• Роля людзей у адраджэньні мовы. Вацлаў Ластоўскі
  • 30.12.2004
Вельмі высока дзейнасьць Вацлава Ластоўскага ды ягоную ролю ў адраджэньні беларускага народу ацаніла газэта „Бацькаўшчына” (Янка Станкевіч, Вячаслаў Ластоўскі, у: „Бацькаўшчына”, № 48 (179), Мюнхэн, 6 сьнежня 1954, с. 3-4). Я. Станкевіч напісаў, што належыць ён да тых нешматлікіх беларусаў, якія ня толькі ўсёй душою аддаліся беларускай справе, але аддалі ёй і ўвесь свой час.

Вацлаў Ластоўскі займаўся рэдагаваньнем „Нашай Нівы” ды ўсім, што спрыяла беларускаму руху. Вёў ён нацыянальна ўсьведамляльную працу з усімі, хто прыяжджаў у Вільню й хаця крыху цікавіўся беларускай справай. Вельмі часта кантактаваўся з моладзьдзю: „...заражаючы маладзёнаў ідэяй беларускага нацыянальнага адраджэньня, Ластоўскі ратаваў іх маральна” (Тамсама, с. 3). Станкевічу здаралася сустракацца зь людзьмі, якія казалі, што калі б Ластоўскі не прышчапіў ім беларускае ідэйнасьці яшчэ ў школьным веку, дык яны ня толькі зьгінулі б для свайго народу, але загінулі б і маральна.

В. Ластоўскі быў добрым публіцыстам. Пасьля доўгага паняволеньня, уціску, зьдзекаў, нішчэньня, нярэдка й фізычнага, у беларускага народу засталася толькі мова ды мінуўшчына – заўважае Я. Станкевіч. Мала які народ здолее пражыць без свае мовы, а бяз мовы ды мінуўшчыны – гістарычнае традыцыі – няздольны да гэтага ніводзін народ. І таму мова й гістарычная традыцыя – найбольш патрэбныя ды найдаражэйшыя скарбы народу. В. Ластоўскі разумеў гэта й моцна рупіўся пра долю нацыянальных скарбаў. Ён вывучыў і напісаў ды выдрукаваў Кароткую гісторыю Беларусі, якая мела вельмі вялікае значэньне не таму, што пра Беларусь не было працаў, бо такія гістарычныя працы былі, напрыклад, Адама Кіркора. Значэньне Кароткай гісторыі Беларусі аўтарства В. Ластоўскага праяўлялася ў тым, што была яна напісана па-беларуску, што ўжываўся ў ёй назоў Беларусь, гаварылася пра беларускія землі, а не пра „западнорусские”.

Вялікія заслугі Вацлава Ластоўскага ў разьвіцьці беларускае мовы. Падрыхтаваў ён і выдаў Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік. Станкевіч вельмі крытычна ацаніў гэтую працу, пішучы, што Ластоўскі ня здолеў аддзяліць зерне ад мякіны й толькі папсаваў багаты матэрыял, мяшаючы прыродныя беларускія словы з уласнымі наватворамі.

Інакш на слоўнік В. Ластоўскага глядзяць сёньня мовазнаўцы ў Беларусі. У ацэнцы Алены Ніякоўскай (Алена Ніякоўская, „Расійска-крыўскі слоўнік” Вацлава Ластоўскага і беларуская нацыянальная ідэя, у: Беларусіка – Albaruthenica, № 4, Мінск 1995, с. 301-306),

„Слоўнік – гэта суцэльны твор, цікавы, дынамічны, арганізаваны вакол адзінай ідэі – нацыянальнай. Так званая экстралінгвістычная частка слоўніка – гэта не толькі гістарычна-этнаграфічны матэрыял; яна ўключае і асобу аўтара, яго адносіны да прадмету даследавання – мовы”. (Тамсама, с. 302)

Пра падыход В. Ластоўскага да лексыкі сьведчыць Прадмова да слоўніка:

„Слова, гэта ня умоўны знак для выражэньня мысьлі, але мастацкі абраз, вызваны найжывейшымі пачуваньнямі, якія прырода і жыцьцё выклікалі ў первабытным чалавеку. Яно знаходзіцца ў цесным зьвязку з народным бытам, яго сьветаглядам, гісторыяй, звычаямі й абычаямі, а дзеля гэтага мова ёсьць вялікай нацыянальнай легендай і скарбніцай, сьвятой спадчынай, каторая пераходзіць з пакаленьня ў пакаленьне, з дзядоў, на ўнукаў. Ўвесь сьветагляд і паэзія нашых прадзедаў замыкаліся ў мове. Кождае слова было легендай-пагудкай, мітам; было поўнае зьместу і паэзіі: бо міт асновываўся на легендзе, а легенда замыкалася ў слове. Слова ёсьць творчасьцю ўсяго народу; формы слова шліфаваліся многімі пакаленьнямі і сталецьцямі, пакуль сталіся тым, чым яны сягоньня ёсьць.” (В. Ластоўскі, Прадмова, у: Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік, Коўна 1924, с. І)

Многія дасьледнікі спадчыны Вацлава Ластоўскага падкрэсьліваюць, што ягоная лексыкаграфічная праца выкарыстоўваецца пры апрацоўцы беларускай навуковай тэрміналёгіі (Сяргей Сідор, Генадзь Смалякоў, Спадчына Вацлава Ластоўскага і распрацоўка беларускай навуковай тэрміналогіі, у: Беларусіка – Albaruthenica, № 4, Мінск 1995, с. 316-320; Тамара Сухая, Людміла Шлома, Васіль Юфераў, Вацлаў Ластоўскі і здабыткі беларускай матэматычнай тэрміналогіі, тамсама, с. 320-323; Станіслаў Ярашэвіч; Медыцынскія назвы ў Слоўніку Вацлава Ластоўскага і сучасны стан беларускай медыцынскай тэрміналогіі, тамсама, с. 323-325)

„Слоўнік В. Ластоўскага мае агульны характар. У дадатку да яго змешчаны толькі ў перакладзе на беларускую мову назвы птушак, раслінаў, а таксама вайсковыя тэрміны. Тым не менш, як сведчаць матэрыялы навукова-метадычнай канферэнцыі «Актуальныя праблемы беларускамоўнага выкладання тэхнічных і прыродазнаўчых дысцыплін у ВНУ» (Мінск, 1993), многія з выкладчыкаў вышэйшай школы Беларусі пры стварэнні тэрміналагічных слоўнікаў па розных галінах навукі выкарыстоўваюць менавіта гэты слоўнік.” (Сяргей Сідор, Генадзь Смалякоў, Спадчына Вацлава Ластоўскага і распрацоўка беларускай навуковай тэрміналогіі, тамсама, с. 317)

Ян Станкевіч, нягледзячы на крытычную ацэнку Падручнага расійска-крыўскага (беларускага) слоўніка, адзначае руплівасьць Ластоўскага пра родную мову. Калі б хаця частка гэтай руплівасьці характарызавала іншых, дык беларускай мове не пагражала б вялікая небясьпека.

„Зь менаванага бачым, што Ластоўскі браў справы глыбока, з карэньня. Дзеля таго-ж ён стараўся аднавіць і пашырыць наш стары, праўдзівы нацыянальны назоў «Крывічы».” (Янка Станкевіч, Вячаслаў Ластоўскі, у: „Бацькаўшчына”, № 48 (179), Мюнхэн, 6 сьнежня 1954, с. 4)

Да гэтай ацэнкі Вацлава Ластоўскага, зробленай Янам Станкевічам, варта дадаць ягоныя заслугі ў рэдагаваньні й выдаваньні ў Коўне беларускага часопіса „Крывіч”, што, дарэчы, высока ацэньваецца сёньня беларускімі дасьледнікамі (Алесь Пашкевіч, Сейбіт сьвятла. Літаратурна-выдавецкая дзейнасьць Вацлава Ластоўскага, у: Беларусіка – Albaruthenica, № 4, Мінск 1995, с. 325-333). В. Ластоўскі зьяўляецца таксама аўтарам многіх кніжных выданьняў: такой грунтоўнай працы, як згаданая Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі, падручнікаў Кароткая гісторыя, Першае чытаньне. Кніжыца для беларускіх дзетак дзеля навукі чытаньня, чытанак Незабудка й Сейбіт, хрэстаматыі Выпісы з беларускай літаратуры.

„Педагагічная спадчына В. Ластоўскага павінна шырока ўлівацца ў змест, формы і метады сучаснага выхавання і адукацыі. Яна дазваляе кожнаму выпрацаваць свой нацыянальны ідэал, заснаваны на гістарычных традыцыях і постацях, глыбока ўсвядоміць маральныя каштоўнасці, вызначыць высакародныя мэты жыцця і тым самым стварыць важныя стымулы для фармавання нацыянальнай свядомасці.” (Святлана Снапкоўская, Шляхі выхавання нацыянальнай самасвядомасці ў педагагічнай спадчыне Вацлава Ластоўскага, у: Беларусіка – Albaruthenica, № 4, Мінск 1995, с. 261-262)

Пра ролю Вацлава Ластоўскага ў адраджэньні й пашырэньні беларускае мовы ды беларускае нацыянальнае ідэі сьведчыць Міжнародная навуковая канфэрэнцыя „Вацлаў Ластоўскі – выдатны дзеяч беларускага адраджэньня” , прысьвечаная 110-м угодкам з дня нараджэньня вучонага, пісьменьніка й грамадзкага дзеяча, якая была сарганізаваная ў 1993 годзе ў Наваполацку (Матэрыялы Міжнароднай навуковай канфэрэнцыі „Вацлаў Ластоўскі – выдатны дзеяч беларускага адраджэння”, прысвечанай 110-й гадавіне з дня нараджэння вучонага, пісьменніка і грамадскага дзеяча, тамсама, с. 236-356).

Ніна Баршчэўская