• Роля людзей у адраджэньні мовы. Ян Станкевіч
  • 13.01.2005

Ян Станкевіч сваёй лінгвістычнай працай і пурыстычным падыходам да мовы прычыняўся да ўзьнікненьня супярэчлівых поглядаў на ягоную ролю ў разьвіцьці й нармалізацыі беларускае мовы на эміграцыі. На старонках эміграцыйнага друку паяўлялася вялікая колькасьць публікацыяў, у якіх праяўляліся крытычныя адносіны да мовазнаўчае дзейнасьці Яна Станкевіча. Тым ня меней, сёньня, з пэрспэктывы часу, прызнаецца ягоны ўплыў на выпрацоўку нормаў беларускае мовы ў эміграцыі. У ацэнцы Вітаўта Кіпеля:

„Найбольшы ўплыў на фармаваньне правапіснае й стылістычнае нормы мовы беларускага друку ў Амэрыцы зрабілі д-р Янка Станкевіч і Антон Адамовіч.” (Вітаўт Кіпель, Беларусы ў ЗША, Менск 1993, с. 317)

Беларускі эміграцыйны дасьледнік дадае, што мова беларускага друку базуецца на правапісе Браніслава Тарашкевіча зь нязначнымі адхіленьнямі, такімі як: пазначэньне паляталізацыі прыназоўнікаў (зь лесу), скарачэньні злучніка і пасьля галосных (бацька й маці) ды некаторымі іншымі.

Менавіта Ян Станкевіч быў ініцыятарам пазначэньня на пісьме мяккасьці прыназоўнікаў на -з перад [j] і мяккімі зычнымі. (Юрась Бушлякоў, Ян Станкевіч як ідэоляг беларускага моўнага пурызму, у: Ян Станкевіч. Збор твораў у двух тамах, т. 2, Менск 2002, с. 558)

Станкевіч крытыкаваў Браніслава Тарашкевіча за тое, што аўтар Беларускай граматыкі для школ ня ўвёў гэтага правіла ў сваім падручніку.

„Зьмякчэньне ў прыймёнах з перад й і мяккімі сугукамі наступнога слова аўтар для вымовы прызнае, але ня хоча гэтае асаблівасьці абазначаць на пісьме. Якая раца? За абазначэньнем менаванае мякчыні на пісьме (пісаньням ь па з – зь ім, зь лесу, безь мяне, безь цябе і пад.) прамаўляе: 1) што зьмякчэньне запраўды ў вымове ё, 2) што ў слове мякчыню кожнага мяккога з, с мы абазначаем. Апрача таго іншыя славянскія мовы ня знаюць зьмякчэньня ў прыймёнах з, с. Калі мы менаванае мякчыні ня будзем абазначаць на пісьме, дык пры нябыцьцю ў нас беларускіх школаў, чытаючыя Беларусы перастануць гэтае з зьмякчаць, іншымі словамі – пачне гэтая беларуская асаблівасьць сьцірацца. Не абазначаць на пісьме мякчыні з у прыймёнах – значыць ісьці да ўтраты беларускай мовай яе індывідуальнасьці.” (Я. Станкевіч, Б. Тарашкевіч: Беларуская граматыка для школ. Выданьне пятае пераробленае і пашыранае. Вільня. 1929 г., бал. 132 + IV, тамсама, т. 1, с. 162)

Я. Станкевіч крытыкаваў таксама Б. Тарашкевіча за непасьлядоўнасьць у напісаньні злучніка й пасьля зычных.

Гэта, несумненна, заслуга Яна Станкевіча, што сёньня згаданыя асаблівасьці пасьлядоўна выкарыстоўваюцца тымі, хто прытрымліваецца клясычнага беларускага правапісу.

Вельмі багатая спадчына Яна Станкевіча. Апрача вялікай колькасьці мовазнаўчых публікацыяў – больш за 150 артыкулаў, у якіх закраналіся пытаньні фанэтыкі, фаналёгіі, артаэпіі, марфалёгіі, сынтаксісу, лексыкалёгіі, дыялекталёгіі, стылістыкі, сэмантыкі, – ягонаму пяру належыць шэраг падручнікаў ды фундамэнтальная лексыкаграфічная праца – Беларуска-расійскі (Вялікалітоўска-расійскі) слоўнік. Я. Станкевіч зьяўляецца аўтарам падручнікаў: Просты спосаб ў кароткім часе стацца граматным – у суаўтарстве з Рудольфам Абіхтам (Вроцлаў 1918), Biełaruski prawapis – у суаўтарстве з Антонам Луцкевічам (Вільня 1918), Nowy Lemantar dla biełaruskich dzietak (Вільня 1918), Беларуская правапісь з практыкаваньнямі (Вільня 1921), Правапіс чужых словаў (Вільня 1921), Lemantar pierachodny z łacinicy na kirylicu (Менск 1941), Кніжка вучыцца чытаць і пісаць лацініцаю з укладаньнямі (Менск 1943), Падручнік крывіцкае (беларускае) мовы. Граматыка, правапіс, укладаньні прытарнаваныя вучыцца ў школе й дома (Рэгенсбург 1947). Найбольшая лексыкаграфічная праца Я. Станкевіча – Беларуска-расійскі (Вялікалітоўска-расійскі) слоўнік быў выдадзены ўжо пасьля ягонае сьмерці, у 1990 годзе ў Нью-Ёрку.

Вінцук Вячорка й Сяргей Шупа падкрэсьліваюць значны ўклад вучонага ў справу разьвіцьця й пашырэньня беларускае мовы. У сваіх падручніках, дапаможніках, лемантарах Я. Станкевіч, па сутнасьці, распрацоўваў самастойны варыянт беларускае літаратурнае мовы. Пры гэтым ён арыентаваўся на пэўныя ідэальныя патрабаванні й не заўсёды лічыўся з рэальнымі ўмовамі функцыянаваньня мовы, што вяло да непаразуменьняў і недацэньваньня ягонай дзейнасьці. Тым ня меней, многія ягоныя правапісныя, граматычныя й словаўтваральныя рэкамэндацыі сталі нарматыўнымі ў беларускай мове, асабліва ў літаратурнай мове сучаснай эміграцыі. ( В. Вячорка, С. Шупа, Станкевіч Ян, у: Беларуская мова. Энцыклапедыя, Мінск 1994, с. 530-531)

Вялікія заслугі Яна Станкевіча ў моватворчай працы падкрэсьлівае Юрась Бушлякоў.

„Ацэньваючы фэномэн ідэалягічна матываванай інавацыйнай моватворчай дзейнасьці Янкі Станкевіча, трэба бачыць яе заслугу ў захаваньні й пашырэньні многіх адметных («знакавых») асаблівасьцяў беларускай моўнай прасторы, якія сілаю розных прычын аказаліся не запатрабаваныя шырокай літаратурнай практыкаю. Выступіўшы, такім чынам, супраць рэалізоўванай савецкай акадэмічнай навукаю лініі моўнага разьвіцьця, вучоны змог распрацаваць комплексную нармалізацыйную альтэрнатыву, засьведчыўшы гэтым вялікі й да сёньняшняга дня актуальны патэнцыял творчага беларускага мовазнаўства.” (Юрась Бушлякоў, Ян Станкевіч як ідэоляг беларускага моўнага пурызму, у: Ян Станкевіч. Збор твораў у двух тамах, т. 2, Менск 2002, с. 578. Глядзі таксама: Юрась Бушлякоў, Моватворчая практыка Янкі Станкевіча: мэханізм узьнікненьня варыянту беларускай літаратурнай мовы, у: Acta Albaruthenica 4, Мінск 2003, с. 117-120; Ніна Баршчэўская, Янка Станкевіч – папулярызатар крывіччыны на старонках беларускага эміграцыйнага часапісу „Веда”, тамсама, с. 99-116)

Валер Булгакаў бачыць шанец ажыцьцяўленьня Станкевічавага праекту кадыфікацыі беларускае мовы.

„Ян Станкевіч быў галоўным апанэнтам моўнага рэжыму, прынятага ў савецкай Беларусі і бяздумна ўспадкаванага Беларусяй незалежнай. Збор яго твораў фактычна прапануе альтэрнатыўны праект кадыфікацыі беларускай мовы. І, трэба падкрэсьліць, акурат праект, які так і ня быў завершаны Аўтарам у выглядзе строгай сыстэмы. Магчыма, якраз у гэтым палягае шанец для яго рэактуалізацыі ў сучасных варунках. І забясьпечыць яе зможа толькі крытычнае пераасэнсаваньне гэтага праекту наноў, а не сьляпое капіяваньне яго складовых частак пры гістарычна іншых абставінах.” (Валер Булгакаў, Ад укладальніка, тамсама, т. 1, с. 16)

Ніна Баршчэўская