• Роля людзей у адраджэньні мовы. Язэп Лёсік
  • 03.01.2005
Асобу Язэпа Лёсіка – грамадзкага дзеяча, пісьменьніка, мовазнаўца й пэдагога прыгадвае на старонках газэты „Беларус” Янка Запруднік („Вольная Беларусь” і Язэп Лёскі [Лёсік – Н.Б.], у: „Беларус”, № 186, Нью-Ёрк, кастрычнік 1972, с. 4).

„Асабліва выдатная Лёсікава роля ў моваведнай і пэдагагічнай галіне. На працягу 1920-х гадоў ён працаваў у тэрміналягічнай камісіі Наркамасьветы БССР, у Інстытуце Беларускай Культуры, Беларускай Акадэміі Навукаў, чытаў лекцыі беларускае мовы на настаўніцкіх курсах, у пэдагагічным тэхнікуме, на Беларускім Дзяржаўным Унівэрсытэце. Язэп Лёсік напісаў колькі падручнікаў беларускае мовы для розных школаў. (...) На ягонай «Практычнай граматыцы» 1922 году вырасьлі новыя пакаленьні беларускіх настаўнікаў.” (Тамсама)

Я. Запруднік заўважае, што, нягледзячы на заслугі, імя Язэпа Лёсіка ня згадвалася ў нарысах па гісторыі беларускае літаратурнае мовы, напрыклад, у бібліяграфічным паказьніку Беларускае мовазнаўства АН БССР 1967 году, дзе адзначаецца, што падаецца там поўны сьпіс прац па беларускаму мовазнаўству, няма ніводнае зь Лёсікавых працаў.

Тым часам гэта Язэп Лёсік асэнсаваў ролю нацыянальнае мовы ў дзаржаўным будаўніцтве Беларусі:

„Народ трэба навучыць, яму трэба паказаць, што пакуль не запануе ў краі ягоным наша родная мова, беларуская мова, да таго часу ён будзе бедны, цёмны й галодны. (...) Для нас мова – казаў ён, – становіць усё, нашу палітыку, эканоміку, наш грамадзкі лад жыцьця.” (Тамсама)

У гісторыі беларускага мовазнаўства Язэп Лёсік пакінуў сьлед як арганізатар і ўдзельнік мовазнаўчага жыцьця ў 20-х гадох ХХ стагодзьдзя, як аўтар шматлікіх прац і дапаможнікаў па беларускай мове. Займаўся праблемамі правапісу, культуры мовы, лінгвістычнай тэрміналёгіі. Ягоныя падручнікі былі шырока вядомыя, неаднаразова перавыдаваліся.

„У значнай ступені дзякуючы ім у савецкай Беларусі стала шырока выкарыстоўвацца правапісная сістэма беларускай мовы, зафіксаваная ў «Беларускай граматыцы для школ» (1918) Б. Тарашкевіча.” (С. М. Запрудскі, Лёсік Язэп Юр’евіч, у: Беларуская мова. Энцыклапедыя, Мінск 1994, с. 306)

Шмат з таго, што напісаў Язэп Лёсік, ня страціла свайго значэньня й па сёньняшні дзень. Сьведчаньнем гэтага зьяўляецца факт, што сярод асобаў, якія ўнесьлі важкі ўклад у стварэньне беларускай навуковай тэрміналёгіі (Мікола Байкоў, Пётр Бузук, Вацлаў Ігнатоўскі, Вацлаў Ластоўскі, Сьцяпан Некрашэвіч, Аркадзь Смоліч), дастойнае месца належыць і Язэпу Лёсіку.

Ніна Баршчэўская