• Месца роднае мовы ў Беларусі
  • 16.12.2004
На пераломе 80-90-х гадоў ХХ стагодзьдзя, у пэрыяд перабудовы й станаўленьня беларускае дзяржаўнасьці, шырока ўзьнялося пытаньне месца роднае мовы ў нацыянальным жыцьці беларусаў на Бацькаўшчыне.

Газэта „Беларус” зьмясьціла стэнаграфічны запіс прамовы пісьменьніка Ўладзіміра Дамашэвіча на пленуме Саюзу Пісьменьнікаў Беларусі, што адбыўся 19-20 траўня 1988 году . Дамашэвіч зьвярнуў увагу на тое, што ў Беларусі любоў да свайго роднага, у тым ліку й да роднае мовы, акрэсьліваецца паняцьцем нацыяналізму. Хопіць, што людзі пачынаюць бараніць свае законныя правы на школу, мову, дзяржаўнасьць, а іх абвінавачваюць у нацыяналізьме й парушэньні дзяржаўных законаў.

„Калі я хачу гаварыць дома, на рабоце, на вуліцы, у магазыне пабеларуску, мяне ўжо называюць нацыяналістам. Калі я хачу, каб на роднай мове гаварылі ўсе Беларусы, што жывуць у рэспубліцы, то я ўжо нацыяналіст у квадраце, а калі, Божа барані, я хачу, каб пабеларуску навучыліся гаварыць усе тыя, хто прыехалі да нас і даўно жывуць у Беларусі, то ўжо нацыяналіст у кубе, ні больш ні менш”. („Праўда аб трагічным становішчы”, у: „Беларус”, № 352, Нью-Ёрк, кастрычнік 1988, с. 1, 4)

Дамашэвіч паказаў на парадокс нацыянальнае палітыкі ў Савецкім Саюзе й сьцьвердзіў, што калі нацыянальнае вызваленьне разумець як магчымасьць пісацца ў пашпарце беларусам, але дома й на працы карыстацца расейскай мовай, то гэта не вызваленьне, толькі рэалізацыя мараў цара й сноў вялікадзяржаўных шавіністаў.

Уладзімір Дамашэвіч у сваім выступе дакараў дзяржаўных кіраўнікоў, у прыватнасьці першага сакратара ЦК КПБ Яфрэма Сакалова за адсутнасьць належнай увагі да беларускага народу, а „мова – гэта народ: ня будзе мовы, ня будзе народу”. Дамашэвіч падкрэсьліў, што ў Беларусі былі рэгабілітаваныя многія выдатныя дзеячы, толькі свае рэгабілітацыі не дачакалася мова, „якая ў пэрыяд сталінскага беззаконьня была растаптана, дэфармавана й аплёвана”. Дамашэвіч спадзяваўся рэгабілітацыі беларускае мовы на пленуме, разьлічваў, што будуць прынятыя адпаведныя дзеяньні дзеля аховы нацыянальнага багацьця, роднае мовы, ад далейшага размываньня, ад грубай асыміляцыі; што адбудзецца вяртаньне да правапісу, які адпавядаў нормам і правілам беларускага моўнага рэжыму, адхіленага прыхільнікамі хутчэйшага збліжэньня й зьліцьця, а, практычна, паглынаньня расейскай мовай мовы меншай – беларускай.
Уладзімір Дамашэвіч заўважыў, што надышоў час, каб зьмяніць сытуацыю роднае мовы, бо калі гіне мова, гіне й народ.

„Гэтую простую ісьціну мы павінны давесьці да самых глухіх куткоў нашай рэспублікі і сэрцаў нашых людзей. Калі мы гэтага ня зробім, мы ня выканаем сваёй місіі, якая на нас ускладзена жыцьцём, абавязкам перад народам, яго лёсам і гісторыяй. У вачох наступных пакаленьняў мы паўстанем кучкай безгалосых, бяспраўных рабоў, якія заслужылі толькі пагарду, бо ў зорны час сваёй гісторыі ня сталі сьцяной і не даказалі свае відавочнае праўды”. (Тамсама)

Дамашэвіч злачынцамі назваў тых, хто ставіць пад сумнеў беларускую мову, таму што калі не прызнаюць яны права дзяржаўнасьці за беларускай мовай, то гэтым самым і не прызнаюць беларускае дзяржавы. Заклікаў усіх, хто шануе сваю Бацькаўшчыну й свой народ, змагацца за дзяржаўнасьць беларускае мовы.

Выступленьне У. Дамашэвіча поўнасьцю працытавала газэта „Беларус”, паказваючы гэтым самым беларусам у эміграцыі змаганьне за нацыянальныя каштоўнасьці іхных суайчыньнікаў на Бацькаўшчыне.

„Беларус” знаёміць з вынікамі чытацкага рэфэрэндуму, праведзенага ў 1989 годзе газэтай „Советская Белоруссия”, у якім узяло ўдзел 2000 чытачоў. Аказваецца, што за дзяржаўнасьць беларускае мовы выказалася 65,8% апытаных. Працэнты прыхільнікаў дзяржаўнасьці роднае мовы былі вышэйшыя сярод моладзі й сярод людзей зь меншай асьветай. „Беларус” адзначае, што калі б падобная анкета была праведзеная сярод чытачоў беларускамоўнае газэты, дык адсотак прыхільнікаў дзяржаўнага статусу беларускае мовы быў бы яшчэ вышэйшы. (За дзяржаўнасьць беларускае мовы, у: „Беларус”, № 361, Нью-Ёрк, жнівень 1989, с. 1)

Прагрэс у галіне беларусізацыі жыцьця БССР газэта „Беларус” аднатоўвае, сочачы за публікацыямі ў прэсе на Бацькаўшчыне. На ўстаноўчым сходзе Таварыства Беларускай Мовы, які адбыўся ў Менску 27 чэрвеня 1989 году, намесьнік прэм’ера Ніна Мазай сказала, што ў пэдагагічных інстытутах і ўнівэрсытэтах БССР з 1989/1990 навучальнага году плянавалася перайсьці да выкладання на беларускай мове ўсіх гуманітарных і грамадзкіх дысцыплінаў. Рэктары вышэйшых навучальных установаў прыйшлі да вываду, што без наданьня дзяржаўнага статусу беларускай мове ня ўдасца вырашыць праблемы з мовай у ВНУ.

Тым ня меней, у Беларускім Інстытуце Народнай Гаспадаркі на фінансава-эканамічным факультэце пачалі чытацца лекцыі па-беларуску, пачаліся працы над Кароткім слоўнікам эканамічных тэрмінаў, рыхтавалася да выпуску беларускамоўная шматтыражка „Эканаміст”. На рэспубліканскім тэлебачаньні й радыё былі створаныя новыя рубрыкі й цыклі перадачаў па праблемах разьвіцьця й павышэньня ролі беларускае мовы ў духовым жыцьці краіны. На паседжаньні калегіі Міністэрства Культуры разглядалася пытаньне аб пераводзе ўстановаў культуры на беларускую мову. (Поступ беларусізацыі, у: „Беларус”, № 361, Нью-Ёрк, жнівень 1989, с. 3)

„Беларус” заклікае суайчыньнікаў, расьсеяных па цэлым сьвеце, кантактавацца з Таварыствам Беларускай Мовы, у статуце якога сказана:

„ТБМ мае на мэце пашырэньне ўжытку беларускай мовы ва ўсіх сфэрах грамадзкага жыцьця БССР, усебаковае яе разьвіцьцё, захаваньне яе чысьціні і самабытнасьці”. (Наладжвайма сувязь з ТБМ, у: „Беларус”, № 361, Нью-Ёрк, жнівень 1989, с. 3)

Газэта „Беларус” з задавальненьнем аднатавала працу ў Беларусі над Законам аб мовах (Мова: на шляху да дзяржаўнасьці, у: „Беларус”, № 365, Нью-Ёрк, сьнежань 1989, с. 7), у якім сказана, што працаўнікі дзяржаўных установаў, каб займаць свае пасады, павінны ў дастатковай ступені авалодаць беларускай і расейскай мовамі, што акты вышэйшых ворганаў дзяржаўнае ўлады павінны прымацца на беларускай мове, а друкавацца таксама і ў расейскай мове, што беларуская мова павінна стацца мовай справаводзтва, культуры, сродкаў масавай інфармацыі. „Беларус” адзначыў таксама, што ў Законе аб мовах гарантуецца разьвіцьцё мовы нацыянальных меншасьцяў у Беларусі.

Праўда, сярод кіраўнікоў дзяржавы не назіралася імкненьня, каб як найхутчэй перавесьці на беларускую мову розныя галіны жыцьця. На пленуме ЦК КПБ 18 кастрычніка 1989 году першы сакратар кампартыі Беларусі Яфрэм Сакалоў сказаў:

„Некаторыя таварышы прапануюць прыняць Закон аб дзяржаўнасьці беларускае мовы й безадкладна ўвесьці яго ў дзеяньне. Супраць першае часткі гэтае прапановы пярэчаньняў быць ня можа. А як быць з другой часткай?” (КПБ і дзяржаўнасьць мовы, у: „Беларус”, № 364, Нью-Ёрк, лістапад 1989, с. 3.)

З другой часткай Сакалоў параіў не сьпяшацца з-за адсутнасьці матэрыяльна-тэхнічнае базы ў сфэрах асьветы, культуры, навукі, гандлю й абслугі, з-за адсутнасьці перакладчыкаў, вялікай колькасьці ў Беларусі расейскага жыхарства. Газэта „Беларус” заўважае, што сам Яфрэм Сакалоў беларускае мовы ня ведае й ніколі не выступаў у абароне ейных інтарэсаў, але, наадварот, кожны раз знаходзіць тлумачэньні, каб апраўдаць русыфікацыю ды захаваць статус кво.

Ва ўсе часы і ва ўсіх краінах адным зь вядучых кампанэнтаў дзяржаўнае палітыкі зьяўлялася мова. Сусьветная практыка назапасіла шмат пазытыўнага ў гэтай галіне, і ў большасьці краін моўная праблема належыць ужо гісторыі – адзначае Ўладзімір Навіцкі (Сучасная моўная палітыка на Беларусі, у: Język a tożsamość na pograniczu kultur, Białystok 2000, с. 56-59). Мова адыгрывае істотную ролю ў разьвіцьці тытульнага этнасу дзяржавы й асыміляцыі нацыянальных меншасьцяў, і таму сталася складовым кампанэнтам дзяржаўнае палітыкі.

У Беларусі прыняты Закон аб мовах цалкам адпавядаў эўрапейскім стандартам. Яго значэньне аўтар публікацыі параўноўвае да пастановы ЦВК БССР ад 15 ліпеня 1924 году Аб практычных мерапрыемствах па правядзеньні нацыянальнай палітыкі, згодна зь якой, беларуская мова амаль пасьля 240-гадовага перапынку зноў набыла статус дзяржаўнай. Каб прыняты Закон аб мовах ня стаў фікцыяй, Савет Міністраў Беларусі прыняў у верасьні Дзяржаўную праграму разьвіцьця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у Беларускай ССР, у якой дакладна вызначаліся тэрміны й адказнасьць юрыдычных асобаў за ўвядзеньне ў іх дзейнасьць беларускае мовы. Даволі хутка заўважыўся пазытыўны зрух. Аднак, як заўважае Сяргей Запрудскі:

„Рэалізацыя моўнага закона праходзіла ва ўмовах рэзкага пагаршэння ўзроўню жыцця насельніцтва, што адмоўна ўплывала на яго ўспрыманне людзьмі”. (Сяргей Запрудскі, Беларуская мова ў яе кантактах з расійскай: у цісках аднімальнага білінгвізму, у: Lětopis 50 (2003) 1, c. 81)

Праціўнікі нацыянальна-культурнага адраджэньня рабілі ўсё, каб сарваць працэс беларусізацыі. Удалося ім стварыць і распаўсюдзіць міт пра нібыта прымусовае ўкараненьне беларускае мовы. Не супрацьстаялі гэтай тэндэнцыі дзяржаўныя ворганы, а часам нават патуралі антыадраджэнскім учынкам. З прычыны іх бязьдзейнасьці не была цалкам пераведзеная на беларускую мову ніводная вышэйшая й сярэдняя навучальная ўстанова. Усе абласныя й значная колькасьць раённых беларускіх газэт сталі беларуска-расейскімі, але ніводная расейская ня стала расейска-беларускай. Таксама ў электронных сродках масавай інфармацыі нельга было пачуць перадачы пра ролю роднае мовы ў нацыянальным адраджэньні, але, наадварот, шмат было гутаркі пра неабходнасьць пашырэньня на беларускай зямлі расейскіх культурных каштоўнасьцяў. Па словах Уладзіміра Навіцкага, ішла апрацоўка народу дзеля атрыманьня падтрымкі для расейскае мовы на моўным рэфэрэндуме ў траўні 1995 году. Годам пазьней прывілеяванае становішча расейскае мовы было замацаванае ў новай рэдакцыі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у падпісаным кіраўніком беларускай дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам 13 ліпеня 1998 году Законе аб унясеньні зьмяненьняў і дапаўненьняў у Закон Рэспублікі Беларусь „Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”.

Аўтар публікацыі ацэньвае сёньняшняе становішча беларускае мовы як цяжэйшае за тое з савецкага пэрыяду, таму што ў той час існавала хоць невялікае зацікаўленьне ў захаваньні культурна-моўнай адметнасьці Беларусі, а сёньня многія ўважаюць, што беларуская мова перашкаджае ў глыбокай інтэграцыі з Расеяй, і таму ня мае яна належнае падтрымкі.

„Што ж датычыць сцвярджэння пра дзве родныя мовы ў беларусаў, дык гэта чыстай вады лухта. Няма дзвюх родных моваў ні ў рускіх, ні ў палякаў, ні ў немцаў, ні ў французаў, ні ў іншых цывілізаваных народаў, таму не трэба з беларусаў рабіць нейкую міфічную, надзеленую надзвычай вялікімі моўнымі здольнасцямі звышнацыю”. (Тамсама, с. 58)

Апошнімі гадамі дзяржаўная палітыка адкрыта ігнаруе, дыскрымінуе й выцясьняе беларускую мову з асноўных сфэраў грамадзкага жыцьця. Практычна, уся дакумэнтацыя пераведзеная на расейскую мову. Колькасьць дзяцей, якія вывучаюць родную мову, скарацілася з 75% да 4%.

Аўтар публікацыі сьцьвярджае, што сучасная дзяржаўная моўная палітыка ў Беларусі пярэчыць нацыянальным інтарэсам яе карэннага насельніцтва й можа прычыніцца да таго, што беларуская мова хутка стане мёртвай мовай. Гэта будзе вялікае злачынства, калі з-за такой моўнай палітыкі беларускіх уладаў ня знойдзецца для беларускай мовы месца на Зямлі.

Больш аптымістычна на будучыню беларускае мовы глядзіць Аляксандар Лукашанец (Перспектывы развіцця і карыстання беларускай мовай, у: Разнастайнасць моў і культур у кантэксце глабалізацыі, Мінск 2003, с. 223-228). Гэта праўда, што для значнае часткі грамадзянаў Беларусі беларуская мова сёньня зьяўляецца ня столькі рэальным сродкам зносінаў, колькі сымбалем нацыянальнае самаідэнтыфікацыі, але факт, што падчас перапісу насельніцтва ў 1999 годзе беларускую мову ў якасьці роднае назвалі 85,6% беларусаў, 9,1% расейцаў, 67,1% палякаў ды 14,3% украінцаў аўтар публікацыі ацэньвае як аптымістычны прагноз адносна пэрспэктываў выкарыстаньня беларускае мовы.

„Хаця значная колькасць насельніцтва Беларусі і не карыстаецца сёння актыўна беларускай мовай у сваёй дзейнасці, аднак лаяльна ставіцца да яе, лічыць сваёй роднай мовай. Менавіта гэтая функцыя нацыянальнай самаідэнтыфікацыі беларускай мовы ў двухмоўным грамадстве, як уяўляецца, можа і павінна адыграць галоўную ролю ў захаванні яе статуса як поўнафункцыянальнай мовы тытульнай нацыі Рэспублікі Беларусь і з’яўляецца базай для пашырэння ў найбольш важныя і ўплывовыя сферы ўжытку”. (Тамсама, с. 228)

Ніна Баршчэўская