• Беларуская мова ў Польшчы – 8
  • 19.05.2004
Беларуская нацыянальная меншасьць у Польшчы кампактна засяляе ўсходнюю частку Падляшша, аднак, нягледзячы на гэта, беларуская мова не ўжываецца ў афіцыйных установах гэтага рэгіёну. Пры гэтым трэба зазначыць, што цэнтральны польскі ўрад прыняў адпаведныя дзеяньні, якія адносяцца да прынцыпу выкарыстоўваньня моваў нацыянальных меншасьцяў ва ўстановах. Адпаведныя запісы апынуліся ў трактатах, падпісаных паміж Польшчай ды Нямеччынай, Чэхіяй і Славаччынай, Летувой ды Беларусяй.

Былі прынятыя таксама новыя правілы, датычныя правоў нацыянальных меншасьцяў у Польшчы. У Распараджэньні міністра ўнутраных справаў і адміністрацыі з 18 сакавіка 2002 году ў справе выпадкаў, у якіх назовы й тэксты павінны быць перакладзеныя на чужую мову, ёсьць гаворка й пра тое, што гэтае правіла датычыць м. ін. мясцовасьцяў, у якіх маем дачыненьне з кампактным пасяленьнем нацыянальных меншасьцяў альбо этнічных групаў. Пераклад на чужую мову датычыць назваў і тэкстаў на інфармацыйных дошках гарадзкой ці нейкай іншай установы, у сродках транспарту, а таксама тэкстаў, якія ўлады накіроўваюць да мясцовага грамадзтва.

У Польшчы ўсе паслугі (маюцца на ўвазе інфармацыйныя дошкі, тэлефанічныя кнігі, рахункі) вядуцца толькі ў польскай мове.

Польскае закандаўства не рэгулюе пытаньня напісаў прыватнага характару. Гэта значыць, што выкарыстоўваньне моваў нацыянальных меншасьцяў у такога тыпу напісах дазваляецца. Гэты прынцып прымяняецца на практыцы, напр. у выпадку дошкаў, інфармуючых пра сядзібу арганізацыяў ці рэдакцыяў газэтаў нацыянальных меншасьцяў.
Польскае заканадаўства не прадугледжвала запісу ў мовах нацыянальных меншасьцяў уласных назоваў мясцовасьцяў, вуліц ды іншых тапаграфічных найменьняў публічнага характару. Гэтакая магчымасьць прадбачваецца ў праекце Закону аб нацыянальных і этнічных меншасьцях у Рэспубліцы Польшча.

У сваю чаргу, калі гаварыць аб прозьвішчах, то польскія грамадзяне, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў, могуць уносіць зьмены ў імёны й прозьвішчы з мэтай дастасаваньня іх да гучаньня й правапісу ў роднай мове. Адбываецца гэта ў адміністрацыйным парадку на падставе Закону аб зьмене імёнаў і прозьвішчаў з 15 лістапада 1956 году. Паслуга зьменаў у напісаньні імя й прозьвішча – бясплатная. Некаторыя беларусы карыстаюцца ёю, аднак – трэба заўважыць – адбываецца гэта вельмі рэдка, напр. за гады 1990-2000 да прынцыпаў беларускай фанэтыкі й беларускага правапісу свае прозьвішчы дастасавалі толькі 3 асобы.

Права да ўжываньня імёнаў і прозьвішчаў у гучаньні, згодным з мовай нацыянальнай меншасьці, гарантуецца таксама ў Трактатах аб дружбе й добрасуседзкіх адносінах зь Нямеччынай, Летувой, Украінай і Беларусяй.

Мовы нацыянальных меншасьцяў могуць выкарыстоўвацца таксама ў судах. Асоба, якая ня ведае польскае мовы, мае права да перакладчыка. Дазваляе на гэта Арт. 5 Права аб судовай сыстэме з 27 ліпеня 2001 году. Таксама правілы Крымінальнага Кодэксу з 6 чэрвеня 1997 году прызнаюць абвінавачанаму – і другім асобам, якія бяруць удзел у судовым працэсе й ня ведаюць польскае мовы – права карыстацца дапамогай перакладчыка. І так, згодна з Арт. 234 Крымінальнага Кодэксу, трэба запрасіць перакладчыка ў наступных сытуацыях: калі дапытваецца саоба, якая ня ведае польскае мовы, альбо калі трэба перакласьці на польскую мову тэкст, падрыхтаваны ў чужой мове, і наадварот, а таксама, калі трэба пазнаёміць абвінавачанага з запісам у ягонай справе. У сваю чаргу згодна з Арт. 72 Крымінальнага Кодэксу абвінавачанаму ўручаецца разам зь перакладам прад’яўленьне закідаў, іх дапаўненьне альбо зьмяненьне. На падставе Арт. 407 Крымінальнага Кодэксу абвінавачаны мае права да таго, каб пазнаёміцца, прынамсі ў скароце, з паказаньнямі бакоў, якія ўдзельнічаюць у судовым працэсе.

Гэтае права найчасьцей выкарыстоўваецца ў дачыненьні да затрыманых на тэрыторыі Польшчы грамадзянаў Беларусі, паколькі беларусы, якія зьяўляюцца польскімі грамадзянамі, найчасьцей у дастатковай ступені валодаюць польскай моваю.

Ніна Баршчэўская