• Мова ў рэлігійным жыцьці - 4
  • 23.02.2005
Беларускія эміграцыйныя публіцысты зьвяртаюць увагу на сытуацыю беларускае мовы ў Цэрквах розных канфэсіяў як у эміграцыі, гэтак і ў самой Беларусі. Мы сёньня засяродзім увагу на сытуацыі ў праваслаўных сьвятынях.

Газэта „Беларус” зьмясьціла пастановы Сьвяшчэннага Сабору Япіскапаў Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Адзін з пунктаў пастановаў Сабору закранаў пытаньне беларускае мовы:

„Веручы, што БАПЦарква ёсьць ад Бога, а беларуская мова – гэта талент, якога зьневажаць і забываць ніколі няможна, на Саборы пастаноўлена Сьв. Евангельле, Апостальскія Пасланьні й Заамвонную малітву на Багаслужбах чытаць пабеларуску, а пасьля ўзгадненьня тэксту й кампазыцыі малітваў «Верую» і «Ойча наш» таксама сьпяваць пабеларуску” (Япіскап Андрэй, Пастановы Сьвяшчэннага Сабору Япіскапаў БАПЦ, у: „Беларус”, № 146, Нью-Ёрк, чэрвень 1969, с. 1).

Першая багаслужба па-беларуску была праведзеная 30 лістапада 1969 году ў Дэтройце. Аказалася, што пераклад царкоўнага служэньня на беларускую мову ня ёсьць недасягальным (М. Хацяновіч, Першая Божая Служба пабеларуску ў Дэтройце, у: „Беларус”, № 153, Нью-Ёрк, студзень 1970, с. 3).

Беларускія праваслаўныя багаслужбы праводзіліся ў розных гарадох заходняга сьвету, дзе жылі беларусы. Эміграцыйныя газэты паведамляюць пра дзьве багаслужбы, праведзеныя айцом Канстантынам Бандаруком у Мюнхэне – 24 сакавіка й 19 чэрвеня 1991 году. У сваіх казаньнях айцец Канстантын прыгадаў беларускіх сьвятых, гаварыў таксама пра важнасьць памятаньня роднае мовы, шанаваньня народных традыцыяў і багатае спадчыны беларускага народу (В. Л., Беларускія праваслаўныя багаслужбы, у: „Беларус”, № 380, Нью-Ёрк, травень – чэрвень 1991, с. 8; Беларускія праваслаўныя багаслужбы ў Мюнхэне, у: „Беларускі Голас”, № 363, Таронта, ліпень 1991, с. 5).

Газэта „Беларус” адзначае прыезд у Нью-Ёрк Мітрапаліта Менскага й Беларускага Філарэта (Газэта „Беларус” паведамляе, што Мітрапаліт Філарэт – расеец; сьвецкае прозьвішча – Кірыла Вахрамееў; нарадзіўся ў Маскве 21 сакавіка 1935 году; у сан мітрапаліта ўзьведзены 15 красавіка 1975 году; Мітрапалітам Менскім і Беларускім стаў 10 кастрычніка 1978 году). На адной зь неафіцыйных сустрэчаў Мітрапаліту Філарэту давялося выказацца пра ягонае стаўленьне да беларускае мовы.

„Беларуская мова – сказаў Філарэт – «штучная» («искуственная») і было-б «ненатуральным», калі-б сьвятар у сваёй казані зьвярнуўся да вернікаў у беларускай мове. А пра багаслужбу ў беларускай мове дык і гутаркі быць ня можа, гэта, кажа Ўладыка Філарэт, гучэла-б зусім не на месцы” (Аркадзь Будзіч (псэўданім Янкі Запрудніка), Мітрапаліт Філарэт і беларуская мова, у: „Беларус”, №№ 301-302, Нью-Ёрк, чэрвень – ліпень 1982, с. 2.

Гэтага стаўленьня – піша газэта „Беларус” – ніяк нельга назваць ані прагрэсыўным, ані справядлівым, ані нават хрысьціянскім.

„Стаўленьне гэтае традыцыйна маскоўскае – рэакцыйнае й калянізатарскае” (Тамсама).

Іншыя мовы, чым расейская – у ацэнцы Мітрапаліта – горшыя. Параўнаў ён двух каталіцкіх ксяндзоў: адзін зь іх прынцыпова гаворыць казані па-беларуску, чым – па словах Мітрапаліта – выяўляе сваю нацыянальную крайнасьць, а другі прынцыпова карыстаецца польскаю моваю, і таму вернікі яго не разумеюць.

З выказваньняў Мітрапаліта Філарэта пра мову ў сьвятынях Аркадзь Будзіч робіць наступныя высновы: 1. альбо Мітрапаліт Філарэт ня ведае й ведаць ня хоча пра беларускую нацыянальную культуру ў БССР, чым падкрэсьлівае „чужароднасьць маскоўскага праваслаўя на Беларусі, імпэрыялістычны характар гэтае рэлігіі ды ейную калянізатарска-этнацыдную існасьць” (Тамсама, с. 3), альбо Мітрапаліт, ведаючы пра прывязанасьць беларусаў да свае мовы, „сьведама дапамагае бязбожным савецкім русыфікатарам Беларусі мэтадам пашырэньня на Захадзе дэзынфармацыі аб тым, што Беларусы, быццам-бы, не шануюць і не бароняць свае роднае мовы ды імкнуцца чуць расейскую мову ў тых праваслаўных цэрквах, якіх улада яшчэ не паперарабляла ў атэістычныя музэі, канцэртныя залі ды складзішчы” (Тамсама).

А. Будзіч піша, што праваслаўныя ў БССР павінны дамагацца, каб Мітрапалітам Менскім і Беларускім быў беларус, які не абражаў бы нацыянальных пачуцьцяў вернікаў і не называў бы штучнай мову, што прыйшла „ад сьв. Еўфрасіньні Полацкай й сьв. Кірылы Тураўскага, ад перакладніка Бібліі Франьцішка Скарыны й абаронцаў гэтае мовы Васіля Цяпінскага, Мялета Сматрыцкага ды сотняў тысячаў іхных пасьлядоўнікаў праз усе стагодзьдзі, у тым ліку Якуба Коласа й Янкі Купалы” (Тамсама).

Янка Запруднік зьвяртае ўвагу на інтэрвію, якое ў Мітрапаліта Філарэта ўзяў выкладчык Менскага Інстытуту Культуры Валеры Няфёд. Асабліва ўзьбянтэжыла выказваньне Мітрапаліта Філарэта пра ачышчэньне беларускае мовы.

„Мы павінны (...) ачысьціць беларускую мову ад усіх напластаваньняў, каб яна запраўды была мовай народу, была прасякнутая народным духам, а не стваралася паводля ‘прынцыпу’ абы толькі ня быць падобнай да расейскае” (Янка Запруднік, Мітрапаліт Філарэт і беларуская мова, у: „Беларус”, № 361, Нью-Ёрк, жнівень 1989, с. 3.)

Аўтар публікацыі задумоўваецца, хто гэта будзе ачышчаць беларускую мову, і ці Ўладыка намерваецца супрацоўнічаць з Таварыствам Беларускай Мовы, у статуце якога таксама запісана, што „мае на мэце пашырэньне ўжытку беларускай мовы (...), захаваньне яе чысьціні й самабытнасьці” (Тамсама).

Факт, што на ўстаноўчым сходзе Таварыства Беларускай Мовы былі два каталіцкія сьвятары, але ніводнага праваслаўнага, сьведчыць пра тое, што:

„Руская Праваслаўная Царква на Беларусі яшчэ не зусім пагадзілася з тым, што і для яе настаў час беларусізацыі” (Тамсама).

Адсутнасьць аўтакэфаліі беларускага праваслаўя аб’ектыўна й суб’ектыўна уніфікуе вернікаў Беларусі й Расеі (Elżbieta Smułkowa, Dwujęzyczność po białorusku: bilingwizm, dyglosja czy coś innego?, w: Język a tożsamość na pograniczu kultur, Białystok 2000, s. 98).

Ніна Баршчэўская