- Праца навуковых цэнтраў
- 20.12.2006
Беларускія эміграцыйныя газэты шырока інфармавалі пра культурна-навуковую дзейнасьць беларусаў у эміграцыі. Сёньня гутарка пойдзе пра Інстытуты беларусаведы, якія існавалі ў розных эўрапейскіх краінах.
Інстытут беларусаведы існаваў у Мадрыдзе (Інстытут Беларусаведы ў Мадрыдзе, у: „Бацькаўшчына”, № 96, Мюнхэн, 27 красавіка 1952, с. 12). Інстытут імя Льва Сапегі быў сарганізаваны пры Цэнтры абмену эўрапейскай культуры ў Мадрыдзе. Спэцыяльнымі прадметамі досьледаў былі такія галіны, як: філязафічная, юрыдычная, эканамічная, гістарычна-сацыяльная, этнічная, філялягічная, літаратурная, фальклярыстычная й артыстычная. Апрача гэтага вялося дасьледаваньне праблемаў і асьпірацыяў беларускага народу ды азнаямленьне зь імі краінаў Заходняе Эўропы, а ў першай чарговасьці – Гішпаніі ды краінаў зь гішпанскай мовай, а таксама народаў ісламу. Інстытут паставіў сабе за мэту вывучэньне міжнародных узаемадачыненьняў, якія мелі месца ў гісторыі паміж Беларусяй ды дзяржавамі Заходняй Эўропы, як і рэлігійных асаблівасьцяў беларускага народу.
Старшыня Цэнтру абмену эўрапейскае культуры, прынц Тодар Ляскарыс-Комнэно, першы асыстэнт пры Катэдры права ў Мадрыдзкім унівэрсытэце быў прызначаны на старшыню гэтага Інстытуту беларусаведы, а на сакратара – Уладыслаў Рыжы-Рыскі.
Адкрыцьцё дзейнасьці Інстытуту беларусаведы адбылося 24 сакавіка 1952 году.
Патрэбу існаваньня школаў беларусаведы заўважыў Станіслаў Станкевіч, які на старонках мюнхэнскага тыднёвіка „Бацькаўшчына” адзначыў:
„У ўмовах эміграцыйнага жыцьця, перадусім-жа амэрыканскага, вялікую нацыянальную ролю можа адыграць дадатковая да ангельскай беларуская школа беларусаведы. Яна зьяўляецца найважнейшым фактарам дзеля абароны перад нацыянальнай асыміляцыяй нашага маладога пакаленьня, якое ўжо ня помніць Бацькаўшчыны або й нарадзілася на чужыне”. (Царква, школьніцтва, выдавецкія справы й праблемы асыміляцыі, у: „Бацькаўшчына”, № 9 (445), Мюнхэн, 1 сакавіка 1959, с. 2)
Нью-ёрскі часопіс „Навіны зь Беларусі” ў 1969 годзе паведаміў пра прысутнасьць беларускае мовы ў Бэрлінскім унівэрсытэце (Беларуская мова на Бэрлінскім унівэрсытэце, у: „Навіны зь Беларусі”, № 5 (124), Нью-Ёрк, 15 сакавіка 1969, с. 6; спасылка на: „Чырвоная змена”, Мінск, 22 лютага 1969). Інстытут Мовазнаўства АН БССР атрымаў з ГДР ліст вучонага славіста Карла Гудшміта, які паведамляў, што ў Бэрлінскім унівэрсытэце імя Гумбальта ўпершыню ўведзены спэцыяльны курс беларускае мовы. Студэнты сталі вывучаць граматыку ды знаёміцца з творамі беларускіх пісьменьнікаў. „Навіны зь Беларусі” адзначаюць, што К. Гудшміт зрабіў грунтоўны разбор Дыялекталягічнага атляса беларускае мовы ды рэцэнзаваў бібліяграфічны ўказальнік па беларускаму мовазнаўству (тамсама).
Беларусаведныя заняткі вяліся таксама ў Чэхаславаччыне. Па зьвестках Вацлава Жыдліцкага, асноўны цэнтар беларусістыкі ў Чэхаславаччыне знаходзіўся ў Карлавым унівэрсытэце ў Празе, але беларусазнаўчая праца не абмяжоўвалася толькі адным цэнтрам. Беларуская мова й літаратура дасьледаваліся многімі чэскімі й славацкімі славістамі. Каштоўным дапаможнікам для спэцыялістаў сталася бібліяграфічняа публікацыя пра мовазнаўчую русістыку, украіністыку й беларусістыку ў сьвеце. Шмат было зроблена таксама ў галіне перакладу беларускай мастацкай літаратуры на чэскую й славацкую мовы. Найбольшай папулярнасьцю сярод чытачоў карыстаецца творчасьць Васіля Быкава. Перакладаліся, між іншым, таксама творы Ўладзіміра Караткевіча й Аляксея Карпюка (Беларусаведа ў Чэхаславаччыне, у: „Беларус”, № 173, Нью-Ёрк, верасень 1971, с. 6).
У 1994 годзе беларуская мова загучала таксама ў сьценах Будапэшцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, у Катэдры ўсходнеславянскае й балцкае філялёгіі, кіраўнік якой, Андраш Золтан, стаў адначасова старшынём Вугорскай асацыяцыі беларусістаў (В. М., Беларуская мова ў Вугоршчыне, у: „Беларус”, № 455, Нью-Ёрк, ліпень 1998, с. 3).
Ніна Баршчэўская