- Лексыкаграфічная праца - 2
- 13.12.2006
У 2001 годзе ў Нью-Ёрку выйшла праца Вітаўта Кіпеля й Зьмітра Саўкі Беларускія слоўнікі й энцыкляпэдыі (570 с.). Асноваю для гэтае бібліяграфічнае працы сталася картатэка, якая паўстала й папаўнялася на працягу 1960-1990-х гадоў. Штуршком для ўзьнікненьня картатэкі сталася жаданьне давесьці, што беларусы маюць пэўныя дасягненьні ў лексыкаграфічнай працы, і што беларуская мова такая ж багатая, як іншыя славянскія мовы. Беларусы ў эміграцыі стараліся зьмяніць падыход навуковаў грамадзкасьці Захаду, для якой было характэрнае русафільства, да славістыкі, каб не абмяжоўваць яе толькі да русістыкі й расейскае мовы.
„Таму пры сутыкненьні з багатымі радовішчамі лексычнага матэрыялу ўзмацнялася – выкрышталізоўвалася перакананьне на квантатыўнай базе паказаць, што беларускае слоўніцтва рознабакова, шматгранна разьвітае. Рэсурсы беларускага слоўніцтва – закумуляваныя ў народнай мове, ідыяматыцы, у гістарычным справаводзтве, у немалых тэрміналягічных зборах – гэта гарант нашага існаваньня як сувэрэннай нацыі”. (Вітаўт Кіпель, 40 гадоў бібліяграфічнага зьбіраньня, тамсама, с. VIII)
Гэтая бібліяграфічная праца – як адзначае З. Саўка – зьяўляецца першай спробай складаньня бібліяграфіі беларускіх слоўнікаў (у тым ліку й энцыкляпэдычных) без тэматычнага, часавага, прасторавага ці якога іншага абмежаваньня. Гэтая праца можа паслужыць фундамэнтам „для выкананьня аднаго з найважнейшых заданьняў беларускага мовазнаўства – пабудовы ўнівэрсальнае электроннае базы беларускае мовы, якая дасьць шырокі й трывалы грунт для стварэньня слоўнікаў разнастайнае тэматыкі й прызначэньня”. (Зьміцер Саўка, Асноўныя заўвагі для карыстальнікаў, тамсама, с. Х)
Аўтары адмовіліся ад групаваньня матэрыялу паводле тэматычнага прынцыпу.
„Такі падыход тлумачыцца тым, што ці ня большая частка слоўнікаў можа быць улучаная не ў адну, а ў дзьве або некалькі тэмаў. Такім чынам, колькі тэмаў закранае слоўнік, столькі разоў ён згадваўся б у адпаведных месцах бібліяграфіі. Гэта выклікала б значнае (магчыма, у некалькі разоў) павелічэньне аб’ёму кнігі й наўрад спрасьціла б карыстаньне ёю”. (Тамсама, с. XVII)
У слоўнік уваходзяць тры каталёгі: каталёг выданьняў і публікацыяў, каталёг рукапісаў і картатэкаў ды каталёг электронных слоўнікаў, а таксама сем паказьнікаў: паказьнік паводле тыпу слоўніка, тэматычны паказьнік, моўны паказьнік, асабовы паказьнік, геаграфічны паказьнік, паказьнік паводле месца выданьня й паказьнік паводле году выданьня. Матэрыял у каталёгах зарганізаваны ў артыкулы, разьмешчаныя ў альфабэтным парадку. Дзякуючы такой структуры гэтай бібліяграфічнай працы, вельмі проста й зручна ёю карыстацца.
Пра вялікае зацікаўленьне беларускай лексыкай ды ейнае багацьце сьведчыць агромністая колькасьць слоўнікавых працаў: каталёг выданьняў і публікацыяў зьмяшчае 2181 артыкул, каталёг рукапісаў і картатэкаў – 129 артыкулаў, а каталёг электронных слоўнікаў налічвае 10 такіх слоўнікаў.
Ніна Баршчэўская