• Мова ў рэлігійным жыцьці
  • 02.02.2005


Важнае значэньне ў будаваньні нацыянальнае тоеснасьці мае Царква. Дзеля выкананьня гэтай ролі мусіць яна аднак быць нацыянальнай і карыстацца роднай мовай – уважаюць беларускія эміграцыйныя публіцысты.

Праўда, у апытаньні настаўнікаў і студэнтаў, праведзеным беларускім вучоным Сяргеем Яцкевічам, канфэсіянальны фактар, зьвязаны зь ігнараваньнем беларускае мовы ў цэрквах, касьцёлах, малітоўных дамах, заняў адно з апошніх месцаў. На яго спаслаліся 11,4% апытаных студэнтаў і 17% настаўнікаў. Меркаваньнем Яцкевіча, магчыма, гэтая адносна невысокая ступень уплыву канфэсіянальнага фактару на стан беларускае мовы абумоўленая высокім узроўнем атэізацыі насельніцтва заходняга рэгіёну Беларусі, дзе праводзілася апытаньне (Сяргей Яцкевіч, Мова і этнакультурная тоеснасць беларусаў на беларуска-польскім паграніччы, у: Język a tożsamość na pograniczu kultur, Białystok 2000, с. 25).

Значэньне роднае мовы для беларускага нацыянальнага руху заўсёды было вялікім – адзначае Эдуард Мазько (Эдуард Мазько, Мова рэлігіі як вызначальнік нацыянальнай свядомасці (у кантэксце дзейнасці Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі), у: Język a tożsamość na pograniczu kultur, Białystok 2000, с. 41-50).

Важнае месца мовы як вызначальніцы нацыянальнае самасьвядомасьці этнасу ўвёў у першай палове XX стагодзьдзя ксёндз Адам Станкевіч – ідэоляг Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі. У кнізе Родная мова ў сьвятынях ён абгрунтаваў тэалягічны бок справы й прыйшоў да адназначнай высновы, што найбольш важным і патрэбным зьяўляецца карыстаньне роднай мовай у сьвятынях, у дамах малітвы, дзе адбываецца „гутарка душы чалавека з Богам”. Адам Станкевіч родную мову называў „злучывам і правадніком супольнасьці нацыянальнай кожнага народу”. Ужываньне роднае мовы ў рэлігійным жыцьці зьяўляецца неад’емнай уласьцівасьцю хрысьціянства й натуральным правам кожнага народу. Гвалт над гэтым правам зьяўляецца злом, зь якім трэба змагацца (Тамсама, с. 41. ).

Увядзеньне хрысьціянскімі дэмакратамі беларускае мовы ў касьцёлы нароўні з польскай зьмяняла яе статус: з мовы „простай, сялянскай, грубай” яна пераўтваралася ў мову „высокую, панскую”, на якой можна гутарыць ня толькі між сабою, але таксама зьвяртацца й да Бога. Пашырэньне аўтарытэту беларускае мовы вяло да паглыбленьня нацыянальнае сьвядомасьці вернікаў (Тамсама, с. 44).

Родная мова ў рэлігійным жыцьці – гэта неадлучны элемэнт нацыянальнага жыцьця – уважаюць беларускія эміграцыйныя публіцысты.

А. Бутрымовіч, закранаючы пытаньне беларусізацыі Царквы на старонках мюнхэнскай газэты „Бацькаўшчына”, адзначае, што гэта вельмі актуальная справа для цэлага беларускага нацыянальнага жыцьця. У артыкуле У справе беларусізацыі нашых цэркваў (А. Бутрымовіч, У справе беларусізацыі нашых цэркваў, у: „Бацькаўшчына”, № 19 (503), Мюнхэн, 8 траўня 1960, с. 3-4). піша:

„Ідэя царкоўнай і рэлігійнай незалежнасьці вяжацца непадзельна з нацыянальнай незалежнасьцяй кажнага народу, а паняволенага ў васаблівасьці. Змагацца толькі за палітычную й гаспадарчую незалежнасьць свайго народу, а аставацца ў царкоўнай, духовай залежнасьці ад сваіх палітычных і нацыянальных ворагаў – гэта ніякае змаганьне. (...) Незалежнасьць палітычная й нацыянальная мусіць вырастаць з душы народу, з духовай, псыхічнай, культурнай, моўнай, абрадавай, звычаёвай і г. д. незалежнасьці чалавека, зь ягонага маральнага складу, да якога ворагу дабрацца ня так лёгка. І вось царква, як запраўдная выхавальніца чалавека, мае вытварыць гэткі маральны склад чалавека пры дапамозе сваіх выхаваўчых сродкаў” (Тамсама, с. 3).

Духовую незалежнасьць народу – паводле А. Бутрымовіча – выхоўваюць:
– рэлігійныя сьвятасьці,
– нацыянальная мова – усе казаньні сьвятары павінны гаварыць па-беларуску,
– нацыянальныя звычаі, абрады, традыцыі, нацыянальны стыль і нацыянальнае царкоўнае мастацтва,
– выхаваўчыя арганізацыі, школьніцтва, прапаганда і гэтак далей.

А. Бутрымовіч закранае справу царкоўнае прэсы ды царкоўных арганізацыяў.

„За выключэньнем каталіцкай прэсы, якая мае прызнакі большага жыцьця, рэлігійная прэса так праваслаўная, як і пратэстанцкая не зусім адказвае вымогам нацыянальна-рэлігійнага выхаваньня. (...) Вельмі мала матарыялу, які тварыў-бы ў чытачу духовую незалежнасьць, мацаваў-бы яго рэлігійнае й маральнае самапачуцьцё, замацоўваў-бы нашыя традыцыі, разьвязваў-бы розныя праблемы ды дапамагаў у рэлігійных беларускіх патрэбах. Выдаваць часапіс толькі дзеля «пасланьняў» і агульнахрысьціянскіх пропаведзяў – мы за бедныя” (Тамсама, с. 4).

Ніна Баршчэўская