У Беластоку адчынены чатыры турыстычныя трасы: роду Браніцкіх, храмаў розных канфэсій, былых фабрыкантаў і драўлянага дойлідзтва. Агульны лёзунг тых трасаў: „Шматкультурны Беласток”.
У горадзе зьявілася 38 новых дошкаў зь інфармацыяй пра мінулае паасобных будынкаў і гістарычныя месцы.
На трасе роду Браніцкіх знаходзіцца найбольш вядомы архітэктурны помнік Беластока – палац Браніцкіх, фарны касьцёл, дзе знаходзіцца сэрца Яна Клемэнса Браніцкага, а таксама летняя рэзыдэнцыя роду ў падбеластоцкім мястэчку Харошч.
Траса храмаў вядзе ў каталіцкія, праваслаўныя, мусульманскія й габрэйскія сакральныя аб'екты.
Траса беластоцкіх фабрыкантаў ахоплівае м.ін. старую фабрыку Бэкера, дзе выраблялі шоўк і воўну, тытунёвы завод Файвэля Яноўскага й фабрыку Новіка, дзе на пераломе XІX і XX стагодзьдзяў ішла прадукцыя капелюшоў.
Помнікі драўлянага дойлідзтва Беластока знаходзяцца ў найстрэйшым раёне Баяры й гістарычным габрэйскім раёне Ханайкі.
яс