• Рыгору Барадуліну - 70!
  • 24.02.2005
Рыгор Барадулін – на шляху ад традыцыі да мадэрнізму (да 70-годзьдзя з дня народзінаў)

Вядучы сучасны беларускі паэт Рыгор Барадулін нарадзіўся 24 лютага 1935 году. Атрымаўшы сярэднюю адукацыю, вучыўся на філялягічным факультэце Беларускага Дзяржаўнага Ўнівэрсытэту, які зкончыў у 1959 годзе. Пакінуўшы сьцены Alma Mater, працаваў у многіх рэдакцыях газэтаў і выдавецтваў. Як чалец беларускай дэлегацыі, прымаў удзел у працах 39 сэсіі Генэральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. У 1989 годзе быў абраны прэзыдэнтам Беларускага ПЭН-Цэнтру. У Саюзе Пісьменьнікаў з 1959 году.

Паэтычнае прызваньне адазвалася ў душы Рыгора Барадуліна ў 1953 годзе. У хуткім часе пачалі выходзіць адзін за адным ягоныя паэтычныя зборнікі: „Маладзік над стэпам” (1959), „Рунець, красаваць, налівацца” (1961), „Нагбом” (1963). Вершы з гэтых зборнікаў былі ўтрыманыя ў стылі патрабаваньняў сацыялістычнага рэалізму. Праявілася ў іх радасьць жыцьця савецкай моладзі, яе ахвярнасьць і працавітасьць, актыўны ўдзел у рэалізацыі высокіх ідэалаў і задач, стаўленых перад народам партыяй і камсамолам. Радаснае існаваньне савецкага чалавека, за якога думаюць, пра якога дбаюць, якому гарантуюць шчасьлівае жыцьцё мудрыя дзяржаўныя правадыры – гэта сэнс большасьці раньніх вершаў Рыгора Барадуліна.

Аднак ужо ў гэты пэрыяд назіраецца ў творчасьці Барадуліна перакананьне аб тым, што жыцьцё гэта зьява складаная, часта неадгадная, таемная й фатальная. Новае разуменьне людзкога побыту ўсё глыбей праяўляецца ў такіх ягоных зборніках, як: „Неруш” (1966), „Адам і Ева” (1968), „Лінія перамены дат” (1969), „Вяртанне ў першы снег” (1962), „Рум” (1964), „Свята пчалы” (1975), „Абсяг” (1978), „Алімпіяда смеласці” (1983), „Маўчанне перуна” (1986), „Самота паломніцтва” (1990).

Апрача гэтага паэт выдаў каля 20 гумарыстычных кніжак і зборнікаў для дзяцей. Зьяўляецца ён таксама аўтарам тому літаратурна-крытычных артыкулаў пад назовам „Парастак радка, галінка верша” (1987).

Вядомы Рыгор Барадулін таксама як перакладчык на беларсукую мову шматлікіх вершаў зь летувіскай, расейскай, гішпанскай, францускай, ангельскай, польскай ды іншых замежных моваў.

Вялікай увагі заслугоўваюць вершы, напісаныя Рыгорам Барадулінам пад уплывам дружбы з Васілём Быкавам, асабліва тады, калі хворы Быкаў шукаў паратунку ў Фінляндыі й Нямеччыне.

Увесь творчы шлях Рыгора Барадуліна – гэта шлях стромкага маршу паэта да горных вяршыняў, гэта марш ад простага да складанага, ад адназначнага да шматзначнага. Паэт Рыгор Барадулін кіруецца пастаянным прынцыпам, які праяўляецца ў тэзе: „Не баяцца жыцьця, змагацца з маною, крывадушлівасьцю й дэмагогіяй”. Паэт атакуе, высьмейвае й асуджае крывадушлівасьць тых, хто прэтэндуе да валоданьня, панаваньня й дамінацыі над іншымі людзьмі.

Рыгор Барадулін сэрцам, душою й словам успрыняў, падтрымаў і адобрыў дзяржаўную незалежнасьць Беларусі, якая вырасла на развалінах Савецкага Саюзу. Паэт выразна смуткуе з тае прычыны, што яго народ усё яшчэ не разумее, што дзяржаўны сувэрэнітэт і незалежнасьць зьяўляюцца найбольшай з магчымых радасьцяў, найбольшым шчасьцем і найбольшай каштоўнасьцю.

Уся паэзія Рыгора Барадуліна зьяўляецца праявай веры ў тое, што чалавек, які згубіў родную мову, становіцца нямы, што чалавек, які чужое кахае болей, чым сваё роднае, пераўтвараецца ў камічную істоту, якая заслугоўвае не пашаны, але пагарды. Гэтыя горкія ісьціны леглі ў аснову сьпелай паэзіі Рыгора Барадуліна, які ўсё больш упэўнена замацоўваецца на верхавіне беларускага паэтычнага Алімпу.

Алесь Барскі