• Мова ў рэлігійным жыцьці - 3
  • 16.02.2005

Беларускія эміграцыйныя публіцысты зьвяртаюць увагу на сытуацыю беларускае мовы ў Цэрквах розных канфэсіяў як у эміграцыі, гэтак і ў самой Беларусі. Мы сёньня засяродзім увагу на каталіцкіх сьвятынях.

Пасьля Другой Сусьветнай вайны шмат беларусаў-каталікоў апынулася ў розных краінах сьвету. Найбольшая іх частка пасялілася ў Злучыных Штатах Амэрыкі. Істотнай праблемай была нястача сваіх сьвятароў і багаслужбаў у роднай мове. Таму вялікім сьвятам для беларусаў у ЗША быў прыезд на нейкі час айца Часлава Сіповіча, рэктара Беларускае Каталіцкае Місіі ў Ангельшчыне й царкоўнага асыстэнта Беларускага Каталіцкага Акадэмічнага Задзіночаньня „Рунь”. Айцец Сіповіч прачытаў тры даклады на рэлігійныя тэмы, а 28 кастрычніка 1957 году адслужыў у роднай мове багаслужбу ў найвялікшай каталіцкай сьвятыні Нью-Ёрку – Катэдры сьв. Патрыка. Багаслужба закончылася малітвай за Беларусь (Ф. Б-ль, Урачыстасьць Беларусаў Каталікоў, у: „Беларус”, № 62, Нью-Ёрк, лістапад 1957, с. 3) .

Многія беларусы зьвярталіся да польскіх сьвятароў з просьбай дапамагчы ў беларусізацыі Каталіцкай Царквы.

У другой палове красавіка 1988 году Чыкага наведаў польскі кардынал Гэнрык Гульбіновіч. Мясцовыя беларусы зьвярнуліся да яго з просьбай паспрыяць беларускім каталіком і ўвесьці беларускую мову ў касьцёл на Бацькаўшчыне (Каталіцызм і беларуская мова, у: „Беларус”, № 353, Нью-Ёрк, лістапад 1988, с. 6). Кардынал уважна выслухаў просьбу й абяцаў разгледзець пытаньне. Аднак „Беларус” сумняецца ў гэтым і піша пра пашыраны ў польскіх рэлігійных колах погляд, што беларускія каталікі гэта палякі. У сваю чаргу беларускія партыйныя чыноўнікі не намерваюцца ўмацоўваць каталіцызму ў Беларусі, пераводзячы багаслужбу на беларускую мову, таму што тады ўсе „пісьменьнікі й нацыяналісты” пабеглі б у касьцёл Богу маліцца, а не ў царкву. Тым часам будучыня каталіцызму ў Беларусі можа быць зьвязаная толькі зь беларускай моваю, – піша нью-ёрская газэта „Беларус” – таму што маладое пакаленьне ўжо ня ведае польскае мовы.

Годам раней з такой жа просьбай зьвярнуўся беларускі каталіцкі сьвятар айцец Уладыслаў Чарняўскі да ўдзельнікаў канфэрэнцыі Беларусы, літоўцы, украінцы, палякі – перадумовы пагадненьня, якая была праведзеная зь ініцыятывы айцоў езуітаў 23-25 кастрычніка 1987 году ў Лодзі (Кс. Уладыслаў Чарняўскі, Палянізацыя беларускіх каталікоў, у: „Беларус”, № 347, Нью-Ёрк, травень 1988, с. 1, 7). У сваім звароце айцец Чарняўскі адклікаўся да гісторыі, да Берасьцейскае вуніі. Ужо тады недапушчэньне біскупаў у Сэнат сьведчыць пра погляд на вуніяцкую веру як на мужыцкую, як на мост да акаталічваньня й апалячваньня беларусаў. У 1839 годзе беларусаў ізноў навярнулі ў „рускую веру”. Па словах айца Чарняўскага, „як «руская» гэтак і «польская вера» была паніжэннем для беларускага народу” (Тамсама, с. 7). Беларускі сьвятар прывёў прыклады забароны набажэнстваў па-беларуску ды арыштоўваньня беларускіх ксяндзоў (напрыклад, ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага), выкідваньня іх зь Беларусі (напрыклад, марыянаў з Друі).

Ксёндз У. Чарняўскі, крытыкуючы пашырэньне на беларускіх землях катэхізму, у якім словы польскія, але напісаныя „рускімі літарамі”, выказаў сумнеў, ці палякі ўспрынялі б станоўча катэхізм з польскімі літарамі, але з расейскімі альбо нямецкімі словамі. З уласнае практыкі прывёў выказваньні дзяцей, якія не разумеюць такога катэхізму. Зьвярнуў увагу таксама на выпадкі адмаўленьня ў шлюбе маладым, пакуль ня вывучаць пацераў па-польску. Такі падыход можа прычыніцца толькі да страты вернікаў.

Свае разважаньні айцец Чарняўскі закончыў заклікам да палякаў:

„Палякі! Памажэце нам стаць на хрысьціянскія ногі, памажэце нам, Беларусам-каталіком, мець свайго біскупа, адміністрацыю, сэмінарыю і г. д., і вы дакажаце, даведзяцё, што вы нам «браты ў Хрысьце»” (Тамсама, с. 7).

Аднак, нягледзячы на ўсе перашкоды, беларускія патрыёты-сьвятары адпраўляюць багаслужбы й выдаюць рэлігійную літаратуру па-беларуску – піша Раіса Жук-Грышкевіч. У каталіцкім касьцёле ў Вішневе імша ў беларускай мове адпраўлялася ксяндзом Уладзіславам Чарняўскім ужо ў 60-70-х гадох XX стагодзьдзя. Айцец Чарняўскі пераклаў на беларускую мову сьвятую імшу (Парадак Сьвятой Імшы, Лёндан-Вішнева 1988). Рыма-каталіцкія багаслужбы адпраўляюцца штодзённа па-беларуску ў Менску, Нясьвіжы, Наваградку, Мёрах. Апрача гэтага ў розных касьцёлах Менска, Гомеля, Магілёва, Горадні, Баранавічаў і Старых Двароў багаслужбу ўсходняга абраду ў беларускай мове служыў айцец Аляксандар Надсан кожны раз, калі прыяжджаў зь Лёндану ў Беларусь. Раіса Жук-Грышкевіч праяўляе спадзяваньне, што сытуацыя беларускае мовы ў рэлігійным жыцьці зьменіцца, калі Беларусь стане сапраўды незалежнай дзяржавай.

„Бясспрэчна, што сытуацыя беларускай каталіцкай царквы, ці то ўсходняга, ці заходняга абраду, у Беларусі вельмі цяжкая, так як цяжкой ёсьць і справа здабыцьця фактычнай дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі – здабудзем незалежнасьць і беларускай царквы. Памагай нам Божа!” (Раіса Жук-Грышкевіч, Беларуская мова ў каталіцкіх сьвятынях у Беларусі, у: „Беларус”, № 389, Нью-Ёрк, красавік 1992, с. 2)

Поўнасьцю па-беларуску Сьвятую Імшу 24 сакавіка 1999 году перадала Беларуская Сэкцыя Ватыканскага Радыё. Было гэта зроблена на просьбу слухачоў зь Беларусі. Імшу адслужыў у Капліцы Дабравешчаньня ў цэнтры прадукцыі праграмаў Ватыканскага Радыё айцец доктар Рабэрт Тамушанскі ў прысутнасьці групы беларусаў з Рыму й запрошаных гасьцей (Імша Ватыканскага радыё пабеларуску, у: „Беларус”, № 368, Нью-Ёрк, сакавік 1999, с. 5).

Ніна Баршчэўская