• Беларуская мова ў Польшчы – 10
  • 02.06.2004

Кожны з нас мае ўплыў на жывучасьць мовы. Ейнае стабільнае разьвіцьцё ў вялікай ступені залежыць ад таго, ці карыстаемся роднай мовай у сямейным жыцьці. Вядома, што беларуская мова не карыстаецца належным ёй прэстыжам на Бацькаўшчыне. Але ж беларусы жывуць таксама па-за межамі Беларусі, між іншым, у Польшчы. Якой мовай карыстаюцца яны ў сямейным жыцьці?

Аказваецца, што ў Польшчы беларуская мова ў сямейным жыцьці прысутнічае даволі рэдка. Бацькі да сваіх дзяцей найчасьцей зьвяртаюцца па-польску. Традыцыйна ўжо па-беларуску размаўляюць жыхары вёсак, а ў гарадох беларуская мова карыстаецца пашанай толькі ў сем’ях сьвядомых беларусаў, у якіх існуе моцная матывацыя да падкрэсьліваньня свае беларускае нацыянальнае ідэнтычнасьці.

На працягу многіх дзесяткаў гадоў сытуацыя, зразумела, зьмянялася.

У палове 1950-х гадоў заўважалася адраджэньне беларускай культуры. У той час было заснаванае Беларускае Грамадзка-Культурнае Таварыства, пачаў выходзіць тыднёвік беларусаў у Польшчы „Ніва”, у Варшаўскім Унівэрсытэце ўзьнікла Катэдра Беларускае Філялёгіі. Асабліва вялікую ролю выканала „Ніва”, якая прычынілася да пашырэньня беларускага пісанага слова; дзякуючы „Ніве” яно здолела дайсьці да розных грамадзкіх групаў. Паявіліся дзесяткі вакальных, тэатральных ды інструмэнтальных гуртоў; народныя тэатры й хоры арганізаваліся амаль у кожнай беларускай вёсцы на Беласточчыне. Такая сытуацыя, зразумела, спрыяла шырэйшаму карыстаньню беларускай мовай таксама ў сямейным жыцьці.

У 1960-х гадох сытуацыя пачала пагаршацца. Умяшаньне цэнзуры не дазваляла супрацоўнікам „Нівы” публікаваць артыкулы, у якіх закраналася пытаньне нацыянальнай тоеснасьці. Таксама ў гэты пэрыяд школьная адміністрацыя рабіла захады, каб абмежаваць навучаньне беларускае мовы, пра што сьведчыць Распараджэньне Міністра Асьветы з 17 лістапада 1962 году. Паявіліся цяжкасьці з набыцьцём падручнікаў у беларускай мове. Гэта ўсё адмоўна адлюстравалася на сытуацыі беларускае мовы ў сямейным жыцьці.

Найгоршае аднак наступіла ў 1970-х гадох. Частка беларускіх культурных і адукацыйных установаў была папросту скасаваная. Гэта быў катастрафічны пэрыяд для беларускай культуры ў Польшчы. Асабліва некарысныя зьмены наступілі ў адукацыйнай сыстэме. 11 лютага 1971 году Міністэрства Асьветы й Вышэйшай Адукацыі выдала распараджэньне пра дабравольнасьць вывучэньня беларускае мовы, і адначасова загадала бацькам штогод запаўняць дэклярацыі, што хочуць, каб іхныя дзеці вывучалі беларускую мову. Пры гэтым беларуская мова абмежавалася толькі да заняткаў па беларускай літаратуры й мове; наступіла поўная ліквідацыя навучаньня іншых прадметаў па-беларуску. Таксама іншыя формы культурнай творчасьці былі пазбаўленыя інструктарскай і фінансавай дапамогі. Праўным санкцыянаваньнем такой палітыкі была пастанова ІІІ Пленуму Цэнтральнага Камітэту Польскай Аб’яднанай Рабочай Партыі з 20 лютага 1976 году „Аб паглыбленьні патрыятычнага адзінства народу, аб умацаваньні дзяржавы й разьвіцьці сацыялістычнай дэмакратыі”, якая фармулявала прынцыпы дзяржавы аднароднай у этнічным пляне. У выніку гэтакай палітыкі амаль паўсюднай зьявай сталася скрываньне беларусамі свае няпольскае нацыянальнае тоеснасьці, асабліва ў выпадку, калі беларуская тоеснасьць ставалася перашкодай у рэалізацыі прафэсійных асьпірацыяў. Вельмі часта прымушала іх да гэтага практыка штодзённага жыцьця ў новым гарадзкім асяродзьдзі. У другім пакаленьні нярэдка паяўлялася пагарда ў дачыненьні культуры сваіх продкаў. Беларуская мова пачала асацыявацца выключна зь вёскаю, цяжкой працай і бядою. Да беларускай мовы зьвярталіся толькі ў сямейным вясковым асяродзьдзі падчас наведваньня бацькоў. Аднак падчас сустрэчаў з тымі самымі людзьмі, але ў горадзе, і яшчэ ў прысутнасьці іншых асобаў, пераходзілі на польскую мову. Паўсюднай зьявай сталася зьмена беларускіх імёнаў на іншыя, характэрныя для польскіх каталіцкіх асяродзьдзяў. Дзеці пачалі атрымліваць імёны, якія раней не выступалі ў беларускім асяродзьдзі Беласточчыны, якія ня мелі свайго патрона сярод сьвятых Праваслаўнае Царквы. Затойваньне свае нацыянальнае ідэнтычнасьці сталася амаль правілам сярод беларускай грамадзкасьці ў Польшчы. У гадох 1970-1980 гэтая боязь не была беспадстаўнай, таму што ні з боку ўладаў, ні з боку апазыцыі не было сыгналаў, якія заахвочвалі б беларусаў заставацца сабою.

Нягледзячы на некарысную й дыскрымінацыйную палітыку ўладаў, у 1980 годзе паявіліся сымптомы, спрыяльныя духоваму адраджэньню беларусаў у Польшчы. Прычынілася да гэтага паслабленьне кантролю ўладаў над дзейнасьцю беларускай інтэлігенцыі, а таксама атмасфэра, спрыяльная імкненьням да зьменаў ва ўсіх галінах грамадзкага жыцьця. Працэс культурнага адраджэньня ня меў аднак падтрымкі з боку эканомікі й дэмаграфіі на беларускай этнічнай тэрыторыі. Вёскі ўжо былі ў вялікай ступені апусьцелыя ды падлягалі хуткай цывілізацыйнай дэградацыі. Паяўленьне прафсаюзу „Салідарнасьць” не сустрэлася з энтузіязмам сярод беларусаў, у адчуваньні якіх адносіны да іх з боку польскага насельніцтва значна пагоршыліся. Тым ня менш, імкненьне да зьменаў ставалася ўсё больш заўважальным. Напрыканцы лістапада 1980 году Галоўная Ўправа Беларускага Грамадзка-Культурнага Таварыства выступіла зь лістом да І сакратара Цэнтральнага Камітэту Польскай Аб’яднанай Рабочай Партыі, Станіслава Кані, у якім прадставіла сытуацыю беларускай меншасьці ў Польшчы ды ейныя патрэбы. У мэмарыяле патрабавалася:
- адступленьня ад пастановы Пленуму ЦК ПАРП з 1976 году пра этнічную аднароднасьць дзяржавы,
- загарантаваньня прапарцыянальнага да нацыянальнага складу насельніцтва беларускага прадстаўніцтва ў Сэйме й ворганах ваяводзкіх уладаў,
- вяртаньня беларускіх культурных установаў.
Рашучая бальшыня пастулятаў ніколі не была рэалізаваная. Тым ня меней, заўважаўся рост актыўнасьці сярод беларускай інтэлігенцыі. Узьніклі новыя арганізацыі: Беларускае Аб’яднаньне Студэнтаў, Беларускае Дэмакратычнае Аб’яданньне, Зьвяз Беларускай Моладзі. Паявіліся спробы навучаньня беларускай мовы ў Беластоку, дзе раней такіх магчымасьцяў не было. Гэтая дзейнасьць у нейкай ступені, хоць невялікай, і то толькі сярод насельніцтва, сьвядомага свае нацыянальнае тоеснасьці, прычынілася да адраджэньня беларускае мовы таксама ў сямейным жыцьці.

Шырэйшую інфармацыю на гэтую тэму можна знайсьці ў наступных крыніцах:
- Wiesław Choruży, Białorusini w Polsce w latach 1945-1990, w: Białoruski drugi obieg w Polsce 1981-1990, Białystok 1994.
- Mariusz Kowalski, Polacy na Białorusi, Białorusini w Polsce – obraz pogranicza dwóch narodów, www.bialorus.pl
- Eugeniusz Mironowicz, Oleg Łatyszonek, Krótka historia białoruskiej mniejszości narodowej w Polsce w latach 1944-2001, w: Historia Białorusi, Białystok 2002.

Ніна Баршчэўская