• Беларусізацыя 1980-1990-х гадоў
  • 26.01.2005
Пытаньне беларусізацыі краіны пачало разглядацца на розных пасяджэньнях напрыканцы 1980-х гадоў.

У пастанове Пленуму Праўленьня Саюзу Пісьменьнікаў, што адбыўся 4 чэрвеня 1987 году, былі прынятыя пункты па беларусізацыі краіны. Нью-Ёрская газэта „Беларус” прыводзіць галоўныя зь іх:

„Пленум выказваецца за больш шырокае выкарыстаньне беларускай мовы ў дашкольных установах і абавязковае вывучэньне яе, пачынаючы зь першага класу ўва ўсіх школах рэспублікі, за пашырэньне выкарыстаньня яе ў справаводзтве, за выхаваньне павагі да беларускай мовы нароўні з рускай у насельніцтва, ува ўсіх кадраў, што працуюць у рэспубліцы. (...)

Пленум СП БССР зьвяртаецца ў Вярхоўны Савет, Урад рэспублікі з просьбай узмацніць кантроль за выкананьнем заканадаўчых актаў, якія гарантуюць разьвіцьцё нацыянальнай культуры, асьветы, роднай мовы і ўдасканальваюць адпаведнае заканадаўства. (...)

Пленум рэкамэндуе ўсім органам друку СП БССР, пісьменьнікам і крытыкам прадоўжыць працу па актыўнаму растлумачэньню грамадзтву ролі беларускай і рускай моў у справе разьвіцьця нацыянальнай культуры, нацыянальнай і інтэрнацыянальнай сьвядомасьці, па асьвятленьню становішча беларускай мовы і выхаваньню павагі да яе”.
(Беларусізацыя: праграма мінімум, у: „Беларус”, № 341, Нью-Ёрк, лістапад 1987, с. 1)

У 1989 газэта „Беларус” апублікавала Матар’ялы да праекту Праграмы Беларускага Народнага Фронту „Адраджэньне”, у якіх вялікая ўвага адводзілася ролі роднае мовы. (Матар’ялы да праекту Праграмы Беларускага Народнага Фронту „Адраджэньне”. Мова, у: „Беларус”, № 362, Нью-Ёрк, верасень 1989, с. 7) Дзеля прадухіленьня пераўтварэньня беларускае мовы ў мёртвую мову, БНФ прапанаваў надаць беларускай мове статус адзінай роднай мовы ды вызначаў шляхі рэалізацыі гэтага права беларусаў на самазахаваньне:

„Лёс мовы – гэта і лёс народу. Беларусь стала першай рэспублікай, у якой узьнікла небясьпека ператварэньня мовы жывога народу ў мёртвую мову. Паколькі мова – гэта аснова культуры народу, яго кансалідацыі, гарантыя яго існаваньня, значыць, перад пагрозай апынулася і беларуская нацыя. Гэта заканамерны і канчатковы вынік абавязковага масавага двухмоўя, вядучая роля ў якім належыць ня роднай мове. (...) Родная мова, ня маючы нармальных умоваў для разьвіцьця, паступова зьнікае, а набытая замест яе іншая мова становіцца зьбедненай і штампаванай. Вынікам моўнай палітыкі бюракратыі ў Рэспубліцы сталася паўмоўе – стан, пры якім чалавек не валодае належным чынам ніводнай з моваў і асуджаны на інтэлектуальную, культурную абмежаванасьць і грамадзянскую пасыўнасьць. Таму абарона беларускай мовы сілай дзяржаўных законаў павінна быць адной з функцыяў беларускай нацыянальнай дзяржавы.

Справа сумленьня і патрыятычнага абавязку кожнага Беларуса – валодаць роднаю мовай, пазнаваць і вывучаць яе, карыстацца ёю ў штодзённым жыцьці.”
(Мова: на шляху да дзяржаўнасьці, у: „Беларус”, № 365, Нью-Ёрк, сьнежань 1989, с. 7)

З пачаткам 90-х гадоў XX стагодзьдзя, пасьля абвяшчэньня дзяржаўнае незалежнасьці Беларусі, пачаўся новы пэрыяд беларусізацыі, які аднак працягнуўся вельмі коратка – да моўнага рэфэрэндуму 14 траўня 1995 году. Закон аб мовах рэспублікі пачаў разглядацца яшчэ на супольным паседжаньні камісіяў Вярхоўнага Савету БССР у 1989 годзе. Згодна законапраекту, ніводзін з працаўнікоў дзяржаўных установаў ня змог бы займаць сваёй пасады, не валодаючы ў дастатковай меры беларускай і расейскай мовамі. Паводле законапраекту, акты вышэйшых ворганаў дзяржаўнае ўлады павінны прымацца на беларускай мове, а друкавацца таксама й на расейскай. Беларускай павінна быць мова справаводзтва, узаемаадносінаў розных арганізацыяў і ўстановаў ды прадпрыемстваў. Беларуская мова павінна быць таксама рабочай мовай зьездаў, канфэрэнцыяў, пленумаў, паседжаньняў, нарадаў; мовай большасьці сродкаў масавай інфармацыі; мовай, на якой афармляюцца аб’явы, плякаты, напісы на ўпакоўках тавараў – пры магчымым перакладзе на іншую мову – і гэтак далей. Законапраект прадугледжваў тэрмін пераходу на беларускую мову для кіраўнікоў афіцыйных установаў на працягу трох гадоў, а для жыхарства рэспублікі – максымальны тэрмін – 10 гадоў.

Ніна Баршчэўская