• Прычыны цураньня роднае мовы
  • 23.12.2004
На прычыны цураньня роднае мовы зьвяртае ўвагу Вацлаў Ластоўскі ў артыкуле Што трэба ведаць кожнаму беларусу?, які быў перадрукаваны часопісам „Незалежная Беларусь” (Вацлаў Ластоўскі, Што трэба ведаць кожнаму беларусу?, у: „Незалежная Беларусь”, № 3, Манчэстэр, ліпень 1960, с. 2). Каб знайсьці адказ на гэтае шырокае пытаньне, аўтар стараецца коратка адказаць на шэраг больш дэталёвых пытаньняў, а менавіта:
- што такое народная мова?
- па чым лягчэй пазнаць прыналежнасьць да беларускае нацыі?
- чаму беларусы павінны карыстацца роднай мовай?
- якая беларуская мова?
- ці маюць беларусы сваю літаратуру (пісьменства)?
- ці беларуская мова адна на ўсёй Беларусі?
- чаму некаторыя беларусы стараюцца гаварыць чужой мовай?
- што сталася б, калі б беларусы забыліся сваю родную мову?
Народная мова гэта тая мова, якой гаворыць увесь народ. Родная мова – вялікае багацьце, якое народ павінен цаніць і шанаваць, бо, як кажа Алесь Гарун:

Ад дзядоў і ад прадзедаў, браце,
Гэта скарб нам адзін захаваўся,
У сялянскай аграбленай хаце
Толькі ён незабраны застаўся.


Гэта мова злучае людзей у адзін народ – адзначае Вацлаў Ластоўскі. Як дарагая родная мова, кожны адчувае наймацней тады, калі апынецца на чужыне. Толькі ворагі беларушчыны альбо зусім цёмныя людзі могуць казаць, што беларуская мова – гэта мешаніна маскоўскай і польскай моваў. Шмат вучоных людзей розных нацыянальнасьцяў вывучылі беларускую мову. Усе яны аднагалосна кажуць, што беларуская мова зусім самабытная, такая ж асобная славянская мова, як, напрыклад, польская ці расейская.

Каб адказаць на пастаўленыя пытаньні, В. Ластоўскі прыгадвае некаторыя гістарычныя моманты.

„Даўней нашая мова была аднэй з самых культурных усходнеславянскіх моваў, ёю гаварылі князі нашыя, князі і вяльможы Вялікага Княства Беларускага (літоўскага), ды каралі польскія. Беларуская мова была мовай дыплёматычнай на ўсходзе Эўропы.
У беларускай мове ў Вялікім Княстве Беларускім (літоўскім) пісаліся ўсе законы, вяліся ўсе ўрады і суды, адбываліся соймы і інш. Ад тых часоў захавалася багата дакумэнтаў, кніг, граматаў і ўсе яны пісаліся чысьцюсенькай нашай беларускай мовай”.
(Тамсама)

Пазьней наступілі для Беларусі змрочныя часіны.

„Калі нашая бацькаўшчына падпала пад Расею (Маскоўшчыну), дык нават зусім было забаронена што-небудзь пісаць і друкаваць пабеларуску. Толькі ў 1905 годзе, у час расейскай рэвалюцыі, беларусы дамагліся права друкаваць кнігі ў сваёй мове. За кароткі час ад 1905 г. беларускія пісьменьнікі напісалі багата прыгожых і цікавых кніжак, стварылі новую беларускую літаратуру”. (Тамсама)

Адказваючы на пытаньне, чаму некаторыя беларусы цураюцца свае мовы, В. Ластоўскі адзначае, што адны зь іх адракліся ад роднае мовы дзеля свае асабістае карысьці, бо пайшлі ў найміты да чужынцаў і працуюць зусім сьведама на шкоду беларускаму народу, каб яго загубіць, а другія не гавораць па-беларуску празь цемнату сваю, бо паверылі ворагам беларушчыны, што беларуская мова брыдкая й простая.

„Абавязак кожнага сьведамага беларуса з першымі – ворагамі – змагацца, а другіх – цёмных – усьведамляць, выясьняючы ім праўду і навучаючы гісторыі нашай ды шырачы беларускае друкаванае слова”. (Тамсама)


Вацлаў Ластоўскі перасьцерагае, што калі беларусы забудуць сваю родную мову й прымуць чужую, тады па іх ісьлед загіне на зямлі. Ужо Францішак Багушэвіч пісаў: Не пакідайце-ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмерлі!

Для кожнага чалавека ягоная родная мова павінна быць найпрыгажэйшай – уважае Л. Іскра.

„Яна ёсьць для чалавека найдаражэйшым скарбам, бо ёю чалавек можа выказаць усе свае думкі і пачуцьці. Дзеля гэтага родная мова ёсьць сапраўды годная вялікай пашаны. Хто ўмее належна шанаваць родную мову, той і сам заслугоўвае на пашану. – Справядліва кажа аб гэтым Алесь Гарун у вершы «Ты мой брат»:

Дык шануй беларус сваю мову –
Гэта скарб наш на вечныя годы;
За пашану радзімаму слову
Ушануюць нас брацьця-народы!”

(Л. Іскра, Чыя мова найпрыгажэйшая?, у: „Моладзь”, № 23, Парыж 1951, с. 7)

Л. Іскра заўважае, што народ беларускі больш чым які іншы адчувае любоў да роднае мовы, таму што за гады панаваньня розных акупантаў на Беларусі заўсёды былі спробы накінуць чужую мову. З гэтым сьцьвярджэньнем цяжка пагадзіцца, бо, здаецца, атрымалася так, што беларускі народ хутчэй чым які-колечы іншы прыняў чужую мову, забываючы пры гэтым сваю родную.

Газэта „Беларус” піша пра дыскусію, якая вялася на тэму роднае мовы ў 1980-х гадох на старонках „Літаратуры і Мастацтва”. Пісьменьнікі, настаўнікі, журналісты, студэнты й рабочыя з розных куткоў Беларусі прыводзілі жудасныя факты, якія сьведчаць пра тое, што беларуская мова апынулася ў жалю годным стане.

Алесь Васілеўскі адзначае, што ў спрэчках аб беларускай мове няма аналізу тых прычынаў, што прывялі да крызысу. Многія вінавацяць сябе ў нацыянальным нігілізьме, у абыякавасьці да свае мовы. А. Васілеўскі піша, што вінаватых у трагічным стане беларускае мовы ў Беларусі поўна: гэта і настаўнікі, што гавораць да дзяцей беларускамоўных школаў па-расейску, і бацькі, што „вызваляюць” сваіх дзетак ад лекцыяў „непатрэбнае” мовы, і Міністэрства Асьветы, якое сваімі пастановамі давяло да такой сытуацыі. Аўтар задумоўваецца, адкуль узялася гэтая абыякавасьць, ці вінаваты ў гэтым нацыянальны характар, ці можа нешта іншае. Параўноўвае сытуацыю роднае мовы ў прыбалтыйскіх рэспубліках, дзе выкладаецца яна ад дзіцячага садка ў прымусовым парадку, і нават не паяўляецца пытаньне, каб не навучаць нацыянальнай мове. А. Васілеўскі вінаваціць у боязі беларусаў змагацца за сваё нацыянальнае, у тым ліку й за родную мову, сталінскі тэрор 1930-х гадоў. Людзі баяцца абвінавачаньня ў беларускім нацыяналізьме, што, дарэчы, здаралася й цяпер, калі на пэдсаветах тым настаўнікам і вучням, якія адважыліся размаўляць па-беларуску, прыклейвалі кляймо нацыяналістых. Апрача гэтага, ня зьнік яшчэ зь Беларусі й расейскі вялікадзяржаўніцкі шавінізм, які адчуваюць на сабе беларусы ды прадстаўнікі нацыянальных меншасьцяў. (Алесь Васілеўскі, Абарона беларускае мовы ў БССР. Не пра ўсё гаворыцца, у: „Беларус”, № 333, Нью-Ёрк, студзень – сакавік 1987, с. 1)

У адрачэньні ад роднае мовы Янка Запруднік бачыць комплекс ніжэйшасьці беларусаў.


„Пагляд на беларускую мову як на мову другарадную, менш прыгодную для ўжытку ў розных сфэрах жыцьця, – гэта вынік і эканамічнае рэальнасьці, і культурнае палітыкі, і імпэрскага характару савецкае фэдэрацыі.” (Янка Запруднік, Мова і ўлада, у: „Беларус”, № 334, Нью-Ёрк, красавік 1987, с. 17)

Я. Запруднік параўноўвае моўную сытуацыю ў Савецкім Саюзе да моўнай сытуацыі ў царскай Расеі, калі прыстасаваньне да пануючай культуры лічылася сродкам выяўленьня ляяльнасьці, а ляяльнасьць палітычная вымагае ляяльнасьці моўнай. Двухмоўе, калі не рэгулюецца заканадаўствам, мае тэндэнцыю рэдукавацца да аднамоўя, і таму беларуска-расейскі білінгвізм выраджаецца ў расейскі моналінгвізм.

„Усякі імпэрыялізм тым мацнейшы чым меншлінгвістычны. Нерасейскія мовы перашкаджаюць расейскай культуры і палітычнай экспаньсіі.” (Тамсама)

Атаесамліваньне мовы з уладай прыводзіць да таго, што беларусы пакідаюць беларускую мову як непатрэбную, як перашкоду ў кар’еры, у шуканьні лягчэйшага жыцьця. Янка Запруднік зьвяртае ўвагу на патрэбу вывучэньня псыхалягічнага, культурнага й сацыяльнага аспэктаў гэтае зьявы. У курсе тагога досьледу „вырабляўся-б імунітэт супраць хваробы веку – страты народам свайго набытага вякамі скарбу, нацыянальнае мовы”.
Ніна Баршчэўская