Чалавек ня можа ўплываць на выбар месца, дзе ён прыйдзе на сьвет і будзе жыць. Але дарослая асоба мае, хоць і абмежаваную, магчымасьць зьмяніць месца пражываньня. У жыцьці розных людзей паяўляюцца самыя разнастайныя абставіны, якія прымушваюць альбо схіляюць іх зьмяняць месца на Зямлі, якое лічыцца сваім, родным.
Калісьці жыхары Беларусі, якія лічылі сябе па паходжаньні палякамі, маглі выехаць на пастаяннае месца жыхарства ў Польшчу па прынцыпах рэпатрыяцыі. Аднак цяпер рэпатрыяцыя не датычыць беларусаў. Дакумэнты на рэпатрыяцыйную візу могуць падаваць толькі тыя асобы, якія пражывалі ў азіяцкай частцы былога Савецкага Саюзу.
Калі грамадзянін Рэспублікі Беларусь хоча хадайнічаць за польскае грамадзянства, то павінен ён выконваць некалькі ўмоваў. Першая катэгорыя людзей, маючых права на грамадзянства - гэта асобы, якія пражываюць у Польшчы на падставе дазволу на пастаяннае месца жыхарства як мінімум пяць гадоў - гаворыць Матэуш Сора, дырэктар Дэпартамэнту рэпатрыяцыі й іншаземцаў - ведамства, якое ўваходзіць у структуру Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі.
М. Сора: Такія іншаземцы падаюць дакумэнты на грамадзянства ў мясцовых ворганах ваяводзкай адміністрацыі ў той мясцовасьці, дзе яны жывуць у Польшчы. А калі нехта стараецца атрымаць грамадзянства ў надзвычайным парадку, паколькі існуюць нейкія асаблівыя абставіны, якія даюць яму права на грамадзянства, то ён падае дакумэнты ў консульскім аддзеле польскай амбасады за мяжой альбо ў ведамства ваяводы, калі такая асоба жыве ў Польшчы. Такія асаблівыя абставіны, дазваляючыя хадайнічаць за польскае грамадзянства, могуць быць самыя розныя - няма закону, які падрабязна б іх апісваў. Так што калі гаворка ідзе пра людзей, якія ўжо пражываюць у Польшчы, маюць жонку альбо мужа - польскіх грамадзянаў, іх дзеці таксама пераважна адразу атрымліваюць польскае грамадзянства, то ў дадзеным выпадку натуралізацыя - гэта толькі фармальнасьць. Але й тут кожны выпадак разглядаецца індывідуальна.
Калі нехта выйшаў замуж за паляка альбо ажаніўся з полькай, то можа старацца атрымаць грамадзянства хутчэй, не пражываючы 5 гадоў з картай пастаяннага месца жыхарства - працягвае Матэуш Сора.
М. Сора: Насамрэч, гэтае правіла датычыць сужонкаў польскіх грамадзянаў. Чалавек, які мае права на пастаяннае месца жыхарства ў Польшчы і ўступіць у шлюбны саюз з палякам, можа на працягу паўгоду атрымаць польскае грамадзянства. Такое выключэньне было ўведзена адмыслова з думкай пра іншаземцаў, якія выходзяць замуж альбо жэняцца з польскімі грамадзянамі, каб аблегчыць ім працэс прыняцьця грамадзянства.
Дакумэнты на грамадзянства можна падаваць у консульскіх аддзелах польскіх амбасадаў за мяжою, альбо ў ваяводзкім ведамстве – калі іншаземец жыве ў Польшчы. Кіраўнік аддзелу інфармацыі Мазавецкага ваяводзкага ведамства Лешак Хэмпэрак адзначае, што ўсіх ішаземцаў стараюцца трактаваць аднолькава.
Л. Хэмпэрэк: Польшча ўваходзіць у склад Эўрапейскага Зьвязу, і мы стараемся, каб кожны іншаземец, як зь Беларусі, так і з Расеі альбо Ўкраіны, атрымаў аднолькавы ўзровень абслугоўваньня. Калі нехта хоча хадайнічаць за грамадзянства нашай краіны, павінен падаць неабходныя дакумэнты да ваяводы. Супрацоўнікі Ваяводзкага ведамства правяраюць дакумэнты, ацэньваюць іх фармальны зьмест, пазьней перадаюць іх у Ведамства па справах іншаземцаў, дзе паперы таксама праходзяць ацэнку. І толькі тады атрымвае іх апошняя інстанцыя – Канцылярыя прэзыдэнта. Трэба заўважыць, што ваявода ня можа ўказаць прэзыдэнту, што дадзены іншаземец мае альбо ня мае права атрымаць польскі пашпарт. Рашэньне прымае прэзыдэнт. І ён можа альбо надаць грамадзянства, альбо адмовіць іншаземцу.
Калі Канцылярыя прэзыдэнта прыме пазытыўнае рашэньне, то кандыдаты на новых грамадзянаў Польшчы атрымваюць запрашэньне ў Ваяводзкае ведамства, дзе праходзіць урачыстая цырымонія ўручэньня актаў аб грамадзянстве.
Л. Хэмпэрэк: Гэта ўрачыстая сустрэча, яна праходзіць раз у месяц, альбо нават часьцей, бо здараецца, што ў нейкі месяц прымаецца выключна многа рашэньняў пра наданьне польскага грамадзянства. Усе новыя грамадзяне Польшчы запрашаюцца ў Ваяводзкае ведамства, і ва ўрачыстай атмасфэры, падчас адмысловай цырымоніі, ваявода ўручае акты наданьня польскага грамадзянства ад імя прэзыдэнта Рэспублікі Польшчы.
Некалькі гадоў таму назад Польшча далучылася да Эўрапейскага Зьвязу, стала паўнапраўным чальцом супольнасьці. Ці дзякуючы гэтаму факту польскі пашпарт стаў больш папулярны?
Л. Хэмпэрэк: Можна гэта прадставіць таксама такім чынам, што цяпер больш іншаземцаў трактуюць Польшчу як транзыт далей – на Захад, дзе польскі грамадзянін мае шырэйшыя правы, чым той, хто мае пашпарт краіны - не чальца Зьвязу. Але людзі з-за нашай усходняй мяжы, якія падаюць дакумэнты на грамадзянства, пераважна астаюцца жыць у Польшчы.
Для грамадзянаў Беларусі, якія па нейкіх прычынах зьвязалі свой лёс з Польшчай, напрыклад, заключылі шлюб з палякам, патрабаваньне адмовіцца ад беларускага грамадзянства, перад атрыманьнем польскага, можа моцна ўскладніць рашэньне аб зьмене грамадзянскага статусу. Многія зь іх адчуваюць надалей моцную сувязь зь Беларусяй, яны ж пакінулі там знаёмых, сваякоў, сяброў.
Так было ў выпадку нашай наступнай суразмоўцы - Марыi - якая выйшла замуж за паляка, яе дзіця атрымала польскае грамадзянства. Марыя таксама хацела стаць грамадзянкай Польшчы, але жадала адначасна захаваць сувязь са сваёй першай Айчынай. На жаль, ёй гэта не ўдалося, паколькі пасьля падачы дакумэнтаў і даволі доўгага чаканьня, яна атрымала гэтак званую прамэсу - гэта значыць, абяцаньне надаць ёй грамадзянства, але пры ўмове, што яна адмовіцца ад беларускага. Марыя адмовілася ад грамадзянства Беларусі, хаця зь вялікім шкадаваньнем. Але некаторыя яе знаёмыя, якія трапілі ў падобную сытуацыю, не хацелі гэтага зрабіць.
Марыя: Некалькі асобаў, якія атрымалі, як і я, прамэсу, а не грамадзянства, не рашыліся пайсьці на такі крок - адмовіцца ад беларускага. Некалькі гадоў таму перастаў дзейнічаць закон аб прадухіленьні двайнога грамадзянства, таму, у прынцыпе, няма такой неабходнасьці, каб адмаўляцца ад беларускага грамадзянства. У мяне складваецца ўражаньне, што калі гаворка ідзе пра грамадзянаў Беларусі й Расеі, то рашэньне польскіх ворганаў зьвязанае з рэпутацыяй краіны. У Польшчы магчымае двайное грамадзянства, ніхто не патрабуе, каб, скажам, грамадзянін ЗША альбо Ізраіля адмаўляўся ад свайго грамадзянства, калі хоча атрымаць польскае, нават калі ён пастаянна пражывае ў Польшчы. Гэтае патрабаваньне пераважна ставіцца да грамадзянаў некалькіх краін былога СССР, якія маюць найгоршую рэпутацыю ў сфэры дэмакратычных нормаў.
Спадарыня Марыя надалей часта езьдзіць у Беларусь, дзе жыве яе маці, засталіся іншыя блізкія сваякі й сябры, але ў яе паявілася новая перашкода ў перасячэньні мяжы - візы паміж Польшчай ды Беларусяй.
Марыя: Маё жыцьцё моцна зьвязанае зь Беларусяй, я супрацоўнічаю зь беларускімі СМІ, шмат часу ў сваёй працы ў Польшчы прысьвячаю беларускім пытаньням. Для мяне было важна мець псыхічную сувязь з краінай, дзе я нарадзілася, жыла большую частку свайго жыцьця, дзе засталіся сябры, блізкія. Так што мне было прыкра адмаўляцца ад грамадзянства, але прыйшлося гэта зрабіць, паколькі я зьвязала сваё жыцьцё з Польшчай, тут быдучыня маёй сям’і, майго дзіцяці. Польшча стала чальцом ЭЗ, таму я цяпер адчуваю сябе таксама грамадзянкай Зьвязу. Так што я зрабіла гэты крок, але без пачуцьця ўнутранай упэўненасьці. Гэта быў неабходны, фармальны крок, а не маё асабістае рашэньне.
Марыя, хоць і доўга вагалася, усё ж такі адмовілася ад беларускага грамадзянства, каб атрымаць польскае. А наступная наша суразмоўца – Вольга, якая таксама выйшла замуж за паляка, даўно жыве ў Польшчы, яе дзеці атрымалі грамадзянства гэтае краіны - гаворыць, што ня зможа адмовіцца ад беларускага грамадзянства, а менавіта такое патрабаваньне ёй паставілі перад атрыманьнем польскага.
Вольга: Тут ёсьць некалькі аспэктаў – чыста практычны й духоўны, псыхічны. Канешне, з чыста практычных памкненьняў, мне было б лепш быць грамадзянкай Польшчы. Скажам, калі я захачу паехаць са сваімі дзецьмі ў Італію на лыжы, то яны, будучы грамадзянамі Польшчы, могуць гэта зрабіць без перашкодаў, а мне прыйшлося б прамчацца па некалькіх амбасадах, каб атрымаць усе неабходныя візы.
Але духоўны аспэкт мне абсалютна не дазваляе адмовіцца ад беларускага грамадзянства, а менавіта такую ўмову мне паставілі ў Ваяводзкім ведамстве. Зразумела, калі б была заканадаўчая магчымасьць атрымаць польскае грамадзянства й захаваць беларускае, я б з радасьцю гэта зрабіла.
Лешак Хэмпэрак з Ваяводзкага ведамства ў Варшаве патлумачыў нам, што неўзабаве законы ў Польшчы могуць зьмяніцца, таму неабходна сачыць за зьменамі, калі нехта намераны падаваць дакумэнты на грамадзянства. Магчыма, ужо ня будзе гэтак званай прамэсы.
Л. Хэмпэрак: Так, дагэтуль існавала такая практыка – найперш прамэса, а пазьней грамадзянства, калі іншаземец адмовіцца ад свайго грамадзянства. Ведамства брала пад увагу інтарэс кліента - такую магчымасьць, што ён адмовіцца ад свайго грамадзянства, але не атрымае польскага. Але, наколькі мне вядома, цепер у польскім парлямэнце йдзе падрыхтоўка да ўвядзеньня некаторых зьменаў у працэдуру атрыманьня грамадзянства. Так што калі нехта зьбіраецца падаваць дакумэнты, то няхай яшчэ раз праверыць, ці нічога не зьмянілася ў працэдурах, каб ён мог зьмясьціцца ў законных тэрмінах, бо гэтыя тэрміны нельга перакрочыць нават на адзін дзень.
Як вынікае са словаў нашых гасьцей, калі выхадзец зь Беларусі стараецца атрымаць польскі пашпарт, то, у прынцыпе, у яго няма неабходнасьці адмаўляцца ад беларускага, хаця часам беларусам ставіцца такое патрабаваньне. Як сказаў нам Матэуш Сора з МУС Польшчы, у розных краінах сьвету існуе некалькі прынцыпаў адносінаў дзяржавы да грамадзянства.
М. Сора: Адзін прынцып датычыць выключнасьці грамадзянства дадзенай краіны. Улады такой дзяржавы дапушчаюць магчымасьць двайнога альбо шматкротнага грамадзянства. З пункту погляду польскіх уладаў, важны той факт, ці нехта мае грамадзянства Польшчы, ці не. Наколькі мне вядома, гэты прынцып прынялі таксама беларускія ўлады. Іншыя дзяржавы падыходзяць да гэтага пытаньня па прынцыпе толькі аднаго грамадзянства. Законы дадзеных дзяржаваў не дазваляюць мець больш, чым адно грамадзянства. Але цяпер усё больш дзяржаваў прымае законы, якія дапушчаюць магчымасьць двайнога грамадзянства.
Калі асоба мае польскія карані, то пераважна ёй не прыходзіцца адмаўляцца ад беларускага пашпарту - кажа Лешак Хэмпэрак, дырэктар аддзелу інфармацыі Мазавецкага ваяводзкага ведамства ў Варшаве.
Л. Хэмпэрак: Няма нейкага шаблёну, што ў дадзеным выпадку неабходна паступаць так, а не інакш. Але магу сказаць, што калі чалавек па паходжаньні паляк, яго бацькі альбо дзядуля, бабуля былі польскімі грамадзянамі, то тады пераважна ён адразу атрымвае грамадзянства. Падобным чынам адбываецца тады, калі ў такога чалавека муж альбо жонка маюць польскае грамадзянства, калі сувязь з Польшчай замацаваная сямейнымі кантактамі. Але я падкрэсьліваю, што кожная справа разьглядаецца індывідуальна. І з кожным чалавекам, які хоча атрымаць польскі пашпарт, мы размаўляем перад прыняцьцём дакумэнтаў. Калі ў чыноўніка ўзьнікаюць сумненьні наконт сапраўднасьці ўсіх фактаў, апісаных у дакумэнтах, то ён можа іх праверыць - нават прыйсьці дадому іншаземца, распытаць яго суседзяў, ці ён атрымліваў нейкую дапамогу й гэтак далей.
Словы Лешака Хэмпэрака з Ваяводзкага ведамства пацьвердзіў віцэ-дырэктар Бюро права й дзяржаўнага ладу Канцылярыі прэзыдэнта Польшчы. Анджэй Дорш адзначыў, што польскія карані - гэта істотны аргумэнт, які дапамагае прэзыдэнту Рэспублікі Польшча прыняць рашэньне пра наданьне дадзенай асобе польскага грамадзянства. Сярод іншых аргумэнтаў, дазваляючых хадайнічаць за грамадзянства - факт пражываньня на тэрыторыі Польшчы доўгі час, моцныя сувязі з польскай краінай.
А.Дорш: Гэтыя асобы пераважна прад'яўляюць доказы свайго польскага паходжаньня. Калі нехта мае польскія карані, то гэта станоўча ўплывае на магчымасьць прыняцьця прэзыдэнтам Польшчы рашэньня пра наданьне дадзенай асобе польскага грамадзянства. Сярод іншых аргумэнтаў – заключэньне шлюбнага саюзу з грамадзянінам Польшчы, пастаянная праца на тэрыторыі краіны. Трэба сказаць, што калі нехта паляк па нацыянальнасьці, то пераважна яму ня ставіцца патрабаваньне адмаўляцца ад беларускага грамадзянства перад атрыманьнем польскага. Зразумела, кожная справа пазглядаецца ў індывідуальным парадку, але чалавека, які стараецца атрымаць пашпарт Польшчы, польская нацыянальнасьць ставіць у больш карысную сытуацыю.
Працэдура прызнаньня грамадзянства даволі працяглая. Яна займае доўгі час, нават да некалькіх гадоў. Няма адназначнага тэрміну, за які прэзыдэнт павінен надаць грамадзянства альбо адмовіць у ім іншаземцу. Справа ў тым, што цяпер вельмі многа заявак на грамадзянства.
Адзін з нашых слухачоў пераканаўся на ўласным досьведзе, што ня так проста атрымаць польскае грамадзянства, нават калі чалавек – паляк па паходжаньні. А ў сталым узросьце не хацелася б доўга чакаць.
Спадар Вітальд: Калі чалавек малады, здаровы, то яму, у прынцыпе, усё роўна, дзе жыць. Абы толькі была добрая праца. Але пад старасьць усё ж такі цягне да сваіх, на Айчыну. А я сваёй Айчынай лічу Польшчу, паколькі мае бацькі нарадзіліся на тэрыторыі, якая некалі належыла да Рэчыпаспалітай. Цяпер усе мае блізкія жывуць у Польшчы, і я таксама вырашыў падаць дакумэнты на грамадзянства. Збор дакумэнтаў заняў у мяне амаль год – трэба было шукаць не ў адным месцы, а пазьней усё перакласьці на польскую мову ў натарыяльнага перакладчыка. Я падаў дакумэнты ў консульскім аддзеле польскай амбасады ў Менску, чакаю ўжо два гады, пакуль няма адказу.
Прывядзем яшчэ некалькі статыстычных дадзеных, датычных атрыманьня польскага грамадзянства беларусамі ў апошніх гадох. У 2001 г. толькі 31 асоба атрымала грамадзянства Польшчы, у 2004 годзе - 102 чалавекі, а ў 2005 годзе - ужо ў тры разы больш - 324 асобы зь Беларусі сталі грамадзянамі Польшчы.
Што ж, застаецца нам толькі спадзявацца, што мы дачакаемся такіх часоў, калі людзі, прынамсі ў Эўропе, ня будуць адчуваць ніякіх абмежаваньняў ад факту, што маюць грамадзянства той, а не іншай краіны.
Натальля Грышкевіч