• Сваяк – драматычнае ўвасабленьне беларускага лёсу
  • 19.02.2005
115 гадоў таму нарадзіўся беларускі сьвятар і пісьменьнік Казімір Сваяк, жыцьцёвы й творчы шлях якога зьяўляецца ўвасабленьнем беларускага лёсу.

Казімір Сваяк – сапраўднае прозьвішча Канстанцін Стаповіч – нарадзіўся 19 лютага 1890 году ў вёсцы Барані Сьвяньцянскага павету Віленскай губэрні. 11-асабовая сям’я Стаповічаў складалася з бабулі, бацькоў, 6 сыноў і 2 дочак. Бацька Казіміра Сваяка служыў лесьніком у пана й апрацоўваў невялікую гаспадарку. Сям’я адзначалася выключнай працавітасьцю й цягай да навукі. Погляды, густы й літаратурны талент Казіміра Сваяка фармаваліся пад уплывам роднай буйнай прыроды й народных традыцыяў, якія моцна культываваліся жыхарамі вёскі, у тым ліку й сям’ёю Стаповічаў.

Закончыўшы пачатковую й гарадзкую школы ў Сьвяньцянах, Казімір Сваяк цьвёрда пастанавіў ісьці вучыцца ў духоўную каталіцкую сэмінарыю. Быў ён у гэтым часе моцна начытаны рэлігійнай літаратурай на польскай, расейскай і францускай мовах. Ужо восеньню 1906 году сутыкнуўся ён зь першымі нумарамі „Нашай Нівы”. Характар публіцыстыкі гэтага тыднёвіка глыбока пранікнуў у ягонае сэрца, і малады хлапец успрыняў адраджэнскія беларускія ідэалы як свае ўласныя. Восеньню 1907 году паехаў ён у Пецярбург і пасьпяхова вытрымаў экзамены ў Віленскую Каталіцкую Сэмінарыю. На трэцім курсе навучаньня была выяўлена ў яго хвароба лёгкіх – тубэркулёз, што прымусіла Казіміра Сваяка накіравацца на лячэньне ў Закапанэ. У 1915 годзе быў ён пасьвячоны ў Пецярбурзе на каталіцкага сьвятара. Пачаў працаваць вікарым у Камаях, а пасьля ў Клюшчанах, дзе разгарнуў шырокую беларускую асьветніцкую дзейнасьць: увёў беларускія набажэнствы й казаньні, арганізаваў беларускі хор, адкрываў беларускія школы. Толькі ў адной Клюшчанскай парафіі паклікаў да жыцьця 7 беларускіх школаў, што было свайго роду подзьвігам у маштабе цэлай тагачаснай Беларусі. Каталіцкая касьцельная герархія глядзела нядобразычліва на пачынаньні маладога ксяндза. Касьцельныя ўлады перанесьлі яго ў Карыцін на Беласточчыне, дзе ізноў Казімір Сваяк пачаў разьвіваць беларускую асьветніцкую дзейнасьць. Вясною 1918 году значна пагоршыўся стан ягонага здароўя, што прымусіла яго пакінуць Карыцін ды зноў паехаць на лячэньне ў Закапанэ. Адтуль Казімір Сваяк накіраваўся ў вёску Ляпеніца пад Ваўкавыскам, дзе працаваў пробашчам ягоны сэмінарскі сябра Язэп Германовіч – пазьнейшы знакаміты беларускі пісьменьнік Вінцук Адважны. У 1920 годзе касьцельныя ўлады накіравалі Казіміра Сваяка ў Засьвір, дзе драматычна паглыбілася ягоная хвароба. Выезд на лячэньне на пераломе 1925/1926 гадоў у Закапанэ не паўстрымаў страшэннай хваробы. 6 траўня 1926 году – на 36. годзе свайго драматычнага жыцьця Казімір Сваяк памёр у Вільні.

Літаратурны талент Казіміра Сваяка праявіўся рана. Дэбютаваў ён у 1913 гозде маралітэтам пад загалоўкам „Алькаголь”, у якім паказаў згубныя вынікі алькагольных схільнасьцяў. Паміж 1913 і 1924 гадамі апублікаваў Казімір Сваяк цэлы шэраг вершаў, апавяданьняў, артыкулаў і нарысаў, а таксама сцэнічны твор пад назовам „Вясковая драма”, у якіх прадставіў розныя аспэкты беларускай вясковай рэчаіснасьці. Ва ўсіх ягоных публікацыях дамінаваў дух глыбокага гуманізму, дабрыні й любові да простага чалавека. У 1924 годзе выйшла кніга жыцьця Казіміра Сваяка – зборнік вершаў „Мая ліра”. Вершы гэтыя шматтэмныя: рэлігійныя, патрыятычныя, прыродаапісальныя, асабістыя, а нават гумарыстычныя. Сьведчаць яны пра шырокія гарызонты паэтычнага таленту аўтара.

Паэзія Казіміра Сваяка наогул утрыманая ў канонах і нормах беларускай нашаніўскай паэзіі. Аднак ягоныя творы заўсёды маюць афарбоўку ўласнага пісьменьніцкага „я”. Таму Казіміра Сваяка ня можам ні ў якім выпадку ўспрымаць як эпігона, а толькі як наватара, асабліва ў галіне беларускай рэлігійнай паэзіі. Пасьля сьмерці паэта выйшла ягоная рэлігійная кніга „Голас душы”, якая была малітоўнікам, а таксама дзёньнік пад назовам „Голас маёй мысьлі, сэрца і волі”, у якіх знаходзім запісы, роздумы, рэмінісцэнцыі, рэфлексіі й разважаньні, зьвязаныя галоўным чынам з Першай Сусьветнай вайною. У гэтай кнізе знаходзім кранальныя драматычныя сцэны зь беларускіх вёсак, агорнутых ваеннай завірухай, голадам і эпідэміяй. Казімір Сваяк у гэтым разьвітальным творы паўстае як велічная постаць місіянера – беларуса, які, нягледзячы на сваю хваробу, узьнімаецца як сымбаль веры ў сэнс прыгажосьці чалавечай душы. Такім менавіта ўспрымаем Казіміра Сваяка й сёньня – у 115 угодкі ягоных народзінаў.

Алесь Барскі