Сябры 38-мі недзяржаўных арганізацый з 16-ці краін сьвету зьвярнуліся з адкрытым лістом да Аляксандра Лукашэнкі.
“Мы асуджаем новыя рэпрэсыі супраць беларускай грамадзянскай супольнасьці й нядаўнія арышты мірных дэманстрантаў. Мы заклікаем беларускія ўлады спыніць гвалт у дачыненьні да людзей, якія бароняць сваё права на свабоду сходаў і свабоду думкі”, -- гаворыцца ў звароце.
Падпісантамі звароту сталі як эўрапейскія праваабарончыя арганізацыі, накшталт знакамітага “Нарвэскага Хэльсінскага Камітэту”, так і абаронцы правоў чалавека з Расеі, Грузыі, Азэрбайджану.
У звароце прыгадваюцца ўсе выпадкі гвалтоўных разгонаў “маўклівых акцый”, пачынаючы з 15-га чэрвеня. Асобную ўвагу аўтары надзяляюць арыштам праваабаронцаў і перашкодам прафэсыйнай дзейнасьці журналістаў.
Прыняцьцё гэтай заявы ня столькі абнадзейвае ў станоўчай рэакцыі беларускіх уладаў, колькі сьведчыць пра дасканалую інфармаванасьць замежных праваабаронцаў пра беларускую рэчаіснасьць.
Арцём Багданаў, Менск