• Мова ў рэлігійным жыцьці - 5
  • 02.03.2005

Беларускія эміграцыйныя публіцысты зьвяртаюць увагу на сытуацыю беларускае мовы ў Цэрквах розных канфэсіяў як у эміграцыі, гэтак і ў самой Беларусі. Мы сёньня засяродзім увагу на сытуацыі ў праваслаўных сьвятынях Польшчы.

У Польшчы Праваслаўная Царква мае аўтакефалію. Тэарэтычна можа яна самастойна пастанаўляць пра ўсе свае справы. Здавалася б, што ў такой сытуацыі на тэрыторыі Беласточчыны, дзе бальшыня праваслаўных вернікаў гэта беларусы, не павінна быць праблемаў з увядзеньнем беларускае мовы ў багаслужбу. Андрэй Галішэўскі піша:

„Раней Праваслаўная Царква думала аб тым, каб у Польшчы Беларусы маглі пачуць казаньне пабеларуску ды пагутарыць із сваім сьвятаром таксама гэтай-жа мовай (але замяніць тэкст царкоўнаславянскі на беларускі ня было спробаў у Польшчы). У Духоўнай Сэмінарыі ў Варшаве выкладалася беларуская мова й некаторыя прадметы на ёй. Ясна, што гэтага дамагліся самыя Беларусы, а галоўна сама Царква. Але з часам у моц розных акалічнасьцяў (пра якія трэба гаварыць асобна) уладыкі зьмянілі сваю пазыцыю. Вось гэтага голасу на карысьць беларускае мовы й ня чуваць цяпер з боку кіраўніцтва Царквы.” (Андрэй Галішэўскі, Беларусы, Праваслаўная Царква і беларуская мова ў Польшчы, у: „Беларус”, № 317, Нью-Ёрк, сакавік 1984, с. 2).

Беларусы ў Польшчы патрабавалі таксама ўвесьці беларускую мову ў багаслужбу. Ад імя І Зьезду Беларускіх Студэнтаў у Польшчы быў высланы Праваслаўнаму Мітрапаліту Варшаўскаму і Ўсяе Польшчы ліст з просьбаю-заклікам, каб Праваслаўная Царква выступала „зь ініцыятывай дзейнасьці на беларускай ніве і стварала карысныя ўмовы дзеля захаваньня і разьвіцьця нацыянальнай сьвядомасьці.” ( Беларускую мову ў Царкву, у: „Беларус”, № 340, Нью-Ёрк, кастрычнік 1987, с. 4).

У лісьце да Мітрапаліта сказана:

„Прапануем паступова і неадкладна ўключыць беларускую мову ў багаслужбы, выдавецкую дзейнасьць ды весьці на ёй працу зь дзецьмі і моладзьдзю.” (Тамсама).

Беларусы ў ЗША выказваюць спадзяваньне, што прыйдзе такі час, калі сьвятары Беласточчыны загавораць да сваіх вернікаў па-беларуску.

А. Галішэўскі адзначае, што нацыянальная сьвядомасьць сьвятароў Беласточчыны слабая. Многія зь іх дрэнна паслугоўваюцца беларускай мовай, а шмат хто ўвогуле яе не ўжывае. Прычына ў тым, што не давялося ім вывучаць беларускае мовы. Апрача гэтага яны ня бачаць патрэбы рабіць намаганьні ў гэтым накірунку, паколькі бальшыня жыхароў Беласточчыны гаворыць сваім дыялектам. У казанях культывуецца старая традыцыя, якая засталася ў спадчыну з царскіх яшчэ часоў – па-расейску. Гэтай мовай праваслаўным сьвятарам у Польшчы лягчэй карыстацца, паколькі навучаньне ў Духоўнай Сэмінарыі вядзецца менавіта на расейскай мове, а не на беларускай.

Нью-ёрская газэта „Беларус” заўважае, што праваслаўныя сьвятары Беласточчыны ўсё часьцей пачынаюць у казанях карыстацца польскай мовай, асабліва ў гарадох. Такім чынам Праваслаўная Царква йдзе ўсьлед за Каталіцкім Касьцёлам і пачынае спрыяць хутчэйшай асыміляцыі беларускага насельніцтва ў Польшчы. Беларусы-каталікі ўжо поўнасьцю спалянізаваліся, паколькі ў народзе назіраецца частае атаесамліваньне веравызнаньня з нацыянальнасьцю – каталіцызм успрымаецца як польская рэлігія, і таму польская мова спрыяе палянізацыйнаму працэсу (Праваслаўная Царква ў Беластоцкім Краі і беларуская мова ў ёй, у: „Беларус”, № 314, Нью-Ёрк, лістапад – сьнежань 1983, с. 2; № 315, студзень 1984, с. 2; № 316, люты 1984, с. 2; № 317, сакавік 1984, с. 2; № 318, красавік 1984, с. 2).

„Без беларускай мовы, мовы тубыльцаў, лёс праваслаўнае царквы ў Беластоцкім краі перастане кагокольвек неспакоіць у пакаленьні нашых праўнукаў, якія, праўда, яшчэ народзяцца, але іхнымі бацькамі будуць нашы, апалячаныя да шпіку касьцей, унукі, да якіх мы ўжо і не дапусьцім «рускага»!”( Тамсама, № 317).

Газэта „Беларус”, паведамляючы пра выхад Календара Варшаўскае Праваслаўнае Мітраполіі на 1983 год, сьцьвярджае адсутнасьць у ім беларускае мовы.

„Асноўная мова календара, выдадзенага для Беларусаў і Ўкраінцаў, як гэта ні парадаксальна, – расейская. Частка матар’ялу – каляндар галоўных сьвятаў, склад сынадальнае й парахвіяльнае адміністрацыі (з адрасамі й нумарамі тэлефонаў) – пададзена папольску; папольску зьмешчаная й частка хронікі – прыкладам, артыкул пра 10-годзьдзе царкоўнага хору ў Варшаве (у артыкуле, між іншага, згадваюцца прозьвішчы Куліковіча й Равенскага, як кампазытараў, што пісалі царкоўную музыку). Паўкраінску пададзеныя толькі сьвятцы, сьледам за расейскімі. Беларуская мова у календары поўнасьцяй зігнараваная.” (Каляндар Варшаўскае Праваслаўнае Мітраполіі, у: „Беларус”, № 313, Нью-Ёрк, кастрычнік 1983, с. 6).

Ніна Баршчэўская