• Суадносіны паміж мовай і нацыянальнай тоеснасьцю
  • 09.12.2004
Двухмоўе – як здольнасьць карыстацца прынамсі дзьвюма мовамі – у сёньняшнім цывілізаваным сьвеце амаль паўсюднае. Аднак беларускі білінгвізм спэцыфічны – уважае Эльжбета Смулкова (Elżbieta Smułkowa, Dwujęzyczność po białorusku: bilingwizm, dyglosja, czy coś innego?, Język a tożsamość na pograniczu kultur, Białystok 2000, с. 90-100)

Назіраньне за моўнай сытуацыяй у Беларусі ў розных афіцыйных і неафіцыйных сустрэчах, а таксама досьвед Э. Смулковай, які вынікае з сацыя- і этналінгвістычных ды дыялекталягічных дасьледаваньняў, прымушаюць разрозьніць моўную сытуацыю гарадоў (асабліва сталіцы) і вясковых асяродзьдзяў. На гэтую дыфэрэнцыяцыю накладаецца дадаткова геаграфічны падзел і значна лепшае захаваньне мовы й беларускіх гаворак у заходняй частцы краіны, чым ва ўсходняй. Таксама вясковыя гаворкі ўсходняе Беларусі, незалежна ад сваёй спэцыфікі, увабралі ў сябе значна больш лексычных і сынтаксічных русыцызмаў, чым гаворкі заходняе часткі краіны.

У беларускіх гарадох (па-за некаторымі асяродзьдзямі ды індывідуальнымі выпадкамі) дамінуючай мовай зьяўляецца расейская. Пры гэтым вялікі адсотак карыстальнікаў расейскае мовы зьяўляецца адначасова беларускамоўным у літаратурным варыянце альбо дыялектным. На працягу нейкага ўжо часу можна заўважыць, асабліва сярод горш адукаванага насельніцтва, карыстаньне зьмешанай мовай, якая складаецца з розных элемэнтаў беларускай і расейскай моваў, гэтак званай трасянкай. Трасянка можа быць адзіным сродкам камунікацыі паасобных людзей; можа таксама паяўляцца ў карыкатурнай форме ў адукаваных людзей, асабліва калі расейскамоўныя суразмоўцы стараюцца карыстацца беларускай мовай. Э. Смулкова заўважае, што даволі лёгка можна апісаць беларускія моўныя элемэнты ў маўленьні беларусаў па-расейску, таму што вынікаюць яны ў асноўным з артыкуляцыйнае базы. Значна цяжэй прадставіць узьдзеяньне расейскае мовы на беларускую, таму што працэс моўнай русыфікацыі прагрэсуе, і пры гэтым ён моцна індывідуалізаваны, нават у выпадку актыўнага двухмоўя ды захоўваньня асноўных беларускіх нормаў. З трасянкай маем дачыненьне тады, калі элемэнты абедзьвюх моваў так перамешваюцца, што ствараюць трэцюю якасьць, пазбаўленую ня толькі нарматыўнасьці, але й бяз вызначаных сфэраў ужываньня, якую можна апісваць толькі як мову канкрэтнае асобы.

Э. Смулкова заўважае, што беларуска-расейскі білінгвізм у Беларусі, хоць і масавы (бальшыня насельніцтва разумее абедзьве мовы й можа імі паслугоўвацца), часта мае індывідуальны характар. Ніна Мячкоўская зьвяртае ўвагу на тое, што беларуска-расейскі білінгвізм, як масавы, абумоўлены больш сацыякультурна, чым этнічна.

Эльжбета Смулкова задумоўваецца, як гэтае двухмоўе маецца да пытаньня нацыянальнае тоеснасьці беларусаў?

Мова – гэта адзін з элемэнтаў нацыянальнай ідэнтыфікацыі. Яна кансалідуе нацыю й дапамагае распазнаць ейных прадстаўнікоў звонку. Праўда, ёсьць народы, існаваньня якіх ніхто не аспрэчвае, а якія ў штодзённым жыцьці карыстаюцца мовамі іншых нацыяў. У сытуацыі Беларусі й беларусаў, відаць, спатрэбілася б аднак пашырэньне функцыяў беларускай літаратурнай мовы, асабліва празь дзеяньні на карысьць павышэньня яе грамадзкага прэстыжу.

Білінгвізм, несумненна, быў бы меншай пагрозай для беларускай нацыянальнай тоеснасьці, чым трасянка, якая ў існуючых экстралінгвістычных умовах вядзе да расейскага аднамоўя. Трэба аднак адзначыць, што пры абмежаваных функцыях нацыянальнае мовы й заніканьні здольнасьці да актыўнага ёю карыстаньня часткай папуляцыі, даходзяць да голасу іншыя асноўныя каштоўнасьці беларускае тоеснасьці. Расейскамоўныя беларусы, нягледзячы на русыфікацыйныя працэсы ў Беларусі, найчасьцей не ідэнтыфікуюць сябе з расейцамі, хоць існуе ў іх пачуцьцё ўзаемнае блізкасьці (Н. Мечковская, Языковая ситуация в Беларуси: этнические коллизии двуязычия, у: „Russian Linguistic”, № 18, 1994, с. 299-322.)

Вольга Лабачэўская (Мова і самасвядомасць у асяроддзі гуманітарнай інтэлігенцыі Беларусі ў 90-е гады: некаторыя назіранні і падсумоўванні, Język a tożsamość na pograniczu kultur, Białystok 2000, с. 32-37) уважае, што ў савецкі час, у сувязі зь існуючым у Беларусі комплексам агульнай савецкай сьвядомасьці, існавала прыхаваная нацыянальная сьвядомасьць. З распадам Савецкага Саюзу хутка пачаў разбурацца комплекс савецкае сьвядомасьці. У сьвядомасьці людзей паявілася пустка, якая пачала запаўняцца пачуцьцямі любові да канкрэтнае зямлі й краіны, у якой чалавек жыве. Таму прыежджая інтэлігенцыя сьвядома стараецца спазнаць гісторыю й культуру Беларусі як сваёй Малой Айчыны. Спрыяе гэтаму таксама набыцьцё Беларусяй сувэрэнітэту й дзяржаўнасьці, вяртаньне гістарычнае праўды пра мінуўшчыну, імёнаў нацыянальных герояў і мастацкіх каштоўнасьцяў. Усё гэта становіцца актыўнымі чыньнікамі разьвіцьця працэсу нацыянальнага самавызначэньня. У сяродзьдзі гуманітарнай інтэлігенцыі ён адбываецца шляхам авалоданьня беларускай мовай, а ў выніку гэтага – мысьленьня ў моўных вобразах і катэгорыях беларускае культуры. Такім чынам мова прычыняецца да суаднясеньня асабістага лёсу іншаэтнічнай па паходжаньні інтэлігенцыі зь лёсам беларускае нацыі, зь лёсам Беларусі.

Людміла Навуменка (Уяўленні беларусаў аб значэнні ўласнай этнічнай належнасці і месца роднай мовы сярод іх, Język a tożsamość na pograniczu kultur, Białystok 2000, с. 60-70) правяла апытаньне студэнтаў з мэтай паказаць уяўленьне беларусаў пра значэньне ўласнай этнічнай належнасьці й месца роднае мовы сярод іх. Адным з пастаўленых пытаньняў было наступнае: Што для Вас значыць быць па нацыянальнасьці беларусам? Зьмест атрыманых адказаў – ад уяўленьняў рэспандэнтаў аб фармальным фіксаваньні нацыянальнасьці ў пашпарце й толькі аб сваёй прысутнасьці (жыцьці) на тэрыторыі Беларусі, праз адчуваньне сябе беларусам да пачуцьця ўласнага дачыненьня да Беларусі ды імкненьня дзейнічаць на яе карысьць – сьведчыць пра індывідуальнае разуменьне значэньня этнічнае належнасьці.

Выказваньні пра мову сустракаюцца толькі сярод тых рэспандэнтаў, якія значэньне сваёй этнічнай тоеснасьці зьвязваюць зь імкненьнем садзейнічаць захаваньню й разьвіцьцю мовы, культуры, традыцыяў як нацыянальнае спадчыны. Падсумаваньне вынікаў паказвае, што беларуская мова важная толькі для 17,1% апытаных студэнтаў. Пры гэтым варта зьвярнуць увагу на тое, што для значна большае колькасьці студэнтаў важна, каб ведаць ці вывучаць беларускую мову, чым размаўляць на ёй. З гэтага Людміла Навуменка робіць выснову, што ў пераважнай большасьці выпадкаў родная мова выконвае толькі намінальную ролю этнічнага сымбалю й не зьяўляецца дамінуючым элемэнтам этнічнай ідэнтычнасьці апытаных беларусаў.

Суадносіны паміж мовай і этнакультурнай тоеснасьцю беларусаў дасьледаваў Сяргей Яцкевіч (Мова і этнакультурная тоеснасць беларусаў на беларуска-польскім паграніччы, Język a tożsamość na pograniczu kultur, Białystok 2000, с. 23-26) У апытаньні настаўнікаў і студэнтаў, датычным прычынаў, якія прывялі да звужэньня сфэры карыстаньня беларускаю мовай, рэспандэнты на першае месца паставілі гістарычны фактар, а менавіта, перавод беларускіх школаў на расейскую мову навучаньня. На другім месцы апынуўся фактар канфармізму. Беларусы самі, каб не ствараць сабе дадатковых праблемаў, адмаўляюцца ад свае роднае мовы. Палітычны фактар заняў трэцяе месца. Праяўленьне яго ўдзельнікі апытаньня ўбачылі ў той палітыцы нацыянальнага нігілізму, якая праводзілася й праводзіцца ўладамі ў дачыненьні да беларускае мовы й культуры. Істотнае значэньне мае функцыянальны фактар – вымушанае карыстаньне ў справаводзтве і ўстановах толькі расейскай мовай. Інфармацыйны фактар праяўляецца ў тым, што сродкі масавай інфармацыі ў Беларусі ў абсалютнай сваёй бальшыні зьяўляюцца расейскамоўнымі. За існуючы стан рэчаў у вялікай ступені адказным зьяўляецца дыдактычны фактар – ігнараваньне беларускае мовы ў дыдактычным працэсе. Непасрэдна з дыдактычным зьвязаны таксама фактар вучэбна-мэтадычнага забесьпячэньня, значыць недахоп (а ў шэрагу дысцыплін адсутнасьць) падручнікаў і вучэбна-мэтадычнай літаратуры на беларускай мове. Многія рэспандэнты ў сваіх анкетах зьвярнулі ўвагу таксама на фактар нізкай прэстыжнасьці беларускае мовы, які праяўляецца перадусім у паўсюдным карыстаньні беларускімі кіраўнікамі розных рангаў расейскай мовай, што адмоўна ўплывае на прэстыж беларускае мовы. Немалая колькасьць рэспандэнтаў спаслалася ў сваіх адказах на псыхалягічны фактар, гэта значыць, высьмейваньне на вуліцах і ў розных установах асоб, якія размаўляюць па-беларуску. Ня быў пакінуты без увагі й міграцыйны фактар. Пераезд у Беларусь на сталае месцапражываньне вялікай колькасьці расейскамоўнага насельніцтва з Расеі ды іншых рэгіёнаў Савецкага Саюзу паўплываў на звужэньне сфэры карыстаньня беларускай мовай. Разам з гэтым на звужэньні сфэры беларускай мовы адмоўна адбілася ўнутрырэгіянальная міграцыя зь вёскі й значнае павелічэньне колькасьці гарадзкога насельніцтва. Сярод прычынаў, якія адмоўна ўплываюць на карыстаньне беларускай мовай, выступае й рэпрэсіўны фактар. Пры гэтым – піша Сяргей Яцкевіч – справа не абмяжоўваецца толькі рэпрэсіямі ў адносінах да беларускамоўнай інтэлігенцыі напрыканцы 1930-х гадоў . Аўтар публікацыі ўважае, што дасьледаваныя вынікі не пацьвердзілі істотнага ўплыву на сучасны стан карыстаньня беларускай мовай зьмены правапісу ў 1933 годзе. Апрача гэтага лінгвістычнага фактара дасьледнік называе яшчэ канфэсіянальны фактар.

13,4% апытаных студэнтаў і 8,7% настаўнікаў упэўненыя, што звужэньне сфэры карыстаньня беларускай мовай – гэта вынік аб’ектыўнага працэсу выцясьненьня беларускае мовы мовамі буйнейшых суседніх народаў. Стаўленьне бальшыні рэспандэнтаў (звыш 70%) да звужэньня сфэры карыстаньня беларускай мовай і размываньня этнакультурнай тоеснасьці беларусаў – адмоўнае, але пры гэтым 24,5% студэнтаў і 21% настаўнікаў лічаць, што гэты працэс зайшоў занадта далёка й таму ўжо запозна што-небудзь выправіць.

Эльжбета Смулкова ўважае, што беларускі білінгвізм апынуўся пад пагрозай, аднак, праўдападобна, беларускай мове не пагражае зьнікненьне, пра што сьведчыць, напрыклад, факт, што, нягледзячы на абмежаваньне камунікатыўных функцыяў яе на працягу многіх стагодзьдзяў, надалей праяўляе яна зьдзіўляльную трываласьць і жывучасьць.

На мову як чыньнік, які акрэсьлівае тоеснасьць жыхароў эўрапейскага кантынэнту, паказвае Рышард Радзік (Ryszar Radzik, Język jako wyznacznik tożsamości Białorusinów, w: Język a tożsamość na pograniczu kultur, Białystok 2000, s. 71-82; Мовы Беларусі ў ХІХ і ХХ стагодзьдзях, у: „Край”, №№ 1-2 (4-5), Мінск 2002, с. 136- 158; Kim są Białorusini, Toruń 2002, 243 s.) Мова ў Беларусі выконвае часткова іншыя функцыі, чым у многіх другіх грамадзтвах Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы. Найчасьцей не вызначае нацыі, ані не аддзяляе яе ад іншых. Гаворка, якой карыстаецца беларуская вёска, выконвае функцыю падобную да тае, якую мела мова ў традыцыйнай этнічнай групе. Яна не зьяўляецца ідэалягізаванай каштоўнасьцю, носьбітам звышлякальных вартасьцяў. Гаворка, якая часта значна адрозьніваецца ад літаратурнае мовы, успрымаецца як простая мова, сялянская, якая мае ніжэйшы статус у параўнаньні з мовай жыхароў гарадоў, з мовай элітаў, інтэлігенцыі. Яна ўспрымаецца хутчэй за ўсё як сродак камунікацыі, а не як носьбіт эмацыянальных ідэяў. І таму ў працэсе грамадзкага авансу, пераходу да гарадзкога жыцьця, назіраецца адмаўленьне ад простае мовы на карысьць расейскае. Моўная канфрантацыя паміж вясковай гаворкай і гарадзкой расейшчынай вынікае з сутыкненьня двух падыходаў: пасыўнага, які ізалюецца ў свойскасьці, з адкрытасьцю й актыўным падыходам да праблемаў грамадзкага авансу. Гэта аналягічная сытуацыя да існуючых у Польшчы адносінаў паміж вясковай гаворкай і гутарковай альбо літаратурнай мовай гарадзкога насельніцтва. У адрозьненьне ад Польшчы, у Беларусі аднак маем дачыненьне з адносінамі паміж дзьвюма рознымі мовамі. Такая сытуацыя магчымая толькі таму, што як вясковая беларушчына, гэтак і гарадзкая расейшчына не ўспрымаюцца ў нацыянальных катэгорыях. Пераход з аднае мовы на другую не трактуецца як здрада нацыянальным каштоўнасьцям. Гэтыя мовы зьяўляюцца носьбітамі культурнае тоеснасьці, рэгіянальнае, клясавае, але не нацыянальнае. У іх розны статус, але гэта статус розных сацыяльных пазыцыяў, а не нацыянальных.

Працэс моўнае русыфікацыі Беларусі прыпаў, што вельмі істотнае, на пэрыяд канчатковага адыходу постфэўдальных структураў вёскі, хуткага будаўніцтва гарадоў, гатоўнасьці замяніць звычаёвыя сувязі значна больш ёмістымі – ідэалягічнымі. У БССР месца нацыянальнай ідэалёгіі, якую несла літаратурная беларушчына, замяніла ідэалёгія клясавая, носьбітам якой сталася, падтрымліваная адміністрацыйнымі структурамі, расейская мова. Беларусам пачалі ўбіваць у галовы савецкую ідэалёгію ў момант пераезду зь вёсак у гарады, калі закрытыя раней мясцовыя грамадзкасьці пачалі адкрывацца на сьвет. Савецкасьць разьвівалася ня побач нацыянальнай ідэалёгіі – як было гэта ў іншых грамадзтвах рэальнага сацыялізму – але замест яе. Гэта менавіта ў асноўным праз савецкасьць беларусы ўвайшлі ў сучасны сьвет – перайшлі непасрэдна ад этнічнасьці да савецкасьці, абмінаючы нацыянальны этап і таму сталіся сучасным, хоць спэцыфічным грамадзтвам, адрозным ад бальшыні эўрапейскіх грамадзтваў. Беларушчына была зьведзеная да ўзроўню народнасьці, этнаграфізму, фальклярызму ды іншых лякалізмаў.

Расейская мова ў Беларусі была прынятая як носьбіт інтэрнацыянальнай ідэалёгіі, насычанай элемэнтамі савецка-расейскага мэсіянізму, як сродак усеагульнае грамадзкае камунікацыі. Яна русыфікавала беларусаў у культурным пляне, але не ў нацыянальным. Асацыявалася з грамадзкім авансам, вышэйшым культурным узроўнем, а таксама ўстановамі дзяржаўных уладаў, перад якімі беларускі селянін заўсёды адчуваў дыстанцыю. Гэтая мова ўвяла беларусаў у шырэйшы сьвет вялікай імпэрыі й прычынілася да палітычнай і культурнай саветызацыі беларусаў. Расейская мова ў Беларусі падпарадкоўвае Беларусь Расеі.

Нацыянальныя эліты разумеюць, што беларуса ад расейца адрозьнівае ў асноўным факт існаваньня беларускае мовы, таму літаратурная беларушчына сёньня часта ўспрымаецца як мова апазыцыйная, мова змаганьня за беларускія нацыянальныя каштоўнасьці, нацыянальную годнасьць і незалежнасьць ад Расеі.

Літаратурная беларушчына як штодзённая мова часткі беларускіх элітаў мае найчасьцей выразнае нацыянальнае вымярэньне, нясе з сабою таксама каштоўнасьці, тыповыя для іншых эўрапейскіх народаў: імкненьне да выразнага самавызначэньня на аснове культуры, шматвяковай гістарычнай мінуўшчыны, ды прызнаньне зьверхнасьці беларускага нацыянальнага інтарэсу, будаваньне нацыянальнае супольнасьці на аснове этнічна-моўных крытэрыяў.

Ніна Баршчэўская