• Беларуская мова ў Польшчы – 11
  • 09.06.2004

Сацыяльны статус беларускай мовы ў Польшчы да нядаўна яшчэ быў вельмі нізкі. Беларуская мова асацыявалася выключна зь вёскаю, цяжкой працай і бядою. Насельніцтва карысталася ёю ў сямейным асяродзьдзі падчас наведваньня бацькоў, але ўжо пры сустрэчах з тымі самымі людзьмі, толькі ў гарадзкім асяродзьдзі, асабліва ў прысутнасьці іншых людзей, размовы вяліся па-польску. Сьведчаньнем нізкай прэстыжнасьці мовы ды жаданьня прыхаваць сваю нацыянальную ідэнтычнасьць зьяўлялася зьмена беларускіх імёнаў на імёны, характэрныя для польскіх каталіцкіх асяродзьдзяў.

Сёньня пакрысе назіраецца адваротны працэс. Беларуская мова памалу пераўтвараецца з мовы вясковай у мову інтэлігенцыі, сьвядомай сваіх нацыянальных каранёў ды ролі мовы ў кшталтаваньні нацыянальнае тоеснасьці. Але падтрымкі для пашырэньня беларускамоўнага асяродка ў Польшчы, у прынцыпе, няма. Ніякія ўстановы не імкнуцца ўвесьці моваў нацыянальных меншасьцяў у штодзённае жыцьцё.

Цяжка чакаць падтрымкі таксама з боку Царквы. Беларускае каталіцкае насельніцтва ў Польшчы амаль цалкам спалянізавалася. Асноўнай прычынай гэтага было атаесамліваньне веравызнаньня з нацыянальнасьцю – калі каталік, дык паляк. Захаваньню нацыянальнай тоеснасьці больш спрыяла праваслаўе, якое адмяжоўвала беларусаў ад палякаў.

Аднак беларуская мова непрысутная і ў Царкве. Праўда, многія сьвятары ведаюць сваю родную мову з дому, іншыя ў сваю чаргу вывучалі яе ў Хрысьціянскай Тэалягічнай Акадэміі, але й там ужо некалькі апошніх гадоў не вялося навучаньне па-беларуску, пра што сьведчаць пляны заняткаў.

Набажэнства ў Праваслаўнай Царкве ў Польшчы вядзецца ў царкоўна-славянскай мове, а казані – найчасьцей па-расейску. Толькі нешматлікія сьвятары зьвяртаюцца да сваіх вернікаў па-беларуску.

Бальшыня носьбітаў беларускае мовы ўспрымае яе як мала прыдатную, пашырэньне якой усё больш абмяжоўваецца. Гэта ў вялікай ступені выклікана сытуацыяй беларускае мовы ў Беларусі, дзе выступае выразная дамінацыя расейскае мовы.

Тым ня менш, родную мову вывучае маладое пакаленьне беларусаў у Польшчы. Яно валодае беларускай літаратурнай мовай лепш за сваіх бацькоў, але ў штодзённым жыцьці найчасьцей аднак карыстаецца польскай мовай.

Дарэчы, варта сказаць, што беларускую мову ў Польшчы вывучаюць ня толькі беларусы, але й прадстаўнікі іншых нацыяў, у асноўным – польскай. Моладзь, якая ніколі раней ня мела дачыненьня зь беларускай мовай, даволі пасьпяхова авалодвае ёю цягам 5 гадоў навукі ў Катэдрах Беларускай Філялёгіі, якія існуюць у Варшаве, Беластоку й Любліне.

Ніна Баршчэўская