• Беларуская мова ў Польшчы – 9
  • 26.05.2004
У Польшчы, нягледзячы на вялікую беларускую нацыянальную меншасьць, амаль не заўважаецца беларуская мова ў эканамічным жыцьці краіны.

У прынцыпе, валоданьне беларускай мовай патрэбнае толькі настаўнікам беларускай мовы й літаратуры, журналістам, якія працуюць на радыёстанцыях і тэлестанцыях, што рыхтуюць праграму ў беларускай мове, ды працаўнікам фірмаў, якія гандлююць зь фірмамі на ўсходніх рынках, але трэба заўважыць, што ў гэтым апошнім выпадку перавага за расейскай мовай.

Калі гаварыць пра рэкляму ў беларускай мове, то выкарыстоўвалася яна на Падляшшы пасьлядоўна толькі Беларускім Выбарчым Камітэтам. Апрача гэтага сустракаецца спарадычна, напр. на Радыё Беласток перадавалася па-беларуску рэкляма сеткі крамаў Auchan. Зрэдку сустракаліся выпадкі зьмяшчаньня інфармацыі па-беларуску на ўпакоўках польскіх сокаў, якія, праўдападобна, былі прызначаныя на беларускі рынак. Апрача гэтага, не назіраецца ніякіх ініцыятываў павелічэньня прысутнасьці беларускай мовы ў рэкляме.
Калі гаварыць пра ўдзел нацыянальных меншасьцяў у эканамічным і грамадзкім жыцьці краіны, то – паводле Эўрапейскай Камісіі супраць Расізму й Неталерантнасьці (ECRI) – у Польшчы мала ёсьць даступных інфармацыяў пра магчымы аб’ём дыскрымінацыі ў галіне працаўладкаваньня, а таксама статыстычных дадзеных пра ўзровень беспрацоўя сярод розных групаў нацыянальных меншасьцяў, ці прыкладаў прысудаў, датычных адпаведных правілаў Кодэксу Працы, якія супрацьдзейнічаюць дыскрымінацыі. Эўрапейская Камісія супраць Расізму й Неталерантнасьці заахвочвае польскія ўлады ды вызначэньня сыстэмаў маніторынгу сытуацыі розных групаў нацыянальных меншасьцяў на рынку працы ў Польшчы з мэтай прадухіленьня магчымай дыскрымінацыі.

У заўвагах да рапарту Эўрапейскай Камісіі супраць Расізму й Неталерантнасьці польскія ўлады заяўляюць, што правілы Закону з 14 сьнежня 1994 году аб працаўладкаваньні й супрацьдзеяньні беспрацоўю не дапушчаюць ніякіх формаў дыскрымінацыі польскіх грамадзянаў, між іншым, з увагі на нацыянальнасьць, у доступе да працы. Таксама грамадзяне іншых дзяржаваў, якія легальна прабываюць на тэрыторыі Польшчы й атрымалі дазвол на працаўладкаваньне, карыстаюцца тымі самымі правамі, што й польскія грамадзяне.

На памежжы Польшчы, Летувы, Беларусі й Расеі, на якім кампактна жывуць палякі, беларусы й летувісы ды ў невялікай ступені расейцы, у чэрвені 1997 году наладзілася супрацоўніцтва ў рамках эўрарэгіёну Нёман. Раней, у верасьні 1995 году быў пакліканы эўрарэгіён Буг, які сваім абсягам ахоплівае памежныя тэрыторыі Польшчы, Беларусі й Украіны, а гэтым самым і тэрыторыі, заселеныя палякамі, беларусамі, летувісамі, украінцамі, а таксама татарамі. Некалькі разоў угод арганізуюцца сустрэчы дзеячаў самакіраваньняў з памежных рэгіёнаў Польшчы й Беларусі.

Больш інтэнсыўныя кантакты назіраюцца ў культурна-навуковым жыцьці беларускай меншасьці ў Польшчы. Штогод адбываюцца міжнародныя навуковыя канфэрэнцыі, якія найчасьцей вядуцца ў дзьвюх мовах: польскай і беларускай, праходзяць музычныя фэстывалі, мэтадычна-дыдактычныя сустрэчы, літаратурныя, мастацкія...

Польскі ўрад падпісаў двухбаковыя й шматбаковыя дамовы, якія зьвязваюць польскую дзяржаву з суседнімі краінамі. І так, пашырэньню двухбаковых адносінаў, у тым ліку й беларускай мовы ў Польшчы, спрыяюць такія дамовы з Рэспублікай Беларусь, як:
- Трактат паміж Рэспублікай Польшча й Рэспублікай Беларусь аб добрым суседзтве – з 23 чэрвеня 1992 году;
- Дамова паміж Урадам Рэспублікі Польшча й Урадам Рэспублікі Беларусь аб супрацоўніцтве ў галіне культуры, навукі й асьветы – з 27 лістапада 1995 году;
- Паразуменьне аб супрацы паміж Міністэрствам Нацыянальнай Адукацыі Рэспублікі Польшча й Міністэрствам Адукацыі Рэспублікі Беларусь на гады 1997-1999 (разам з Плянам працы) – з 18 сакавіка 1997 году. За згодай абодвух бакоў тэрмін важнасьці паразуменьня працягваецца на наступныя гады.

Існуюць таксама дамовы аб навуковым і дыдактычным супрацоўніцтве паміж польскімі й беларускімі ўнівэрсытэтамі.

Ніна Баршчэўская