• Беларусізацыя 1920-х гадоў
  • 20.01.2005

Станіслаў Станкевіч прыгадаў гісторыю пэрыяду беларусізацыі Беларусі (Ст. Станкевіч, На 50-я ўгодкі ўрадавай беларусізацыі ў БССР, у: „Беларус”, № 193, Нью-Ёрк, травень 1973, с. 1). Новы курс нацыянальнае палітыкі быў абвешчаны ў сакавіку 1923 году на Ўсебеларускай партыйнай канфэрэнцыі. Беларусізацыя была адным з вынікаў пастановаў X Зьезду РКП(б) у сакавіку 1921 году, дзякуючы якім пачалася новая эканамічная палітыка (НЭП).

„Ня маючы змогі спыніць нацыянальных імкненьняў нерасейскіх народаў, бальшавіком хадзіла пра тое, каб на нейкі час улегалізаваць гэтыя імкненьні, а ўлегалізаваўшы, ськіраваць іх у бальшавіцкае рэчышча.” (Тамсама)

Гэтае рашэньне было выкарыстанае беларускімі патрыётамі ў працы для нацыянальных мэтаў. Беларусізацыя закранала ўсе галіны жыцьця, але найбольш поўна праявілася ў мове.

„І гэта было цалком заканамерна з увагі на тое, што русыфікацыйная палітыка царскай Расеі зь ейнымі забаронамі ўжываньня беларускай мовы навет у друку, зусім выціснула беларускую мову з усяго публічнага жыцьця краю, а ў гарадох – навет і з жыцьця прыватнага.” (Тамсама)

Моўная беларусізацыя ўспрымалася як перадумова беларусізацыі ў культурнай галіне ды палітычнай. Праграма правядзеньня беларусізацыі была прынятая Пленумам ЦК кампартыі Беларусі ў ліпені 1924 году. У прынятай рэзалюцыі беларуская мова абвяшчалася ня толькі роўнай у правох з расейскай мовай, але й выбіралася як мова пераважная для зносінаў між дзяржаўнымі, прафэсійнымі й грамадзкімі арганізацыямі ды ўстановамі. Пераход на беларускую мову плянаваўся на працягу 1-3 гадоў.

„Парадак і каляндарны плян пераходу справаводзтва на беларускую мову ў розных органах і ўстановах распрацоўвае само ведамства, аднак з такім разьлікам, каб у першую чаргу перавесьці на беларускую мову тыя свае органы, установы й арганізацыі, якія непасрэдна сутыкаюцца зь беларускім насельніцтвам.” (Тамсама)

Станіслаў Станкевіч падкрэсьлівае, што заініцыяваная й ачоленая партыяй беларусізацыя была падхопленая цэлым грамадзтвам. Народны Камісарыят Асьветы абавязаўся ўвесьці абавязковае навучаньне беларускае мовы ва ўсіх навучальных установах Беларусі. Для перападрыхтоўкі настаўнікаў былі створаныя адмысловыя курсы беларусаведы. У кожную навучальную ўстанову рассылалася навучальная й пэдагагічная літаратура зь беларускае мовы. Інстытуту Беларускай Культуры было даручана апрацаваць беларускую навуковую тэрміналёгію з кожнай галіны веды й расейска-беларускі ды акадэмічны слоўнік жывой беларускай мовы. Выдатным практычным дасягненьнем сталася скліканая Інстытутам Беларускай Культуры ў 1926 годзе акадэмічная канфэрэнцыя дзеля рэформы беларускага правапісу. Забясьпечвалася на беларускай мове праца хатаў-чытальняў, народных дамоў, клюбаў і бібліятэкаў. Зьвярталася вялікая ўвага на разьвіцьцё на беларускай мове Беларускага Дзяржаўнага Тэатру й тэатральнай студыі ў Маскве, на базе якой зарганізаваўся пазьней Другі Беларускі Дзяржаўны Тэатр у Віцебску. Шырока разгарнулася беларуская краяведная дзейнасьць і зьбіраньне фальклёру. Разьвівалася выдавецкая дзейнасьць на беларускай мове. Пачалі выходзіць па-беларуску часопісы для дзяцей і працаўнікоў народнай асьветы.

Плённыя вынікі беларусізацыі паявіліся вельмі хутка. Неўзабаве на беларускай мове загаварыла ня толькі вёска, але й горад.

Гэтакі статус і стан моўнае й культурнае незалежнасьці як раптоўна пачаўся, так раптоўна й быў спынены. XІІІ Зьезд кампартыі Беларусі ў 1929 годзе прыняў тэзу аб тым, што беларускі нацыянал-дэмакратызм – галоўная небясьпека на дадзеным этапе. Неўзабаве пасьля гэтага пачалася дэбеларусізацыя, якая прагрэсуе па сёньняшні дзень.

Станіслаў Станкевіч адзначае, што гэтыя шэсьць гадоў беларусізацыі былі вельмі кароткім адрэзкам часу, аднак Беларусь здабыла поўную незалежнасьць у галіне мовы й сваёй нацыянальнай культуры.

„І хоць ад нацыянальных дасягненьняў гэнага часу вельмі мала чаго засталося, аднак беларусізацыя ўзмоцніла нацыянальную патэнцыю беларускага народу, зрабіўшы яго больш адпорным на палітыку дэнацыяналізацыі й русыфікацыі ўсіх наступных гадоў. У гэтым вялікае гістарычнае значаньне беларусізацыі."
(Тамсама)

Ніна Баршчэўская