• Роля людзей у адраджэньні мовы. Б.Тарашкевіч
  • 06.01.2005
Вялікую публікацыю, прысьвечаную Браніславу Тарашкевічу, зьмясьціў на старонках „Запісаў” А. Багровіч (А. Багровіч, Aleksandra Bergman. Rzecz o Bronisławie Taraszkiewiczu. Warszawa, „Książka i Wiedza”, 1977, 244 б. + ілюстрацыі 32 б., у: „Запісы”, № 15, Нью-Ёрк 1977, с. 136-143.). Аўтар першай беларускай граматыкі вучыўся пад кіраўніцтвам такіх выдатных мовазнаўцаў, як Аляксей Шахматаў, Яўхім Карскі, Ян Бадуэн дэ Куртэнэ. Апрача славянскіх моваў і літаратуры вывучаў таксама грэцкую ды лацінскую мовы. Браў удзел у заснаваньні Беларускага Пэдагагічнага Інстытуту ў Менску. Пасьля заняцьця беларускае сталіцы бальшавікамі пераехаў у Вільню, дзе ў 1918 годзе выдаў Беларускую граматыку для школ. Пасьля захопу Віленшчыны польскім генэралам Люцыянам Жэлігоўскім, у гадох 1920-1922 Тарашкевіч быў кіраўніком беларускага школьніцтва гэтак званай Сярэдняй Літвы, дзе ў той час было 200 беларускіх пачатковых школаў і 3 сярэднія. У верасьні 1922 году быў ён прызначаны дырэктарам Віленскае Беларускае Гімназіі. Браў адначасова ўдзел у працах Беларускага Навуковага Таварыства.

Пэдагагічна-навуковая праца Браніслава Тарашкевіча абарвалася з момантам выбару яго напрыканцы 1922 году паслом у польскі Сойм, дзе ачоліў Беларускі Пасольскі Клюб і 34 разы выступаў з прамовамі ў абароне інтарэсаў беларускага жыхарства польскай дзяржавы. За палітычную дзейнасьць 29.11.1932 году Б. Тарашкевіч быў прысуджаны да 8 гадоў цяжкой турмы.

За час знаходжаньня ў вязьніцах Польшчы Тарашкевіч закончыў пераклад з грэцкае мовы ў беларускую Гомэравае Іліяды. Пераклаў таксама Пана Тадэвуша Адама Міцкевіча. Апрацаваў і выдаў пашыраную рэдакцыю Беларускае граматыкі для школ. Намерваўся апрацаваць Гістарычную граматыку беларускае мовы й таму прасіў польскія ўлады пакінуць яго ў Віленскай вязьніцы, дзе была багатая бібліятэка. На гэтую просьбу аднак польскія ўлады не зьвярнулі ўвагі, паколькі дамаўляліся з Масквою аб перадачы яго ў Савецкі Саюз. У выніку дамовы Тарашкевіч быў прывезены 6 верасьня 1933 году на польска-савецкую мяжу каля Стоўпцаў ды абменены на беларускага драматурга Францішка Аляхновіча, якога ўжо некалькі гадоў ГПУ трымала ў Салавецкім канцэнтрацыйным лягеры.

Тарашкевічу Масква не дазволіла заставацца ў Менску, але накіравала на працу ў Міжнародны Аграрны Інстытут пры Камінтэрне. У 1934 годзе прыняў ён савецкае грамадзянства, а 6 траўня 1937 году быў арыштаваны ў сваім памешканьні НКУС-ам. Як падае А. Бэргман, на мэтрыцы Тарашкевіча стаіць дата сьмерці 22 лістапада 1941 году, а як прычына сьмерці пададзеная „вада сэрца”. (Тамсама, с. 140)

А. Багровіч зьвяртае ўвагу на тое, што, паводле польскай дасьледніцы ягонага жыцьцёвага й творчага шляху Аляксандры Бэргман, Браніслаў Тарашкевіч ня быў камуністычным дзеячам у строгім разуменьні гэтага слова, але быў верным сынам свайго народу, быў выдатным вучоным, філёлягам-лінгвістам, быў таленавітым правадыром масаў, быў знакамітым прамоўцам, літаратарам, перакладчыкам і публіцыстам.

Беларуская граматыка для школ Б. Тарашкевіча „была высока ацэнена спецыялістамі, некалькі разоў перавыдавалася і адыграла выключна вялікую ролю ў нармалізацыі беларускай літаратурнай мовы” (К. І. Германовіч, Тарашкевіч Браніслаў Адамавіч, у: Беларуская мова. Энцыклапедыя, Мінск 1994, с. 558).

Ніна Баршчэўская