• Беларуская мова ў Польшчы – 6
  • 05.05.2004
Беларуская мова ў Польшчы прысутная таксама ў сродках масавай інфармацыі, што зьяўляецца згодным з Законам аб нацыянальных і этнічных меншасьцях у Рэспубліцы Польшча, прынятым у 2002 годзе. У Арт. 4 Агульных правілаў Закону гаворыцца пра доступ да інфармацыі ў роднай мове, а ў Арт. 18 Разьдзелу 3 Закону сьцьвярджаецца, што фінансавая дапамога дзяржавы рэалізуецца м.ін. шляхам датацыяў на выдаваньне кніг, часопісаў, пэрыёдыкаў ды іншых друкаў у мовах нацыянальных меншасьцяў альбо ў польскай мове – у выглядзе друкаваным ці з выкарыстаньнем іншых тэхнікаў запісу – вобразу й гуку.

Гэтым правілам карыстаецца беларуская нацыянальная меншасьць у Польшчы.

І так – у друкаваным выглядзе выходзяць:
поўнасьцю па-беларуску:
- тыднёвік беларусаў у Польшчы „Ніва” (наклад 2000 асобнікаў),
- літаратурна-мастацкі й беларусазнаўчы часопіс „Тэрмапілы”,
- рэгіянальны часопіс „Бельські Госьцінэць”, які аднак выходзіць нерэгулярна;
у дзьвюх мовах – польскай і беларускай:
- „Часопіс” – „Czasopis” (наклад 1050 асобнікаў),
- „Przegląd Prawosławny” – „Праваслаўны Агляд” (наклад 6500 асобнікаў),
- „Гарадоцкія Навіны” – „Wiadomości Gródeckie” – (наклад 500 асобнікаў),
- часопіс Беларускага Гістарычнага Таварыства „Białoruskie Zeszyty Historyczne” – „Беларускія Гістарычныя Сшыткі” (наклад 600 асобнікаў),
а таксама шматмоўны гадавік „Annus Albaruthenicus” (наклад 350 асобнікаў).

Як вынікае зь фінансавых справаздачаў Дэпартамэнту Нацыянальных Меншасьцяў Міністэрства Культуры, у 2001 годзе беларусы на выдавецкую дзейнасьць атрымалі зь Міністэрства Культуры РП 625 900 злотых (каля 156 500 USD), што складала 10% бюджэту Дэпартамэту Нацыянальных Меншасцяў. У сваю чаргу ў 2002 годзе для беларускай меншасьці на выдавецкую дзейнасьць было прызначана 498 000 злотых (прыблізна 125 000 USD), што складала 8,8% бюджэту Дэпартамэту Нацыянальных Меншасцяў. З гэтага вынікае, што заўважылася тэндэнцыя скарачэньня колькасьці сродкаў на выдавецкую дзейнасьць беларусаў у Польшчы.

Апрача газэтаў і часопісаў, беларуская меншасьць у Польшчы карыстаецца таксама іншымі СМІ.

У структуры Польскага Грамадзкага Радыё ў Беластоку існуе Рэдакцыя Праграмаў для Нацыянальных Меншасьцяў, тыднёвы час вяшчаньня якой складае 3 гадзіны.
У сваю чаргу ў структуры Польскага Грамадзкага Радыё ў Варшаве ад 1992 году існуе Беларуская Служба Польскага Радыё, якая ўваходзіць у структуру Праграмы для Замежжа Радыё Палёнія. Праўда, нашая праграма прызначаная для грамадзянаў Беларусі й беларусаў у замежжы, але нямала ўвагі прысьвячаем у ёй менавіта праблемам беларускай нацыянальнай меншасьці ў Польшчы. Тыднёвы эфірны час нашай службы – 10,5 гадз. на кароткіх хвалях, 17,5 гадз. па спадарожніку EUTELSAT 2 F-6 Hot Bird ды 3,5 гадз. у Інтэрнэце www.radio.com.pl/polonia
У 1990-х гадох беларуская нацыянальная меншасьць у Польшчы мела сваё Радыё Рацыя зь сядзібай у Беластоку, якое аднак ужо больш за год таму спыніла працу з-за адсутнасьці фінансавых сродкаў.

Таксама Польская Тэлевізія не забывае пра нацыянальныя меншасьці. У Беластоцкім Аддзеле Польскай Тэлевізіі ёсьць праграма, прысьвечаная нацыянальным меншасьцям, пад назовам „Самі пра сябе”. Рэалізуецца яна ў трох мовах: беларускай, украінскай і летувіскай, і працягваецца прыблізна паўгадзіны.

Беларусы ў Польшчы маюць таксама свае інтэрнэтавыя старонкі:
www.radio.com.pl/polonia (старонка Беларускай Службы Польскага Радыё)
www.kamunikat.net.iig.pl (Інтэрнэтавая Бібліятэка, якую вядзе наш калега Яраслаў Іванюк)
www.niva.iig.pl (старонка тыднёвіка беларусаў у Польшчы „Ніва”)
www.slonko.home.pl (старонка Зьвязу Беларускай Моладзі)
www.basvas.republika.pl (старонка Беларускага Аб’яднаньня Студэнтаў у Польшчы).
Беларускай праблематыкі таксама датычыць, – але вядзецца ў польскай мове – інтэрнэтавая старонка Цэнтра Грамазянскай Адукацыі Польшча-Беларусь
www.bialorus.pl

Ніна Баршчэўская