• Суадносіны паміж мовай і нацыянальнай тоеснасьцю
  • 02.12.2004
Часопіс „Беларуская Моладзь”, дзеля падкрэсьленьня значэньня беларускае мовы, прыводзіць Прадмову да „Дудкі Беларускай” Францішка Багушэвіча. Сёньня застаецца яна надалей актуальнай гэтак жа, як і ў XІX стагодзьдзі.

„Братцы мілыя, дзеці Зямлі – Маткі маей! Вам ахвяруючы працу сваю, мушу з вамі пагаварыць трохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, ды і не адны мы, а ўсе людзі цёмныя, «мужыцкай» завуць, а завецца яна «беларускай».

...І пераканаўся я, што мова нашая такая-ж людзкая й панская як і француская, альбо нямецкая, альбо й іншая якая. Чытаў я цімала старых папераў па дзьвесьце, трыста гадоў таму пісаных у нашай зямлі і пісаных вялікімі панамі, а нашай мовай чысьцюсенькай, як-бы вот цяпер пісалася.

...Наша мова для нас сьвятая, бо яна нам ад Бога даная, як і другім добрым людцом, і гаворым-жа мы ёю шмат і добрага, але так ужо мы самі пусьцілі яе на зьдзек, не раўнуючы, як і паны вялікія ахвотней гавораць па-француску, як па-свойму.

...Ці-ж ужо нам канешне толькі на чужой мове чытаць і пісаць можна? Яно добра, а навет трэба знаць суседзкую мову, але наперш трэба знаць сваю.

...Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так як той чалавек перад скананьнем, катораму мову займе, а потым і зусім замерлі. Не пакідайце-ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмерлі! Пазнаюць людзей ці па гаворцы, ці па адзежы, хто якую носе; ото-ж, гаворка, язык і ёсьць адзежа душы.

...Можа хто спытае: дзе-ж Беларусь? Там, братцы, яна, дзе наша мове жывець, яна ад Вільні да Мазыра, ад Віцебска за малым не да Чарнігава, дзе Гродна, Менск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчак і вёскаў...”
(Прадмова да „Дудкі Беларускай”, у: „Беларуская Моладзь”, № 10, Нью-Ёрк 1961, с. 15)

На актуальнасьць Багушэвічавага закліку Не пакідайце-ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмерлі! зьвяртае ўвагу Янка Запруднік.

„Другая палавіна мінулага стагодзьдзя [ХІХ стагодзьдзя – Н.Б.] адзначалася на Беларусі праявамі расейскай царскай рэакцыі ў вадносінах да беларускасьці. Пад яе наступам беларускае друкаване слова мусіла йсьці або ў падпольле, або на выгнаньне. Таму якраз Францішку Багушэвічу і прыпісваецца асаблівая заслуга за тое, што ён стаў у вабарону свайго народу й роднае мовы ў часы найбольшае загрозы ім. (...)

У чым-жа своеасаблівасьць і актуальнасьць Багушэвічавай творчай спадчыны? Яна знаходзіцца ў тым, што паэта першы вычуў і зразумеў пагрозу русыфікацыі беларускага народу, небясьпеку ягонае нацыянальнае сьмерці. Ён першы ў нашай навейшай літаратуры паказаў на шлях ратунку ад гэтае пагібелі. Ягоны кліч, кінуты ім у Прадмове да свайго першага выданьня вершаў у 1891 годзе, загучэў запраўдным звонам трывогі перад агульнай пагрозай дэнацыяналізацыі народу: Не пакідайце-ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмерлі!. Побач з гэтым Багушэвіч змагаўся і супраць усялякіх камплексаў нацыянальнае ніжэйшасьці, якія пры дапамозе насьмешак над беларускай мовай і фальшаваньня гісторыі Беларусі прышчэпліваліся нашаму народу.”
(Янка Запруднік, Не пакідайце-ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмерлі! (З радыёвай хвалі Вызваленьне), у: „Бацькаўшчына”, №№ 12-13 (294-295), Мюнхэн, 25 сакавіка 1956, с. 2)

Я. Запруднік заклікае разглянуцца вокал сябе й задумацца, ці сёньня на Бацькаўшчыне не паўтараецца тое самае зьявішча.

„Праўда, афіцыйнае забароны мовы няма. Але ці-ж ня сьведама занядбоўваецца яна на карысьць цяперашняе савецкае «францушчыны» ў расейскай форме?! Ня трэба далёка хадзіць, каб пераканацца ў гэтым. Хопіць паглядзець на рэклямы, афішы, напісы на вуліцах, на рэпэртуар беларускіх тэатраў і канцэртаў, хопіць паслухаць мовы беларускіх агітатараў, партыйных сакратароў і іншых камуністычных «культуртрэгераў», «абкультураных» духам «найбольш выдатнае савецкае нацыі», каб пабачыць, у якія закуткі выціскаецца беларускае слова.” (Тамсама)

Некаторыя кіраўнікі адзнаку культурнае вышэйшасьці прыпісваюць карыстаньню расейскай мовай. А ад афіцыйнага акрэсьленьня „культурнае ніжэйшасьці” недалёка ўжо й да неафіцыйнага акрэсьленьня беларускае мовы, як „простае” й „мужыцкае” – адзначаецца на старонках газэты „Бацькаўшчына”.

Кліч Францішка Багушэвіча Не пакідайце-ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмерлі! быў кінуты даўно, аднак ён актуальны й сёньня. Таму й постаць беларускага адраджэнца Ф. Багушэвіча набірае новае актуальнасьці, як абаронцы беларускае мовы – заўважае Я. Запруднік.

Зь ягоным меркаваньнем пагаджаецца Станіслаў Крушыніч:

„Ад самага пачатку беларускага нацыянальнага адраджэння й аж да сяньняшніх дзён найважнейшымі фактарамі нацыянальнага існаваньня народу й разьвіцьця ягонае нацыянальнае культуры сталіся родная мова й мастацкая літаратура, гэтаю моваю напісаная” (Ст. Крушыніч (псэўданім Станіслава Станкевіча), „Беларусь – мая мова і песьня”, у: „Беларус”, № 87, Нью-Ёрк, чэрвень 1964, с. 3)

Станіслаў Крушыніч падкрэсьлівае, што яшчэ ў канцы XІX стагодзьдзя першым Францішак Багушэвіч заклікаў беларусаў не цурацца роднае мовы, каб ня ўмерлі. Пазьней Янка Купала ў многіх сваіх вершах вызначыў ролю роднае мовы як найважнейшага фактара нацыянальнага існаваньня народу. У 60-х гадох XX стагодзьдзя функцыю абаронцаў роднае мовы ўзялі на свае плечы таксама ў асноўным пісьменьнікі. Рыгор Барадулін у вершах Беларусь – мая мова і песьня ды Мая мова запратэставаў супраць камуністычнай тэорыі аб паступовым сьціраньні граняў нацыяў і адміраньні ў будучыні – як перажытку – нацыянальных моваў. Рыгор Барадулін верыць, што беларуская мова спрадвечная й вечная – адзначае С. Крушыніч.

Таксама часопіс „Барацьба” заўважае, што пакуль будзе беларуская мова, так доўга будзе жыць і беларускі народ.

„Мова ёсьць вопраткай душы. Прыгожая й багатая мова гэта доказ высокай духовай культуры данага народу. Беларускі народ у няволі знаходзіўся стагодзьдзямі, але стварыў высокія духовыя багацьці. Беларуская мова сачыстая, мілагучная. У ёй можна выказаць усе людзкія пачуцьці, хараство.” (Жало, Што за мова?, у: „Барацьба”, № 4 (43), Штутгарт 1961, с. 18-19).

Беларуская гісторыя паказвае, што з усіх элемэнтаў азначэньня нацыянальнасьці – тэрыторыі, эканомікі, культуры, псыхікі й г.д. – мова была асноватворным фактарам. Яна мела прыярытэт над тэрыторыяй, бо паводле мовы вызначалася й тэрыторыя, а не наадварот – адзначае Я. Запруднік на старонках „Запісаў”. Акадэмік Яўхім Карскі, апрацоўваючы Этнаграфічную карту беларускага племя, для вызначэньня межаў браў пад увагу выключна жывую народную мову, як пісаў – неадлучную адзнаку беларускае народнасьці на працягу ейнага шматвяковага жыцьця. Калі людзі трацяць матчыну мову, яны пакідаюць усьведамляць сваю прыналежнасьць. З чужой мовай яны прыймаюць чужыя звычаі і для свайго племя стаюцца згубленымі. Таксама Францішак Багушэвіч на пастаўленае сабою ў зборніку Дудка беларуская ў 1891 годзе пытаньне: гдзе-ж цяпер Беларусь? сам і адказаў: Там, браткі, яна, гдзе наша мова жывець. Гэта мова сталася важным фактарам калі не юрыдычнага, дык фактычнага прызнаньня беларусаў як народу царскім урадам у 1897 годзе, у час перапісу насельніцтва Расейскае Імпэрыі. Язэп Лёсік у 1920-х гадох паўтараў сваім студэнтам, што мова вызначае палітыку, эканоміку й грамадзкі лад жыцьця. (Янка Запруднік, Дзяржаўнасьць Беларусі ў дасавецкую пару, у: „Запісы”, № 15, Нью-Ёрк 1977, с. 17-18)

Адмаўленьне ад роднае мовы спрыяе хутчэйшай асыміляцыі – заўважае П. Залужны ў артыкуле Як зьнікаюць Беларусы й іншыя народы СССР („Бацькаўшчына”, № 8 (492), Мюнхэн, 21 лютага 1960, с. 2.) Па словах аўтара, адрачэньне ад роднае мовы найчасьцей прычыняецца да палянізацыі беларусаў – каталікоў і русыфікаці праваслаўных беларусаў.

Часопіс „Барацьба” заклікае да вывучаньня роднае мовы ня толькі ў Беларусі, але й па-за яе межамі.

„Калі беларускі народ на акупаванай Бацькаўшчыне змагаецца за тое, каб вучыць дзяцей у роднай мове, дык сорам нам, палітычным эмігрантам, каб нашыя дзеці ня ведалі роднае мовы тут, дзе гэта ня ёсьць ніякім праступкам.” (Ю. Попко, Бацькі, вучэце дзяцей роднае мовы!, у: „Барацьба”, № 4 (27), Штутгарт 1958, с. 18-19)

Веданьне роднае мовы прыносіць ня толькі прыемнасьць, але й карысьць: гэтак для тых, хто, магчыма, вернецца на Бацькаўшчыну, як і для тых, хто назаўсёды застанецца ў эміграцыі, таму што родная мова будзе ня толькі доказам іх духовае й нацыянальнае сілы, але таксама будзе выконваць функцыі мовы сямейнай і адначасова мовы замежнай.

„Беларусь не заўсёды будзе калёніяй і «забароненай зонай» у межах расейскай імпэрыі, але вольнаю краінаю.” (Тамсама, с. 19)

Прадстаўнікі беларускай эміграцыі, ведаючы сваю родную мову, здолеюць заняць адказныя пасады ў дыпляматыі, а таксама ў галінах культурнай, гаспадарча-гандлёвай і турыстычнай лучнасьці.

Беларуская эміграцыя зь вялікім клопатам падходзіла да пытаньня неабходнасьці захаваньня й разьвіцьця роднае мовы, таму што мова зьяўляецца адным з чыньнікаў, якія вызначаюць беларускую нацыянальную тоеснасьць. (Nina Barszczewska, Język a tożsamość narodowa Białorusinów w ujęciu emigracji białoruskiej, w: Język a tożsamość na pograniczu kultur, Białystok 2000, s. 6-11)

Гэтаму пытаньню шмат увагі прысьвячаюць сёньня як беларускія, гэтак і польскія мовазнаўцы.

Ніна Баршчэўская