• Мова ў рэлігійным жыцьці - 2
  • 09.02.2005

На ўзаемасувязі паміж малітвай, розумам і роднай мовай зьвярнуў увагу Янка Запруднік у рэфэраце, прачытаным 5 чэрвеня 1988 году ў Гайлэнд Парку ў Нью-Джэрзі на ўрачыстасьці сьвяткаваньня тысячагодзьдзя хрысьціянства ў Беларусі. У якасьці асноўнай праблемы назваў адсутнасьць роднае мовы ў рэлігійным жыцьці беларусаў на Бацькаўшчыне.

„У рэлігійным жыцьці Беларусаў на Бацькаўшчыне, праваслаўных і каталікоў, няма месца роднай мове. Што горш, у шмат каго няма разуменьня ненармальнасьці такога стану рэчаў, няма разуменьня патрэбы роднае мовы для лучнасьці з Богам, няма ўсьведамленьня, што русыфікацыя й палянізацыя рэлігійнага жыцьця Беларусаў – зьява ў існасьці антыхрысьціянская. Яна вымагае аналізу” .

Адваёўваць функцыянальнасьць роднай мове ва ўсіх сфэрах жыцьця, у тым ліку й рэлігійнай, трэба рацыянальнымі аргумэнтамі, лёгікай, спасылкамі на гісторыю й розум.
Я. Запруднік задумоўваецца, чаму ў беларускіх праваслаўных цэрквах у эміграцыі таксама ўсё яшчэ сьпяваюцца трапары па-царкоўнаславянску, чаму яшчэ не ўдалося поўнасьцю беларусізаваць багаслужбу? Пры гэтым адзначае аднак, што Эвангельле й некаторыя малітвы чытаюцца ўжо па-беларуску. Поўнасьцю па-беларуску служыцца набажэнства ў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве.

Несупадзеньне паміж мовай багаслужбаў у Беларускай Праваслаўнай Царкве ў эміграцыі ды жаданьнем беларусаў маліцца па-беларуску вынікае часткова з традыцыі, а часткова з адсутнасьці кваліфікаваных сілаў, якія маглі б перакласьці малітвы й цэлую багаслужбу ў сучасную беларускую мову. Я. Запруднік бачыць і той факт, што ня ўсе беларусы ў эміграцыі перакананыя ў неабходнасьці карыстацца роднай мовай у сваёй лучнасьці з Богам, хоць увесь заходні сьвет моліцца ўжо ў нацыянальных мовах. Аўтар прыводзіць выказваньне Апостала Паўла:

„Бо калі я малюся ў незнаёмай мне мове, дык дух мой моліцца, але розум мой застаецца бясплодным” .

Значыць, дзеля спалучэньня духа з розумам трэба маліцца ў роднай мове. Згодна з навукаю Апостала Паўла паступалі сьвятыя Кірыла й Мятод, перакладаючы ў другой палове ІX стагодзьдзя царкоўныя кнігі на жывую мову. Пра патрэбу разуменьня малітвы й багаслужбы нагадаў Францішак Скарына, калі ў 1517 годзе пачаў друкаваць пераклад Бібліі ў мове свайго „люду паспалітага”. Скарына ў прадмове да Псалтыра сказаў, што зрабіў гэта „наиболей с тое причины, иже имя милостивый Бог з того языка на свет пустил”. Значыць, у якой мове чалавек нарадзіўся, у гэткай і Богу павінен маліцца, таму што розум найпаўней функцыянуе ў роднай мове. Таксама Францішак Багушэвіч пісаў: „Наша мова для нас сьвятая, бо яна нам ад Бога даная, як і другім добрым людцам”.

У сувязі з гэтым Я. Запруднік піша:

„Царква павінна асудзіць лёгацыд – словагубства, здушваньне Роднага Слова, безь якога чалавек ня можа мець поўнае лучнасьці з Богам. Гэта-ж у Евангельлі сказана: «На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова». (...) Лёгацыд павінен быць абвешчаны сьмяротным грэхам” .

Той, хто пазбаўляе душу беларуса роднае мовы, выступае супраць хрысьціянскае традыцыі.

Ніна Баршчэўская