Дабравольскага й Ляцкага. Апрача прыказак, у зборніку зьмешчаныя 32 прывітаньні, 79 праклёнаў і 108 загадак.

Вітаўт Кіпель паведамляе пра слоўнікавыя выданьні на Захадзе пасьля Другой Сусьветнай вайны (В. Кіпель, Слоўнікі выдадзеныя й нявыдадзеныя, у: „Беларус”, № 327, Нью-Ёрк, ліпень 1985, с. 6). Да 1985 году сьвет убачылі такія слоўнікі, як: Некаторыя праўніцкія тэрміны, Слоўнік юрыдычных беларускіх тэрмінаў, Маленькі беларуска-расейскі размоўнік, Краёвы слоўнік Лагойшчыны, Слоўнік беларускае літаратурнае мовы 19-га стагодзьдзя, Слоўнік нямецкіх запазычаньняў у беларускай мове, першы том Беларуска-грэцкага слоўніка.
Другі том Беларуска-грэцкага слоўніка Яна Пятроўскага выйшаў друкам у 1985 годзе – першая частка зьявілася ў 1983 годзе (Грэцка-беларускі слоўнік, у: „Беларус”, № 329, Нью-Ёрк, красавік – жнівень 1986, с. 6). В. Кіпель называе яго першым у беларускай лексыкаграфіі „ключом да багатае спадчыны старое Грэцыі”.

Нью-ёрская газэта „Беларус” паведамляе таксама пра перавыданьне Слоўніка Насовіча (Перавыданьне Слоўніка Насовіча, у: „Беларус”, № 343, Нью-Ёрк, студзень 1988, с. 8) заходненямецкім выдавецтвам Отта Загнэра. Рэцэнзуючы гэтае выданьне, брытанскі прафэсар Арнольд МакМілін напісаў, што Слоўнік Насовіча застаецца вартаснай лексыкаграфічнай крыніцай па сёньняшні дзень. Знаходзім у ім ня толькі характэрныя для беларускае мовы прыказкі, прымаўкі й іншыя народныя выразы ды ўрыўкі зь песьняў, але таксама багаты этнаграфічны матэрыял.

Ніна Баршчэўская