• Таіса Бондар – аўтарка творчага раздваеньня
  • 20.02.2005


Сёньня мінае 60 гадоў з дня нараджэньня вядомай беларускай пісьменьніцы – Таісы Бондар.

Таіса Бондар нарадзілася 20 лютага 1945 году ў мястэчку Рудзенск Менскае вобласьці ў рабочай сям’і. Ейнае дзяцінства прайшло ў нялёгкіх умовах паваеннай беларускай рэчаіснасьці.

У пачатковай і сярэдняй школах мела яна добрыя вынікі ў навуцы і ў 1962 годзе была прынятая на элітарны факультэт англістыкі Беларускага Дзяржаўнага Пэдагагічнага Інстытуту Замежных Моваў. Закончыўшы гэтую вучэльню ў 1967 годзе, паехала на настаўніцкую працу аж у Малдову. Было гэта праявай тагачаснае моды на трактоўку цэлага Савецкага Саюзу як свае ўласнае айчыны. Аднак, праўдападобна, знаходжаньне ў Малдове не спрыяла ўмацаваньню ў душы Таісы Бондар касмапалітычных ці інтэрнацыянальных ідэяў. Туга па радзіме прычынілася да таго, што ў 1977 годзе вярнулася яна ў Беларусь.

Вярнуўшыся на бацькаўшчыну, Таіса Бондар працавала ў рэдакцыі „Літаратуры і Мастацтва”, а з 1981 году – намесьнікам рэдактара штомесячніка „Беларусь”. Сябрам Саюзу Пісьменьнікаў зьяўляецца з 1978 году. Зараз Таіса Бондар ачольвае голдынг “Літаратура і Мастацтва” й нядаўна была ўганараваная прэзыдэнцкай прэміяй “За духоўнае адраджэньне”.

Ужо ў сярэдняй школе праявіла яна літаратурныя зацікаўленьні. Дэбютавала ў друку ў 1970 годзе. Першы зборнік яе вершаў выйшаў у сьвет у 1974 годзе. Ужо сам загаловак гэтае кнігі „Захапленьне” сьведчыў пра характар сабраных у ёй вершаў. Маладосьць аўтаркі, а таксама ейная залежнасьць ад абавязваючых тады ў жыцьці Саюзу Пісьменьнікаў Беларусі канонаў соцрэалізму насыцылі ейную творчасьць празьмерным аптымізмам і верай у дасканаласьць варункаў жыцьця савецкага грамадзтва. Аднак ужо ў вершах гэтае раньняе пары праявіліся несумненныя паэтычныя здольнасьці й характэрныя рысы ейнай творчасьці.

4 гады пазьней выйшаў наступны зборнік пад назовам „Акно ў восень”. Гэты назоў зьвеставаў перамену творчага настрою. Пераходзіла яна ад бескрытычнага захапленьня жыцьцём да настрою задуменьня й настальгіі, якія сілаю рэчаў родзяць схільнасьць да крытыцызму, а нават скептыцызму.

Чарговыя зборнікі вершаў Таісы Бондар гэта: „І голас набыла душа”, „Святочны снег”, „Чырвоны месяц года”, „Спадчынны боль” і ўрэшце томік, які выйшаў у 1989 годзе зь вельмі сымптомным і вымоўным загалоўкам „Адна”. Такім чынам аўтарка прайшла складаны эвалюцыйны шлях ад захапленьня ўсім і ўсімі да адзіноты й самотнасьці.

Таіса Бондар належыць да паэтак эстэтызуючых. Яе ўсё меней цікавяць пытаньні ачавідныя й вырашальныя. Прываблівае яе ўсё болей у жыцьці тое, што таемнае, цяжкае й сымптомнае. Дзякуючы гэтаму, ейныя вершы – не гатовыя рэцэпты на вырашэньне жыцьцёвых цяжкасьцяў, а толькі форма горкага задуменьня, якому не чужыя настроі суму й пэсымізму. Для маладой Таісы Бондар навакольны сьвет выдаваўся той радаснай прасторай, у якой можна бязь цяжкасьцяў рэалізаваць усе свае летуценьні й мары. Гэтай жа Таісай Бондар – у сталым узросьце – сьвет успрымаецца нярэдка як пастка, зь якой няма выйсьця. Зразумела, што гутарка йдзе аб крайніх настроях і станах душы, а не аб сярэдняй тэмпэратуры ейнага лірычнага пульсу.

Жаночасьць лірыкі Таісы Бондар менавіта й праяўляецца ў зьменлівай рытміцы ейнай паэтычнай матэрыі, якая пульсуе шматколернай мазайкай эмацыянальных настрояў.

Паэтка ніколі не стаяла на месцы, заўсёды йшла наперад і пасьлядоўна не баялася пярэчыць ня толькі іншым, але й самой сабе. Ейная творчасьць характарызуецца тою эстэтычнай эвалюцыйнасьцю, якая зьвястуе й прыносіць трывожную нечаканасьць.

Апрача паэзіі, Таіса Бондар інтэнсыўна займаецца таксама прозай. У 1984 годзе выдала яна кнігу апавяданьняў „Сінія яблыкі”. Потым выйшлі ейныя аповесьці: „Час калі нас любілі”, „Паветраны замак на дваіх” і раман „Спакуса”.

Гады, у якіх выходзілі ейныя паэтычныя й празаічныя кнігі, сьведчаць пра тое, што Таіса Бондар не належыць да тых аўтараў, якія ў маладосьці пішуць паэзію, а ў сталыя гады пераходзяць на прозу. Таіса Бондар піша паралельна і адно, і другое. З гэтага вынікае, што ў яе душы выступаюць з аднолькавай сілай дзьве літаратурныя стыхіі: лірыкі й эпікі. Ці гэтыя стыхіі ўзаемна змагаюцца, ці можа ўспамагаюцца – цяжка сказаць. Несумненнае адно: у ейных празаічных творах выступае моцны паэтычны падтэкст, які выразна ўпрыгожвае апавяданьні, аповесьці й раманы.

Алесь Барскі