• Беларуская мова ў Польшчы – 7
  • 12.05.2004
У Польшчы на беларускай мове вядзецца даволі багатая культурная й літаратурная дзейнасьць.

За апошнія 10 гадоў – ад 1994 да 2003 году – было апублікавана каля 100 кніг. Гэта зборнікі паэзіі, апавяданьняў, раманы, кніжкі для дзяцей, а таксама падручнікі й навуковыя манаграфіі.

На Падляшшы дзейнічае вялікая колькасьць гуртоў, якія сьпяваюць традыцыйныя фальклёрныя песьні, а таксама выконваюць поп- і рок-музыку.
Народнай песеннай творчасьцю займаюцца: Хор Беларускага Грамадзка-Культурнага Таварыства „Крыніца”, Хор Гайнаўскага Дому Культуры, „Чарамшына”, „Дзявочыя Ноткі”, „Каліна”, „Маланка”, „Расьсьпяваны Гарадок”, „Рэчанька”, „Васілёчкі”, „Зьнічка”...
Поп-музыкай займаюцца як індывідуальныя выканаўцы, гэтак і гурты, між іншым, Аля Дубэц, „As”, „Кошыкі”, „Лідэр”, „Прымакі”.
У сваю чаргу рок-музыку іграюць гурты: „0-85”, „RF Braha”, „Rima”, „The Dvery”.
Прысутная таксама бардаўская песьня, напр. у выкананьні Дуэту „Euforia”, ці Тамаша Сулімы.
Згаданыя гурты ня толькі выступаюць з канцэртамі, але й выдаюць кружэлкі.

Горш прадстаўляецца сытуацыя з тэатральнай дзейнасьцю. У прынцыпе, тэатар не існуе, але да малых тэатральных формаў можна залічыць конкурсы для вучняў: конкурсы беларускага аповяду, а таксама дэкляматарскія конкурсы „Сцэнічнае слова”.

На Падляшшы праходзяць розныя фэстывалі беларускай культуры:
- Фэстываль Музыкі Маладой Беларусі „Басовішча” ў Гарадку каля Беластоку (гэта фэстываль рок- музыкі),
- Фэстываль Польскай і Беларускай Песьні „Беласток-Горадня”,
- Агульнапольскі Фэстываль „Беларуская Песьня” ў Беластоку (фэстываль фальклёрнай музыкі),
- Конкурс Паэзіі й Прозы „Дэбют”,
- Польска-Беларускія Літаратурныя Сустрэчы „Бязьмежжа”,
- Сьвята Беларускай Культуры ў Беластоку,
- Сьвята „Купальле” ў Белавежы.
Гэтыя фэстывалі арганізуюцца штогод і карыстаюцца вялікай папулярнасьцю. Апрача гэтага праходзіць шэраг народных фэстаў, арганізатарам якіх зьяўляецца Беларускае Грамадзка-Культурнае Таварыства.

Дзейнасьць на мовах нацыянальных меншасьцяў падтрымліваецца цэнтральнымі ўстановамі. У Міністэрстве Культуры ёсьць Дэпартамэнт Культуры Нацыянальных Меншасьцяў, да заданьняў якога належыць:
- прызнаваньне дапамогі грамадзкім арганізацыям у галіне разьвіваньня культуры нацыянальных меншасьцяў,
- падтрымка ў рэалізацыі культурных імпрэзаў, арганізаваных таварыствамі нацыянальных меншасьцяў,
- падтрымка для прэсы, выдаванай прадстаўнікамі нацыянальных меншасьцяў,
- аналіз матэрыялаў пра міжнародныя стандарты ў галіне аховы культурнай спадчыны нацыянальных меншасьцяў,
- супрацоўніцтва зь меншаснымі таварыствамі ў галіне культурнай адукацыі дзяцей і моладзі,
- ацэнка праектаў юрыдычных актаў, канвэнцыяў, трактатаў і міжнародных стандартаў, датычных праблемаў культуры нацыянальных меншасьцяў,
- падтрымка дзейнасьці на карысьць талерантнасьці, а таксама дзейнасьці, якая папулярызуе ў польскім грамадзтве праблематыку культуры нацыянальных меншасьцяў,
- рэалізацыя заданьняў, якія вынікаюць з супрацоўніцтва зь Міжведамасным Калектывам па справах Нацыянальных Меншасьцяў,
- рэалізацыя дзяржаўнага мэцэнату ў галіне дзейнасьці Дэпартамэнту шляхам прызнаваньня ад імя міністра мэтавых датацыяў на рэалізацыю заданьняў, даручаных міністрам альбо вызначаных шляхам грамадзкіх тэндэраў.

Зразумела, праблематыкай нацыянальных меншасьцяў займаюцца таксама рэгіянальныя ўстановы. Управа Падляскага ваяводзтва разглядае прапановы розных арганізацыяў, датычныя прызнаваньня датацыяў на заданьні з галіны культуры й яе аховы, у тым ліку таксама й прапановы арганізацыяў нацыянальных меншасьцяў. Адным з крытэрыяў прызнаваньня датацыяў зьяўляецца „ўплыў на разьвіцьцё культуры ды ахову й рацыянальнае выкарыстаньне культурнай спадчыны, у тым ліку й дзеля падтрымкі культуры нацыянальных меншасьцяў, у форме, між іншым, народнага мастацтва, традыцыі, звычаяў, песьняў”.
З гэтымі інфармацыямі больш падрабязна можна пазнаёміцца на сайтах: www.umwp-podlasie.pl/pl www.mk.gov.pl http://pirxbis.cofund.org.pl/ngo/dialog/1994/

Беларуская культурная дзейнасьць вядзецца таксама па-за Падляшшам: у Варшаве й Гданьску, дзе дзейнічаюць аддзелы Беларускага Грамадзка-Культурнага Таварыства.

Трэба сказаць яшчэ й пра тое, што беларуская культурная й літаратурная праблематыка пашыраецца ў польскім грамадзтве, дзякуючы працы ўнівэрсытэцкіх асяродзьдзяў у Беластоку, Варшаве й Любліне, таксама дзякуючы дзейнасьці сяброў Польскага Беларусазнаўчага Таварыства, якое гуртуе беларусістаў з цэлай Польшчы. У Варшаве актыўна працуе Студэнцкае Навуковае Кола Albaruthenica. Дзейнічае таскама Інстытут Беларускай Культуры. Беларускія творцы зьяўляюцца частымі гасьцьмі розных польскіх установаў, якія займаюцца папулярызацыяй у польскім грамадзтве культурных дасягненьняў у краінах, што знаходзяцца за ўсходняй польскай мяжою.

Ніна Баршчэўская