- Супольныя карані ў літаратуры
- 28.11.2006
Каштоўны гістарычны досьвед жыцьця ў адной дзяржаве палякаў ды беларусаў меў вынікам узаемаўзбагачэньне культураў абодвух народаў.
Францішку Уршулю Радзівіл называлі нясьвіскай Сапфо. Яна жыла на тэрыторыі сучаснай Беларусі, а тагачаснай Рэчы Паспалітай, і пакінула свой сьлед у гісторыі літаратуры.
Першы на беларускіх землях літаратурны салён, дзякуючы ёй, быў ужо ў першай палове 18 ст.
Францішка Уршуля зь Вішнявецкіх нарадзілася ў 1705. Аўтарка вершаў і п’есаў, яна была заснавальніцай першага на беларускіх землях прыдворнага тэатру.
Дасьледчыца творчасьці Францішкі Уршулі Радзівіл Натальля Русецкая.
Русецкая: Францішцы было мала літаратурнага салёну, і таму яна занялася яшчэ драматургіяй. Гэта была адзіная жанчына ў Рэчы Паспалітай на той час, якая пачала пісаць драматычныя творы. Для Францішкі ўсё жыцьцё было тэатрам. У прынцыпе, кожны яе твор быў разьлічаны на вуснае выкананьне. Для яе незразумелая была такая распаўсюджаная ў 20 ст. зьява, як пісаньне ў шуфляду. Яна пісала творы, каб яны жылі. Нават калі твор быў напісаны ў гонар нейкай урачыстасьці, якая ў жыцьці сустракаецца аднойчы – на шлюб, на пахаваньне... Для яе было важна стварыць паэтычны сьвет вакол кожнай самай дробнай падзеі магнацкага жыцьця. Драматычнай спадчыне Францішкі Уршулі Радзівіл пашанцавала, пасьля сьмерці быў выдадзены том “Трагедыі і камедыі”, куды ўвайшлі ўсе 16 драматычных твораў – арыгінальныя, пераклады Мальера, лібрэта да опэр. Паэтычная спадчына параскіданая па архівах і бібліятэках. Цыкл вершаў і кароткіх эпіграмаў “Апісаньне дам” захоўваецца ў Польскай бібліятэцы ў Парыжы. Часткова копіі вершаў – у бібліятэцы Чартарыйскіх у Кракаве, у бібліятэцы Салінскіх у Вроцлаве, у Нацыянальным гістарычным архіве ў Менску. Усяго гэтых твораў каля 80. Колькасна Францішка Уршуля Радзівіл можа паспрачацца з польскай паэткай таго часу Эльжбэтай Дружбацкай, творчасьць якой больш вывучаная толькі таму, што была надрукаваная. Сабраць усе параскіданыя вершы Францішкі вельмі цяжка. Цяжка іх бывае і ідэнтыфікаваць. Добра, калі твор падпісаны “ваявадзянка”, тады можна па даце вызначыць, што ваяевадзянкаю ў гэты час была менавіта Францішка Уршуля Радзівіл. Але шмат непадпісаных рукапісаў.
Праз два з паловай стагодзьдзі творы Францішкі Уршулі Радзівіл гучаць па-беларуску. Пры падтрымцы Польскага інстытуту ў Менску выдавецтва “Беларускі кнігазбор” падрыхтавала кнігу перакладаў нашай славутай зямлячкі, дзе чытачы знойдуць вершы, загадкі, празаічныя трактаты, лісты й п’есы.
Творчасьць Францішкі Уршулі Радзівіл таксама разглядаецца навукоўцамі на канфэрэнцыях.
Доктар філялягічных навук Сяргей Кавалёў.
Кавалёў: Канферэнцыя была прысьвечная ня толькі яе паэзіі й драматургіі, а і эпісталярнай спадчыне, і філязофскім трактатам. Была спроба вызначыць, якое месца займае Францішка Уршуля Радзівіл у польскай культуры, а якое ў беларускай. Яе ролю, якую яна ўвасабляе ў культурах абодвух народаў. Вырашылі правесьці таксама канфэрэнцыю, прысьвечаную Барбары Радзівіл. Уся культура ВКЛ - агульная спадчына народаў Усходняй Эўропы. Я працую над праектам, зьбіраюся напісаць падагульняючы нарыс не літаратуры Беларусі, не літаратуры Польшчы, а літаратуры ВКЛ, як агульнага цэлага. І не падзяляць пісьменьнікаў па нацыянальнай прыналежнасьці. А паспрабаваць разгледзець як агульны фэномэн. Леў Сапега, Андрэй Рымша... Мэмуарысты, якія пісалі па-польску, але нарадзіліся ў Беларусі й пісалі пра Беларусь. А тыя, што пісалі па-беларуску таксама трапляюць у польскія анталёгіі, як, напрыклад, Фёдар Еўлашоўскі. Гэта пісьменьнікі пакуль яшчэ забытыя, як нядаўна Францішка Уршуля Радзівіл. Гэтак нядаўна было ў Беларусі зь Міколам Гусоўскім, якога ніхто апроч унівэрсытэцкіх выкладчыкаў ня ведаў, а сёньня ён увайшоў у школьныя хрэстаматыі. Ён - клясык беларускай літаратуры, а вось у Польшчы ён амаль забыты пісьменьнік.
Літаратуразнаўцы вяртаюць у кантэкст абедзьвюх літаратураў – і польскай і беларускай – забытых аўтараў, а выпускніка Варшаўскага ўнівэрсытэту, географа Ўладзімера Міхневіча цешыць, што палякі нанова адкрываюць для сябе беларускую культуру.
Міхневіч: Варшава набыла касмапалітычны воблік, якога ёй бракавала. Рознакультуровасьць Варшавы пачала праяўляцца ў апошні год. Вялікая колькасьць шматнацыянальных фэстываляў – беларускіх, украінскіх, расейскіх... Варшава ператвараецца ў касмапалітычны горад славянаў і можа створыць канкурэнцыю Бэрліну, які традыцыйна зьяўляецца культурнай эўрапейскай сталіцай. Мне бракавала чагосьці ў якасьці апазыцыі Маскве, якая заяўлае пра сябе, як пра культурную сталіцу, зьбіральніцу для ўсіх славянаў. Варшава перахоплівае цяпер ініцыятыву. Беларускае мастацтва заваёўвае сярод варшавякаў сталых прыхільнікаў. А беларусы, што прыязджаюць у Польшчу, са здзіўленьнем адкрываюць для сябе, што польская мова вельмі падобная на беларускую.
Калісьці палякі й беларусы жылі ў супольнай дзяржве, і для іх было натуральна гаварыць па-польску й па-беларуску. Палякі й беларусы чэрпалі ўзаемна са сваіх культураў.
Ганна Гарачка