Эўрапейская камісія працягвае аналізаваць заявы дзяржаваў аб выплаце кампэнсацый для агароднінаводаў, якія панесьлі страты ў выніку эпідэміі кішэчнай палачкі.
Аднак сёньня рашэньне ня будзе прынятае, заявіла Камісія. Адна з прычын - гэта дадатковыя тлумачэньні, пра якія папрасіў Брусэль у некалькіх дзяржаў. Частка ўрадаў перадала іх позьнім вечарам у пятніцу.
Польшча аказалася ў групе тых краін, якія павінны перагледзець свае заявы, таму што ў Камісіі ўзьніклі сумневы. Спачатку Варшава прасіла 81 мільён эўра кампэнсацыі – найбольш з усіх дзяржаваў, нават больш чым Гішпанія, якая панесла найбольшыя страты, таму што менавіта яе называлі крыніцай заражэньня бактэрыяй.
Польшча зьменшыла суму страт і суму хадайніцтва да 50 мільёнаў эўра.
Агулам за фінансавую падтрымку да Эўракамісіі зьвярнуліся 22 дзяржавы. Кампэнсацыйны фонд складае 210 мільёнаў эўра.
яс