Эўропа паглыбляе супрацоўніцтва з краінамі „Ўсходняга партнэрства”, аднак гэта ня тычыцца Беларусі, перш за ўсё з-за палітычнай сытуацыі ў Менску – падкрэсліваюць удзельнікі Эўрапейскага эканамічнага кангрэсу. Анджэй Цяшкоўскі, упаўнаважаны польскага ўраду па пытаньнях „Усходняга партнэрства” зьвярнуў увагу:
"У выпадку Беларусі, якая патэнцыйна ахоплена „Ўсходнім партнэрствам”, не было дасягнута двухбаковага супрацоўніцтва".
У сваю чаргу, дарадчык Амбасады Беларусі ў Польшчы Андрэй Лазавік адзначыў:
"Беларусь заклікае стварыць Форум усходняга разьвіцьця, аднак сёньня няма такога суб’екта сярод удзельнікаў „Усходняга партнэрства”, які выклікаў бы цікавасьць усёй Эўропы".
У рамках „Усходняга партнэрства” Эўразьвяз рэалізуе некалькі праектаў, у тым ліку ў галіне энэргетыкі, адміністрацыі й бізнесу. З гэтак званага "Эўрапейскага інструмэнту партнэрства й суседства" на 2011–2013 гады Беларусь не атрымала нічога, у той час, як для Ўкраіны выдзелена больш за 470 мільёнаў эўра.
З Катавіцэ для Беларускай службы Польскага радыё Ігар Ісаеў