• А.Сержпутоўскі – дасьледнік народнай творчасьці
  • 05.03.2005

Аляксандар Сержпутоўскі зьяўляецца адным з найбольш выдатных зьбіральнікаў і дасьледнікаў беларускай народнай творчасьці, беларускай звычаёвасьці й беларускай абраднасьці. Сёньня мінае 65 гадоў з дня яго сьмерці. Круглыя ўгодкі матывуюць да таго, каб прыгадаць постаць гэтага вялікага энтузіяста беларускай нацыянальнай духовасьці.

А.Сержпутоўскі нарадзіўся 21 чэрвеня 1864 г. у вёсцы Бялявічы Слуцкага павету ў шляхэцкай сям’і. Пасьля атрыманьня пачатковай і сярэдняй адукацыі вучыўся ён у Нясьвіскай Настаўніцкай Сэмінарыі. Ужо ў той час шчыра й шырока цікавіўся беларускім фальклёрам, у якім бачыў найпрыгажэйшыя праявы нацыянальнай спэцыфікі й нацыянальнай духовасьці. Нягледзячы на пагардлівыя адносіны да народу з боку расейскага чыноўніцтва й мясцовага памешчыцтва, малады Сержпутоўскі, як у беларускай мове, так і ў беларускай народнай культуры бачыў доказы нацыянальнае самабытнасьці. Такія настроі завялі яго ў Пецярбурскі Архэалягічны Інстытут, які ён закончыў у 1904 годзе.

Падзеі, зьвязаныя зь першай расейсакй рэвалюцыяй, у часе якой узьнік беларускі нацыянальны рух, паўстала “Наша Ніва” ды іншыя беларускія выданьні, умацавалі ў ім веру ў сэнс вывучэньня беларускай культуры й беларускага фальклёру. Закончыўшы вышэйшую адукацыю, Сержпутоўскі вярнуўся ў Беларусь і на працягу некалькіх гадоў працаваў настаўнікам у Слуцкім і Мазырскім паветах, дзякуючы чаму заставаўся ў арганічнай еднасьці зь беларускім сялянствам, зь яго дзеяньнем ды імкненьнямі й марамі. Прыглядаючыся да розных праяваў беларускай народнай культуры, Сержпутоўскі грунтоўна вывучаў фальклёрныя зборнікі такіх дасьледнікаў, як: Дабравольскі, Раманаў і Шэйн, якія сабралі й выдалі дзесяткі тысяч беларускіх песьняў, легендаў, казак, паданьняў, прыказак і прымавак. Сержпутоўскі пераканаўся, што, нягледзячы на агромністую колькасьць сабраных і апублікааных беларускіх тэкстаў, многія народныя творы застаюцца някранутымі й вымагаюць запісаў, публікацыяў і грунтоўнага тэарэтычнага вывучэньня.

Зьвязаўшыся з Этнаграфічным Аддзелам Рускага Музэя ў Пецярбурзе й з Рускім Геаграфічным Таварыствам, Сержпутоўскі многа разоў прымаў непасрэдны ўдзел у навуковых экспэдыцыях, якія зьбіралі фальклёрныя матэрыялы й дасьледавалі матэрыяльную культуру, галоўным чынам на Меншчыне й на Палесьсі. Наступным этапам ягонай дзейнасьці сталіся публікацыі, прысьвечаныя такім галінам беларускай культуры, як: звычаі, абрады, вераваньні, псыхалягічныя й практычныя схільнасьці беларусаў, што ад вякоў пражывалі на Случчыне й Мазыршчыне. Прыкладам гэтакай публікацыі можа быць дасьледаваньне пад назовам „Беларусы – палешукі”. Апрача гэтага апублікаваў ён працы пад назовамі: „Земляробчыя прылады беларускага Палесься”, „Бортніцтва на Беларусі”, „Казкі й апавяданьні беларусаў – палешукоў”, „Казкі й апавяданьні беларусаў з Слуцкага павету”, „Прымхі й забабоны беларусаў – палешукоў”, „Беларускія песьні”, „Песьні Магілёўшчыны”.

Сержпутоўскі вывучаў таксама беларускую мову й яе дыялекты. Склаў м. ін. „Кароткі слоўнік беларускай дзіцячай мовы”. Перакладаў на беларускую мову творы Шаўчэнкі й іншых украінскіх пісьменьнікаў. Быў аўтарам шматлікіх публіцыстычных артыкулаў, у якіх займаўся рознымі аспэктамі беларускай духовай і матэрыяльнай культуры. Усе яго зборнікі ды ўсе тэарэтычныя працы сьведчаць пра тое, што Сержпутоўскі арганічна зьвязаўся зь беларускім народам і поўнасьцю атаесамліваўся зь ягонай духоўнасьцю.

Аляксандар Сержпутоўскі, несумненна, драматычна перажываў падзеі, зьвязаныя з сталінскім тэрорам, які скоўваў духовыя й матэрыяльныя сілы народу ў трагічных 30-х гадох. Несумненна, разгул сталіншчыны прычыніўся да скарачэньня жыцьця вучонага, які памёр 5 сакавіка 1940 году. Уся спадчына Аляксандра Сержпутоўскага – як апублікаваная, гэтак і тая, якая захавалася ў архівах – патрабуе грунтоўнага вывучэньня й шырокай папулярызацыі сярод розных слаёў беларускага грамадзтва, якое апынулася сёньня ў цяжкім нацыянальным крызысе.

Алесь Барскі